На Падляшшы 11-12 траўня прайшлі сустрэчы ў традыцыі «Там по маёвуй росі». Гурты «Жэмэрва» і «Осочнікі» са Студзіводаў (прадмесце Бельска Падляшскага) і «Касары» з Варшавы ў ролі валачобнікаў павіншавалі з Вялікаднем жыхароў вёсак Сычы і Рагачы.
Удзельнікі сустрэч у традыцыі «Там по маёвуй росі» ў падляскай вёсцы Сычы. 11 траўня 2024 г.
Падляшша — рэгіён ва Усходняй Польшчы, дзе жывуць і этнічныя беларусы, у некаторых мясцовасцях складаючы значную частку насельніцтва. Музей малой айчыны ў Студзіводах (прадмесце Бельска Падляшскага) — адзін з галоўных асяродкаў беларускага жыцця ў рэгіёне. Яго кіраўнік, Дарафей Фіёнік, збірае фальклор у падляшскіх вёсках і потым «вяртае» песні і танцы ў мясціны іх натуральнага бытавання ў выкананні гуртоў «Жэмэрва» і «Осочнікі». Дарафей падкрэслівае, што ён у першую чаргу праваслаўны, потым жыхар Падляшша, а потым беларус, тлумачачы такім чынам іерархію сваіх светапоглядных каштоўнасцей.
Кіраўнік Музея малой айчыны ў Студзіводах Дарафей Фіёнік (справа)
Музей ладзіць фальклорныя імпрэзы ў Студзіводах ды іншых падляскіх вёсках, якія называе «сустрэчы ў традыцыі», падкрэсліваючы менавіта «ў», а не «з» традыцыяй. Адна з такіх штогадовых падзей — «Там по маёвуй росі», якая звычайна прымяркоўваецца да Дня святога Юр’я (6 траўня).
Удзельнікі сустрэч у традыцыі «Там по маёвуй росі» ў падляскай вёсцы Сычы перад абыходам поля. 11 траўня 2024 г.
На Юр’я ў падляшскіх беларусаў прынята абыходзіць поле з азімымі пасевамі жыта. Падчас абыходу гаспадар трымае каравай, які потым ставіць на зямлю, спраўджваючы, ці высокае вырасла збожжа. Калі расліны вышэйшыя за каравай, гэта прадказвае добры ўраджай. Такі звычай вядомы і ў Беларусі.
Юр’еўскі каравай у жыце
Асаблівасць абыходу нівы на Юр’я ў ваколіцах Бельска Падляшскага — катанне каравая па жыце, качанне гаспадара і сямейнікаў, што ўдзельнічалі з ім у абрадзе, па збожжы, закопванне ў рагох поля шкарлупіння ад велікодных яек. Усё гэта павінна забяспечыць добры ўраджай.
Качанне па жыце
Сёлета Дзень святога Юр’я супаў з велікодным панядзелкам. На 12 траўня прыпала Праводная нядзеля (наступная пасля Вялікадня). Увесь тыдзень лічыцца святочным. Таму сустрэчы ў традыцыі «Там по маёвуй росі» сёлета ўлучалі і велікодны абыход двароў — валачобніцтва.
Гаспадары прымаюць валачобнікаў падчас сустрэч у традыцыі «Там по маёвуй росі» на хутары ля падляскай вёскі Рагачы. 12 траўня 2024 г.
Сустрэчы прайшлі ўжо 21-шы раз. Звычайна на іх запрашалі і фальклорныя гурты з Беларусі, што спрыяла наладжванню сувязяў між беларусамі ўнутры краіны і за мяжой. У апошнія гады арганізаваць прыезд беларусаў у Польшчу ўсё цяжэй.
Гурт «Касары» з Варшавы спявае для жыхароў падляскай вёскі Сычы падчас сустрэч у традыцыі «Там по маёвуй росі» 11 траўня 2024 г.
Да сустрэч у традыцыі далучыўся гурт мужчынскіх спеваў «Касары», які ўтварыўся летась увосень у Варшаве (тут можна пачытаць інтэрв’ю з яго кіраўніком Сержуком Доўгушавым). Хлопцы выконваюць пераважна палескія песні. Заходнепалескія гаворкі блізкія да тых, якія выкарыстоўваюць беларусы ў ваколіцах Бельска Падляшскага. Акрамя валачобніцтва «Касары» выступілі для жыхароў вёсак Сычы і Рагачы з творамі свайго сталага рэпертуару.
Удзельнікі гуртоў «Жэмэрва», «Осочнікі», «Касары» і варшаўскай Школы валачобнікаў выступаюць на перавазной сцэне ў падляскай вёсцы Рагачы падчас сустрэч у традыцыі «Там по маёвуй росі» 12 траўня 2024 г.
Сяржук Доўгушаў сёлета арганізаваў у Варшаве Школу валачобнікаў, да якой мог далучыцца кожны ахвочы і заспяваць разам з «Касарамі». Некаторыя вучні таксама наведалі спатканні «Там по маёвуй росі».
Валачобнікі на фоне царквы ў падляскай вёсцы Рагачы падчас сустрэч у традыцыі «Там по маёвуй росі» 12 траўня 2024 г.
Даследчыкі лічаць, што валачобніцтва характэрнае для ўсёй этнічнай тэрыторыі Беларусі, акрамя Палесся. Але на Падляшшы, паўднёвая частка якога ў этнаграфічным плане складае працяг Заходняга Палесся, сустракаюцца велікодныя абыходы. Гэта пытанне патрабуе далейшых даследаванняў.
Шэсце на поле ў падляскай вёсцы Сычы падчас сустрэч у традыцыі «Там по маёвуй росі» 11 траўня 2024 г. Удзельнікі трымаюць ёмістасць з вадой і каласкамі для асвячэння поля, абраз святога Юр’я і каравай
Шэсце на поле ў падляскай вёсцы Сычы падчас сустрэч у традыцыі «Там по маёвуй росі» 11 траўня 2024 г.
Фота аўтаркі
Алена Ляшкевіч, budzma.org