Дзень памінання памерлых, што звязаны са старажытным культам продкаў, у нас даволі добра захаваўся. Гэтая традыцыя з’яўляецца непарушнай на нашай зямлі цэлымі стагоддзямі. Называецца гэты дзень па-рознаму — Радаўніца, Ра́даніца, Ра́дуніца, Радаўніцкія Дзяды або нават «Вялікдзень мёртвых», што прыпадае на 10-ты дзень пасля Вялікадня. Адкуль паходзіць назва, як памінаюць продкаў і што азначае традыцыя, распавядаем у артыкуле.
Паводле розных падлікаў, памянуць сваіх продкаў штогод на могілках у Беларусі збіраецца не менш за паўтара мільёна нашых суайчыннікаў. Афіцыйна дзень памінання памерлых продкаў уключаны ў каляндар дзяржаўных святаў і заўсёды прыпадае на аўторак, таму гэта выхадны. Цікава, што ў суседніх Расіі з Украінай такога дня няма і так шырока традыцыя памінання памерлых у гэтых краінах не адзначаецца.
Сутнасць памінальнага дня, паходжанне назвы
Радаўніца збольшага захавалася ў праваслаўных хрысціян. Гэтая традыцыя жывая практычна ў кожным рэгіёне краіны.
Радаўніца мае паганскія карані, традыцыя яе святкавання захавалася і пасля хрысціянізацыі нашых земляў. На сённяшні дзень няма агульнага тлумачэння, адкуль узялося слова Радаўніца. Найменне традыцыі памінання памерлых можа тлумачыцца ад слоў «радавацца», «радзіць» ці нават «род», і да кожнага можна падабраць сваё абгрунтаванне. Напрыклад, назву Радаўніца можна патлумачыць тым, што людзі з надыходам вясны і абуджэннем прыроды ідуць да продкаў радзіцца, то-бок атрымоўваць параду. Ёсць меркаванні, што Радаўніца можа тлумачыцца і ад балцкага «raudoti» («галасіць»). У абарону гэтай версіі варта адзначыць, што на Беларусі да сённяшняга дня дзе-нідзе захаваліся ўнікальная традыцыя галашэнняў, г. зн. плача па памерлым, які можа быць выключна імправізацыйным і досыць эмацыйным.
Увесь род сабраўся на магілцы свайго памерлага продка. Крыніца: bel.sputnik.by
Зараз праваслаўная царква скіроўвае вернікаў на тое, што Радаўніца — светлы дзень памінання памерлых, падчас якога варта памаліцца за іх у храме і наведаць магілы родных. Тым не менш вера людзей у тое, што памерлыя родзічы дапамагаюць жывым, калі іх задобрыць і не забываць, захавалася (і замацавалася) у ментальнасці цэлых пакаленняў беларусаў дастаткова моцна. У першую чаргу Радаўніца — гэта свята ўз’яднання жывых і памерлых. Да таго ж, на яго звычайна збіраецца ўся сям’я. Так што гэта яшчэ і добрая нагода сустрэцца са сваімі сваякамі.
Як памінаюць продкаў і што азначае традыцыя
Звычайна да Радаўніцы рыхтуюцца загадзя, прыбіраючы і парадкуючы магілы сваіх блізкіх і далёкіх сваякоў. Загадзя ці на дзень памінання на могілкі прыносяць кветкі (вельмі часта штучныя, хоць гэта вельмі не экалагічна), што з’яўляецца выключна сучасная традыцыяй. Раней у дзень Радаўніцы або незадоўга да яе змянялі хвартушкі ці стужкі на крыжах. Прычым калі гэта мужчынскае пахаванне, то вешалі рушнічок, калі жаночае — хвартушок або нават стужачку. У некаторых рэгіёнах Беларусі на агароджах навязваюць стужкі або вешаюць цюлевыя імітаваныя хвартушкі для нябожчыка незалежна ад полу.
Прыбраныя магілкі напярэдадні Радаўніцы ў вёсцы Церахоўка Слаўгарадскага раёна. Фота аўтара
Пачынаецца дзень памінання памерлых з таго, што людзі ідуць памінаць блізкіх у царкву, а потым на могілкі. Там пачынаюць памінальную трапезу, якая лічыцца дастаткова важнай часткай традыцыі. У многіх рэгіёнах Беларусі прынята ладзіць цэлыя застоллі ля магіл родзічаў. Ва ўсходняй частцы краіны фіксуецца традыцыя засцілаць на Радаўніцу могілкі абрусамі (часта менавіта белага колеру), што напаўняе памінанне продкаў міфалагічным падтэкстам.
Могілкі засцеленыя белым абрусам на Радаўніцу. Крыніца: pk-gazeta.by
На гэты абрус выкладаюць ежу, на магілку капаюць крыху гарэлкі, калі памерлы сваяк выпіваў у жыцці. Часта на магілку кладуць яшчэ печыва, цукеркі ў цотнай колькасці. Дагэтуль захаваўся цэлы комплекс разнастайных рытуальных момантаў. Такіх як пакідання яйка, цукерак, печыва, праліванне гарэлкі на магілку. Ежа кладзецца на магілку ці на маленькі сподачак, які абавязкова мыецца, калі раптам забрудзіўся. Пэўна, калі параўнаць зробленыя фотаздымкі Радаўніцы ў пачатку XX стагоддзя і цяпер, то не так шмат чаго змянілася. І да сёння дзясяткі тысяч людзей рассцілаюць «скацерку» на самой магіле і пачынаюць абедаць. Не ўсюды засталася, але мусіць не знікла традыцыя качання яйка па магілцы крыж-накрыж.
Яйкі, кветкі, цукеркі і печыва — абавязковы «пачастунак», які кладуць на магілу памерлага сваяка. Крыніца: baocinfo.blogspot.com
Такім чынам, магіла выступае як стол, які яднае вакол сябе сям’ю. Сумеснае сталаванне жывых і памерлых — водгулле паганскай трызны. І кропля гарэлкі, і кавалак пірага — гэта матэрыяльнае ўвасабленне вельмі даўняй ідэі патрэбы духоўнага кантакту. Ежа тут як матэрыяльны знак яднання.
Важнасць і актуальнасць традыцыі
Вельмі часта менавіта падчас Радаўніцы на могілкі з’язджаюцца родзічы, раскіданыя па свеце. Іншых такіх святаў, каб збіраліся ўсе разам, проста няма. Таму, мабыць, Радаўніца застаецца невыкараняльнай традыцыяй.
Радаўніца ў вёсцы Коркаць Магілёўскага раёна, 1960-я гг. Крыніца: beloveshkin.com
Некаторыя людзі, ніяк не звязаныя са сваімі продкамі далей за бабулю ці дзядулю, бачаць у Радаўніцы толькі звычай «паесці на могілках». Насамрэч у гэты дзень, як і сто, а можа і тысячы гадоў таму, людзі едуць за сотні ці нават тысячы кіламетраў, каб у гэты дзень быць адным цэлым з усімі пакаленнямі сваіх продкаў, якраз праз сумесную трапезу. І не проста выпіць і закусіць, але і пачаставаць усіх сваіх дзядоў і бабуль, узгадаць іх добрым словам, папрасіць прабачэння, калі што не так.
Памінаннне продкаў у Дзям’янках Добрушскага раёна, канец 2000-х гг. Крыніца: svaboda.org
Натуральна, што памінанне памерлых у велікодным комплексе вядомае ва ўсіх суседзяў. Але ў такім багацці, у такой разнастайнасці мясцовых увасабленняў, у тым, што захоўваюцца архаічныя карані, беларусы вылучаюцца сярод іншых. Наогул, Радаўніца — гэта адно з увасабленняў культу продкаў, актыўнага і актуальнага да нашых дзён.
Разбуральны ўплыў на традыцыю аказвае праваслаўная царква, бо менавіта царкоўнікі забараняюць сталавацца на магілках, пакідаць велікоднае яйка «для спачылых» і наогул адзначаць гэты дзень любой нецаркоўнай традыцыяй. «Гэта ж не праваслаўнае», — кажуць некаторыя... Тым не менш ёсць вялікі спадзеў, што Радаўніца як архаічная і ўнікальная традыцыя будзе доўга жыць, а павага да продкаў будзе яшчэ стагоддзямі прысутнічаць у ментальнасці беларусаў.
Радаўніца на старых могілках у Цераблічах Столінскага раёна ў прысутнасці бацюшкі, 2013 год. Крыніца: radzimaphoto.com
Повязь часоў. Сямейная гісторыя
Практычна штогод па прыездзе на малую радзіму (у Крычаў) дапамагаў бацькам упарадкаваць магілкі памерлых дзядоў. А важнай часткай рытуалу прыбірання магілак з’яўляецца насыпанне на іх свежага пяску. Аднаго разу разам з бацькам узялі рыдлёўку і вядро, спусціліся на ўзбярэжжа Сажа, каля якога знаходзяцца старыя могілкі Крычава, бацька пачаў накапваць пясок, а я насіць. І менавіта ў гэты момант прыйшло разуменне гэтага звычаю.
— Падсыпаем пясок на могілкі так, як раней падсыпалі і на курганы — кажу бацьку тое, што раптам для сябе заўважыў.
—Ну так, магілка нагадвае паменшаны ў памеры курган — адзываецца бацька, гісторык па адукацыі.
Грудок магілы — трансфармаваная форма кургана. Вёска Вірычаў Рагачоўскага раёна. Крыніца: zihuatanexo.livejournal.com.
Многім вядома, што грудок магілы аддалена нагадвае курганны насып. Беларускія этнографы на ўсходзе Магілёўскага Падняпроўя зафіксавалі цэлы шэраг магіл з абрубамі (абкладкамі магіл). Канструкцыя часта жалезная, з выкарыстаннем сучаснага матэрыялу кшталту шыферу, таксама абрубы могуць быць абкладзеныя белай цэглай. Прамавугольная форма магілы выглядае як стол, прычым нават калі няма абрубаў, то грудок магілы ўсё роўна часам робіцца прамавугольным, пэўна, нездарма. Выкарыстанне ў якасці стала магілы не знікае, нават калі ставіцца мармуровы помнік. Прычым абрубы выконваюць акрамя рытуальнай функцыі яшчэ і ўтылітарную — абараняюць грудок магілы ад абрушэння. Але яшчэ большую цікавасць у мяне выклікала менавіта падсыпанне пяску на магілку, што існавала тысячагоддзе таму. Калі зрабіў чарговы заход і ўжо які раз прынёс пясок у вядры да могілак блізкіх родных, то спытаўся ў маці:
— Толькі жоўтым пяском трэба падсыпаць ці можна цёмным, ці яшчэ якім?
— Не, толькі жоўтым, канешне! — адказвае безапеляцыйна маці.
Жоўты пясочак на магіле. Крыніца: pqd.ru
І ў гэты момант зноўку ўзнікае аналогія з курганнымі пахаваннямі, значная частка якіх таксама складаецца са светла-жоўтага ці цёмна-жоўтага пяску (ад верху і амаль аж да самага пахавання). Повязь часу і традыцый яшчэ існуе. А пакуль жывая памяць пра продкаў, што адышлі ў лепшы свет, пакуль не парушаюцца сямейныя сувязі і жывыя ўшаноўваюць памяць дзядоў на могілках, будзе жыць непаўторная Беларусь.
Хведар Прылёпаўскі, Budzma.org
Чытайце яшчэ: Ці вітае царква пластыкавыя кветкі і вянкі, наколькі такія ўпрыгожанні традыцыйныя? Расказваюць экаактывісты