З 26 па 28 чэрвеня ў Нясвіжы ў шосты раз пройдзе штогадовы фестываль “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”.
У велічным замку беларускіх магнатаў, дзе ў XVIII стагоддзі зарадзіўся айчынны прафесійны тэатр, калектыў Вялікага тэатра Беларусі прадастаўляе разнастайныя канцэртныя праграмы і творчыя вечары артыстаў, оперныя і балетныя спектаклі, у тым ліку прэм’ерныя.
Адкрыецца фестываль 26 чэрвеня (пачатак у 16.00, уваход вольны) “Канцэртам харавой музыкі” пад кіраўніцтвам галоўнага хормайстра тэатра народнай артысткі Беларусі Ніны Ламановіч. Вечар 26 чэрвеня (пачатак у 21.30) будзе прысвечаны балетнаму мастацтву. На галоўнай фестывальнай сцэне будуць прадстаўлены спектаклі “Жар-птушка” І.Стравінскага і “Шехеразада” М.Рымскага-Корсакава са спадчыны легендарных “Рускіх сезонаў” Сяргея Дзягілева (дырыжор – заслужаны артыст Украіны Віктар Пласкіна).
Яшчэ адной добрай традыцыяй фестывалю ў Нясвіжы сталі выступленні салістаў оперы ў суправаджэнні струннага квінтэта “Серэнада”. Новую праграму “Любви негромкие слова” можна будзе пачуць 27 чэрвеня (пачатак у 15.00). Увечары 27 чэрвеня (пачатак у 21.30) на вялікую сцэну ва ўнутраным двары замка выйдуць героі оперы “Паяцы”.
28 чэрвеня (пачатак у 15.00) у тэатральнай зале замка Радзівілаў упершыню ў Нясвіжы будуць паказаныя дзве прэм’ерныя пастаноўкі тэатра, якія ўбачылі святло рампы ў цяперашнім тэатральным сезоне: “Служанка-пані” і “Капельмайстар” віртуозаў італьянскай камічнай оперы XVIII стагоддзя Джавані Пергалезі і Даменіка Чымарозы.
Яркім завяршэннем трохдзённага музычнага свята ў замку Радзівілаў стане грандыёзны канцэрт “Вялікай Перамозе прысвячаем”. Лепшыя і любімыя песні ваенных і пасляваенных гадоў выканаюць зоркі Вялікага тэатра.
Месца: Нясвіж, замак Радзівілаў
Час: пачатак у 12.00
Кошт: 85-350 тыс. бел. руб.