«Міхалок фсё», «Очень грустно смотреть...», «Як так можна?», «Михалок возродится», «Михалок глыба», «Жыве Міхалок!» ... Глядзець на рок-зорку, якая млява спявае «Родны край», а хутчэй узгадвае словы, сапраўды сумна. Тым больш, калі зорка на фанатаў ужо не глядзіць. Абыякава стаіць на сцэне спінай да залі.
Сяргей Міхалок. Фота: інстаграм гурта Brutto
Дзе тэрмінатар, які натхняў мільёны «Ваярамі святла» і пасылаў у інтэрв’ю прэзідэнтаў? Дзе той дзёрзкі вулічны баец, якога бачылі прыкладам, а ў качалцы рабілі «чацвёрты падыход за Гары»? Дзе хаця б той вясёлы шут з гармонікам і «Яблынямі», з якім кожны марыў выпіць спірту «Раяль» ці хаця б «Аліварыі»?.. Усё. Няма. Разышоўся як дым.
Працуе пахавальная каманда
Пахавальная каманда — блогеры ад культуры — ужо наваялі помнікі з доўгімі эпітафіямі. На вянках чытаем: «Алкаголь», «Сям’я», «Грошы», «Гвалт» ці «Міхалок так сабе чалавек». Удзячныя фанаты дакінулі кветак-каментароў: «Легенда», «25 гадоў слухаю», «Давайте помнить хорошее...» Ну і развітальны салют: «Жыве Беларусь! Жыве Міхалок!».
Вокладка выпуска, прысвечанага стану Сяргея Міхалка, на ютуб-канале «Міністэрства сепультуры»
Адзін з удзельнікаў пахавальнай каманды нават заўважыў: «Можна колькі заўгодна аддзяляць творчасць ад асобы творцы, але тут не атрымаецца». Але прыкол у тым, што не толькі творчасць — песні — даўно жывуць асобна ад творцы. І сцэнічныя вобразы, аватары, жывуць асобна ад Міхалка Сяргея Уладзіміравіча, 1972 года нараджэння. Даўным-даўно.
Ствараючы код нацыі
А памятаеце, як Міхалок некалі прамаўляў: «Нашы песні для вас, нашы песні ПРА вас»? Дык у гэтым і фішка. Міхалок счытваў публіку і выдаваў гэта кодам — песняй. А паколькі публікай была ўся Беларусь — то ствараў на каленцы код нацыі.
Так, так. Часам гэта было пра «шейку ногтиком» ды «Эге-гей». Часам — пра «Должен был умереть 20 лет назад» і «Зямлі! Волі!».
Гэта ўсё пра нас. Пра Беларусь. Пра тыя коды, лады жыцця і архетыпы, якія мы носім у сабе. Якія немагчыма знішчыць ці выцерці. Чарговы новы не адмяняе папярэдні: яны наслойваюцца. Вясёлы алкаш, спартовец, змагар, наркот, беларускамоўны і расійскамоўны, праўладны і апазіцыйны, анархіст і капіталіст, добры сябар і кідала, бацька і бл*дун — а што тут чужое? Што тут не пра нас?..
А хто пад сцэнай?
Ёсць два фарматы «народнасці» творцы. Адзін, гэта калі ты нацыю ствараеш, пішаш: як Купала і Караткевіч. Другі — гэта калі ты яе счытваеш, як этнограф, і запісваеш як мага бліжэй да тэксту. Міхалок, што цікава, пабываў у абедзвюх ролях. Ну і, безумоўна, «народнасць» тут вымяраецца не граматамі, а здольнасцю творцы пражыць разам з народам ягонае жыццё напоўніцу.
Кім Міхалок ніколі не быў (а пабываў ён шмат кім), дык гэта забранзавелым ідалам. З ідалам не хочацца бухнуць, схадзіць разам у качалку, пасядзець каля вогнішча. Ідалам патрэбныя граматы «народных» як доказ легітымнасці. А тут каму і што трэба даказваць? Калі і эмігрант, і ябацька ведаюць, як малітву: «Ты ромашка — я весна, Ты жевачка — я десна...»
Вокладка альбома «Юность», выпушчанага ў 2001 годзе
Канешне, калі ты нон-стоп гадамі варышся ў гэтай наасферы, счытваеш эмоцыі мільёнаў, рана ці позна пацягне на ваніты. Ці захочацца наўпрост заснуць і не прачнуцца (напрыклад — на сцэне падчас канцэрту). І табе ўжо глыбока пофігу, што пра цябе думаюць і пішуць. Бо ты не запамінаеш імёнаў тых, хто піша. Яны цябе ведаюць, а ты іх — не.
Міхалка называлі і героем, і блазнам, але хутчэй гэта гісторыя пра люстэрка. Паглядзі і паслухай — убачыш сябе. Таму і балюча. І калі па сцэне блукае жывы труп з лішняй вагой, то хто ўласна пад сцэнай?..
А можа, гэта чарговы прыкол, і на адным з канцэртаў Сяргей Уладзіміравіч скажа: «Стоп-стоп. Ціха. Чаму вы гэта ўсё слухаеце? Чаму купілі квіток? Гэта ж поўнае лайно. Кім вы сталі?! А зараз — будзе сапраўдны дзвіж!»
Здароўя і поспехаў Народнаму.
Жыве Міхалок!
Алесь Кіркевіч, Budzma.org