Пасля Другой сусветнай вайны ў Нью-Ёрку выходзіў беларускі часопіс «Веда». Мы яго пагарталі і знайшлі некалькі цікавостак, пра якія распавядзем у гэтым артыкуле. Вы даведаецеся, у якія краіны эмігравалі беларусы ў той час, як спрачаліся з літоўцамі за нацыянальныя танцы і як разлічвалі вызваліць родную краіну падчас новай сусветнай вайны.
Часопіс «Веда», люты-сакавік 1951 г.
Часопіс «Веда» выходзіў у 1951–1954 гг. у Нью-Ёрку па-беларуску, кірыліцай. Мы ўжо пісалі, як на старонках часопіса рэдакцыя і чытачы спрачаліся пра альтэрнатыўныя назвы Беларусі.
Часопіс меў раздзел «Хроніка», дзе адлюстраваны падзеі беларускага жыцця на эміграцыі. Мы пагарталі электронныя копіі некаторых выпускаў (яны дасяжныя на сайце Kamunikat.org) і знайшлі для вас некалькі цікавостак.
У якія краіны эмігравалі беларусы ў пасляваенны час
Бадай, найбольш беларусаў, што пакінулі родную краіну пасля 2020 г., жыве ў Польшчы, Літве і Грузіі. А якія былі шляхі эміграцыі нашых суайчыннікаў у пасляваенны час? Адказ можна знайсці ў нумары «Веды» за чэрвень 1952 г. Спасылаючыся на звесткі International Refugee Organization (IPO), часопіс паведамляе, што праз гэтую арганізацыю эмігравала зь Беларускай савецкай соц. Рэспублікі (у межах да 1939 г.) 4.587 чалавекаў, з гэтага ліку да Англі выехала 24, да Аўстралі 178, Бэльгіі 30, Бразылі 343, Вэнэцуэлі 47, Задзіночаных Гаспадарстваў Амэрыкі 3.133, Ізраіля 44, Новае Зэляндыі 7, Норвэгіі 4, Парагваю 15, Францыі 56.
Кажнаму, хто крыху з эміграцыяй стыкаўся, ведама, што зь БССР эмігравала шмат болей, але з розных прычынаў запісаных паходзячымі з БССР было адно ў IPO гэтулькі (тут і далей у цытатах захаваная арыгінальная арфаграфія і пунктуацыя).
International Refugee Organization — міжурадавая арганізацыя, заснаваная ў 1946 г., каб вырашыць праблему масавага бежанства пасля Другой сусветнай вайны. У 1952 г. функцыі IPO перададзены Вышэйшай камісіі па справах бежанцаў ААН.
Беларускі сцяг каля гарадской ратушы ў Таронта. Сакавік 1969 г.
Як беларусы спрачаліся з літоўцамі за народныя танцы
У нумары «Веды» за ліпень-верасень 1951 г. надрукавана зацемка пад назвай «Трэба апісаньне беларускіх скокаў»:
Лятувіскі скакун В. Беляюс выдаець у Чыказе часапіс «Viltis-Hope» (Надзея) паангельску. У ім друкуюцца апісаньні і даецца музыка (ноты) скокаў усіх народаў. Даюць таксама фотографіі. Жаль, што за 8 год, як выдаецца часапіс, ніхто ня прыслаў апісаньня ніводнага беларускага скоку. Праўда, ідзець «Мікіта», але Лятувісы яго прысабечуюць. Адрыс часапісу: V. F. Beliajus, 1028 E. 63rd Str. Chicago 37, Illinois, U.S.A.
Як эмігранты спадзяваліся на Трэцюю сусветную вайну, каб вызваліць Беларусь ад савецкай улады
Рэдакцыя «Веды», хоць агулам і не пісала пра палітычныя навіны, адзначаючы, што «Веда» ё часапіс навукова-літаратурны, адгукнулася на пачатак вайны ў Карэі ў нумары за студзень 1951 г. Адзначана, што Паўночная Карэя напала на Паўднёвую па загадзе камуністычнай Расіі і з дапамогай Кітая. Запраўды на карэйскім адрэзку вядзецца вайна паміж нявольным сьветам камуністычнай Масквы і яшчэ вольным сьветам Задзіночаных Народаў, з боку каторых галоўна ваююць Задзіночаныя Гаспадарствы Амэрыкі, — тлумачыць чытачам рэдакцыя «Веды» і заклікае:
Крывічы-Беларусы, як старыя, так і новыя Амэрыканцы, пакліканыя — уладамі Задзіночаных Гаспадарстваў Амэрыкі — на вайну, маюць лёяльна й шчыра споўніць сваю павіннасьць, ведаючы, што вайна йдзець із Масквою, гэтым найгоршым ворагам іхнае старое бацькаўшчыны Беларусі і новае Амэрыкі.
А калі пачнецца спадзяваная сьветная вайна, значыцца, і ў Эўропе, і ў Беларусі, дык ня будзе такога Беларуса, каторы-бы не пайшоў туды вызваляць із маскоўскага пекла сваю дарагую бацькаўшчыну і ейных дзяцей.
Алена Ляшкевіч, budzma.org