Чым выклікае незадаволенасць у расійскага чалавека «загніваюшчы Захад»? Як звязаныя «Эўравізія», дзірка ў падлозе і магчымасць выбіраць «паміж разнастайнай колеравай гамай і стабільным чырвона-зялёным спалучэньнем»? Піша Лявон Вольскі ў рубрыцы «Мама, не журыся!» на Budzma.org.
Лявон Вольскі. Фота з асабістага архіва
Працэс на доўгія гады
Захад загнівае. Працэс гэты, як ні дзіўна, расьцягнуўся на доўгія гады й дзесяцігоддзі. Як пачаў загніваць за савецкім часам, так і працягвае цяпер. Яшчэ тады, у далёкія 50-я мінулага стагоддзя, прапаганда крычэла: «Захад загнівае, нізкі маральны ўзровень, сацыяльная няроўнасьць, паўсюль парнаграфія і неразборлівасьць у сувязях!». Вось яно й працягваецца дагэтуль. Толькі яшчэ дадаліся іншыя вычварэнствы, напрыклад, прапаганда аднаполых стасункаў і (страшна сказаць!) агульныя прыбіральні для дзяўчатаў і хлопцаў.
Ваююць за дзірку ў падлозе
Крыніца: pikabu.ru
Ня ведаю, як для беларуса, а для расейскага чалавека гэтыя дзікія прыбіральні — проста як чырвоная ануча для быка. Нават іхны вярхоўны галоўнакамандуючы зьвярнуў на гэтыя прыбіральні ўвагу, маўляў, дзікасьць якая, сорам які! Вось і ваююць, кладуць жыцьці дзясяткамі, сотнямі тысячаў за тое, каб не было гэтых агульных. А каб былі строга разьмежаваныя — з надпісамі «Мэ» і «Жо», як той казаў. Альбо, калі агульная, дык аднамяйсцовая драўляная. Клясычная такая — тыпу «нужнік» — зь дзіркай у падлозе. Такімі выгодамі большая частка вялікае Расеі дагэтуль і карыстаецца. Даўно ўжо. Нават даўней, чымсьці Захад пачаў загніваць. Хаця — хто ведае? — можа, пра гэтае заходняе загніваньне яшчэ за Іванам Жахлівым, Царом-сабакам, казала маскоўская прапаганда? Маўляў, яны там усе разбэсьціліся, а мы — на варце сапраўдных маральных і рэлігійных каштоўнасьцяў. Баронім іх. На тым стаіць і стаяць будзе зямля руская... Не, рускай тады шчэ не было! Значыцца, зямля маскоўская на тым стаіць і стаяць будзе. На гэтай драўлянай, зь дзіркай у падлозе.
«Эўравізія» і вайна за неакрэплыя розумы маладых славянскіх людзей
Спевакі Нэма, Швейцарыя, 1-е месца. Фота: Leonhard Foeger/Reuters
А тым часам, пакуль Расея вядзе вайну за прыбіральні, прагнілы Захад (не, усё яшчэ да канца не прагнілы, але які пэрманэнтна знаходзіцца ў працэсе загніваньня), дык вось гэты Захад вядзе ідэалягічную вайну за неакрэплыя розумы маладых славянскіх людзей. То рок-гуртом якім модным прыманіць, то фільмам якім дэструкцыйным. Ці вунь — «Эўравізіяй» гэтай. Дзе — сорамна сказаць! — хлопцы сьпяваюць і скачуць па сцэне ў дзявочых убраньнях. Часьцяком ужо і не разабраць — дзе дзеўка, дзе хлопец!
Расейцы масава абураюцца: такой дэмакратыі вы хочаце?
Хаця, здавалася б, чаго там абурацца? Хто толькі на гэтай «Эўравізіі» не выступаў — і монстры раўлі з гітарамі, і жанчына з барадою скакала, і мужчына ў жаночым абліччы і з жаночым імем Верка Сярдзючка сьпяваў сваю песеньку — усяго там хапала! Гэта, так бы мовіць, у традыцыях эўравізійнага конкурсу.
А ў гэты самы дзень ішла трансьляцыя са сьвяткаваньня перамогі ў Мінску, і там усё было абсалютна іншае! Іншая традыцыя. Ваенныя песьні, пастаўленыя стандартныя пераканаўчыя галасы, вайсковы хор, мундзіры, пагоны, аксэльбанты, шаўроны, кукарды, строгія цёмныя гарнітуры, доўгія непразрыстыя сукні, сур’ёзныя насупленыя твары.
Яны ня хочуць, каб выбіралі
Крыніца: dzen.ru
Можна выбраць. Паміж разьняволенымі танцавальнымі рытмамі і суворымі тактамі маршу. Паміж распусным адкрытым адзеньнем і вайсковай формай. Паміж разнастайнай колеравай гамай і стабільным чырвона-зялёным спалучэньнем. Паміж выканаўцамі з рознымі вакальнымі тэмбрамі й вакалістамі, якія ўсе сьпяваюць адным афіцыйным голасам. Каму што падабаецца.
Але ЯНЫ так ня хочуць.
Яны ня хочуць, каб выбіралі. Яны гатовыя ваяваць за адсутнасьць выбару.
За тое, каб вы глядзелі толькі афіцыйныя каналы, па якіх будзе трансьлявацца адно і тое ж. За тое, каб вы мелі магчымасьць набыць адзін з трох аўтамабіляў айчыннай зборкі (адстаяўшы па яго немалую чаргу). За тое, каб вы сядзелі на палітінфармацыях, а вашыя дзеці — стаялі на «лінейках». За конкурсы патрыятычнай песьні (вось там усё будзе так, як належыць — і галасы, і страі). За «Дошкі гонару». За тое, каб вы вымушана выпісвалі дзяржаўную газэту, таму што «так трэба» і таму што «ўсе выпісваюць». За тое, каб вам загадалі — і вы пайшлі на вайну. Забіваць. Ворагаў. За «нашыя» славянскія (рускія) скрэпы, за «нашыя» ідэалы, за «нашыя» традыцыі.
За драўляную прыбіральню тыпу «нужнік». Зь дзіркай у падлозе.
Лявон Вольскі, Budzma.org