18 студзеня ў Віцебску адбудзецца крэатон для старшакласнікаў, тэмай якога стане распрацоўка культурніцкіх праектаў.
Школьнікам пакажуць некалькі ролікаў TED для далейшага абмеркавання ў невялікіх групах пад кіраўніцтвам ментараў, кожны з якіх дапаможа камандам прэзентаваць перад аўдыторыяй ідэі па тэмах паказаных відэавыступленняў.
Старшакласнікам прапануюць пагутарыць пра музеі і брэнд Віцебска як культурнай сталіцы. Па выніках абмеркавання журы з ліку мясцовых экспертаў па вызначаных тэмах, прадстаўнікоў кампаніі А1 і мясцовай супольнасці TEDx абярэ лепшыя выступленні, ідэі і ўзнагародзіць іх аўтараў.
Да ўдзелу запрашаюцца вучні 9-х, 10-х і 11-х класаў з усёй краіны, якім цікава патрэніравацца генерыраваць ідэі, а таксама прадстаўляць іх на публіцы і атрымаць парады ды каментары ад экспертаў. Удзел у крэатоне – бясплатны па папярэдняй рэгістрацыі.
Паглыбіцца ў тэму культуры і натхніцца на працу дапаможа і другі эпізод падкаста для падлеткаў «Першыя» з акцёрам і рэжысёрам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Раманам Падалякам.
Крэатон праводзіцца ў рамках сацыяльна-адукацыйнага праекта «Першыя» – рэспубліканскага конкурсу ідэй для старшакласнікаў краіны, які рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Збор заявак яшчэ працягваецца.
Дзе: Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва (вул. Белабародава, 5)
Калі: 18 студзеня 2020 г. з 12:00 да 16:00
14+