З адной зь ляўрэатаў прэміі Францішка Аляхновіча дасьледчыцай Вікай Біран пра кнігу «Я танцую», зьняволеньне і турэмную літаратуру пагаварыла «Радыё Свабода».
Віка Біран
Віка Біран — дасьледчыца культуры, калюмністка, праектная мэнэджарка ў журналісцкай НДА n-ost. Вучылася на журфаку БДУ ў Менску, супрацоўнічала зь Беларускім Свабодным тэатрам у якасьці акторкі і мэнэджаркі, была сузаснавальніцай праекту MAKEOUT пра гендэр і сэксуальнасьць.
З 2020 году Віка жыве ў Нямеччыне, вывучае культурніцкія дасьледаваньні ва ўнівэрсытэце Віядрына ў Франкфурце-на-Одэры, працуе ў праекце пра квірную журналістыку Unit пры журналісцкай НДА n-ost у Бэрліне. Як фрылансэрка піша тэксты, арганізуе мерапрыемствы.
Увосень 2020 году Віку затрымалі на жаночым маршы ў Менску. Яе асудзілі на 15 сутак арышту, якія актывістка адбывала ў ізалятарах на Акрэсьціна ў Менску і ў сьледчай турме Жодзіна.
Гэта быў ня першы перасьлед Біран з боку ўладаў. У 2018 годзе Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай. У адказ на гэта Віка Біран выйшла з плякатам «Самі вы падробка» да будынкаў Дому ўраду, МУС і Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Яе тады двойчы аштрафавалі за правядзеньне «масавага мерапрыемства — адзіночнага пікету».
«Турэмны досьвед аб’ядноўвае многіх людзей»
Віка падзялілася, што прэмія Францішка Аляхновіча за кнігу «Я танцую» была для яе нечаканая.
«Я задаюся пытаньнем, чаму арганізатары прынялі такое рашэньне. Гэтую прэмію я ўспрымаю як прэмію людзям, якія сядзелі вялікі тэрміны. Мой досьвед, здаецца, не настолькі варты ўвагі», — мяркуе Віка.
Аднак яна адзначыла, што на ейнае зьняволеньне можна глядзець з пункту гледжаньня калектыўнага перажываньня.
«Калі высьвятляецца, што ў турмах сядзяць ня толькі мужчыны, але і жанчыны, і небінарныя людзі, сядзяць людзі ня толькі па 15 і 5 гадоў, але і 15 і 10 сутак, мне здаецца, што гэты досьвед можа аб’ядноўваць. Мне хацелася б, каб пра маю кніжку гаварылі ў гэтым кантэксьце. Ня столькі пра фэтышызацыю невялікіх турэмных перажываньняў, але з пункту гледжаньня экзыстэнцыяльнасьці гэтага», — заўважыла яна.
Аўтарка кнігі прызналася, што ёй пасьля гэтай прэміі давядзецца ўспрымаць сябе як стваральніцу турэмнай літаратуры.
«Мне здаецца, гэта добры знак, што турэмны досьвед аб’ядноўвае многіх людзей. Ён ня толькі пра досьвед знаходжаньня ў калёніях, але і пра досьвед падтрымкі людзей, бо гэта таксама складаная праца, эмацыйная. Так тэма турмы становіцца нашмат большай, чым непасрэдна фізычнага зьняволеньня», — адзначае Віка Біран.
Віка Біран
«Пісаць — гэта спосаб даваць рады з рэальнасьцю»
Віку Біран затрымалі каля Камароўскага рынку ў Менску 26 верасьня 2020 году на суботнім жаночым маршы. Яна брала ў ім удзел разам з квір-супольнасьцю. Да дня інаўгурацыі яны падрыхтавалі кароны з надпісамі. У Вікі была карона з надпісам «Ідзінахурацыя». Яе амаль адразу затрымалі і правялі ў бусік. Віка ўспамінае, што ейная паплечніца Вольга Гарбунова хацела за яе заступіцца, і яе таксама затрымалі.
Яна правяла асацыяцыі са спэктаклем Свабоднага тэатру «Менск-2011», які ў тым ліку расказваў гісторыю затрыманага на прайдзе актывіста, у якога сілавікі пыталіся: «А што ты там робіш?», «А што, вам дрэнна жывецца?» Віка прыгадвае, што ёй падчас затрыманьня задавалі ідэнтычныя пытаньні амаль праз 10 гадоў.
Пасярэдзіне тэрміну ў Вікі зьявілася папера і асадка. Яна пачала пісаць дзёньнік пра свае жыцьцё за кратамі.
«Пісаць — гэта спосаб даваць рады з рэальнасьцю, якая мяне атачае», — кажа яна.
Падчас аднаго з аглядаў рэчаў супрацоўнікі ізалятара забралі ў яе ўсе нататкі, чыталі іх, потым прыходзілі і камэнтавалі гэта.
«Там былі такія абразьлівыя камэнтары кшталту «Гэта пісьменьніца». Таксама я памятаю, што яны спрабавалі неяк апраўдацца на мае крытычныя характарыстыкі іх дзеяньняў», — расказвае Віка.
У ейных нататках былі назіраньні пра тое, як супрацоўнікі ізалятара чапляліся да прывабнай маладой дзяўчыны. Калі яны забралі паперы і прачыталі пра гэта, на думку Вікі, такіх дачэпак стала менш.
Аўтарцы было вельмі крыўдна, калі дзёньнік забралі, але яна працягнула запісы.
«Я ўжо і так не магу кантраляваць, калі мне прачынацца або ці магу я рабіць ёгу. А тут вы яшчэ і ў думкі мае хочаце залезьці, спрачацца са мной. Тады я зразумела, што каштоўнасьць гэтых нататак большая, чым я сабе ўяўляла. Гэта была мая барацьба: ня толькі пісаць, але і хаваць», — успамінае суразмоўца.
Пазьней яна закручвала фрагмэнты дзёньніка ў майткі і шкарпэткі. Гэты дзёньнік стаў пачаткам ейнай кнігі «Я танцую».
Віка Біран ля будынку суду пасьля працэсу 2018 году
«Кніга пра свабоду выбіраць, любіць, танцаваць»
Віка кажа, што досьвед зьняволеньня ў 2020 годзе зьмяніў яе жыцьцё да лепшага.
«Ён дазволіў мне асэнсаваць крохкасьць і канечнасьць. Дазволіў мне радавацца жыцьцю і даў мне на гэта дазвол, бо я вельмі блізка падышла да таго, што гэта ўсё можа ў любы момант скончыцца, і ў мяне ня будзе магчымасьці кантраляваць, што я хачу есьці або ў які бок я хачу адкрыць дзьверы», — кажа Віка.
Пра сваю кнігу аўтарка мяркуе, што гэта гімн жыцьцю.
«Яна пра свабоду выбіраць, любіць, танцаваць, быць сярод сваіх сяброў, ствараць жыцьцё паводле сваіх сцэнараў, рэдагаваць гэты сцэнар, не зважаючы на ўяўленьні, якія ёсьць у іншых», — кажа суразмоўца.
Для яе гэта кніга пра тое, як палітычныя падзеі маюць вельмі канкрэтны ўплыў на рашэньні людзей.
«Зьяжджаць — не зьяжджаць, быць у адносінах — ня быць у адносінах, гаварыць пра праблемныя моманты або маўчаць. Яна пра супрацьстаяньне розным сыстэмам кантролю, гвалту дзяржавы, пра тое, дзе ёсьць магчымасьці для гэтага супраціву, а дзе іх няма, і як складана гэта прымаць», — кажа аўтарка кнігі.
Яна мяркуе, што ейны твор будзе цікавы людзям, якія рэфлексуюць наконт свайго жыцьця і жыцьця навокал, якія згодныя, што асабістае — гэта палітычнае, якія хочуць разабрацца ў глыбінных матывацыях людзей, што прымаюць рашэньні, зьвязаныя зь іх жыцьцём.
Акцыя Біран на плошчы Незалежнасьці ў Менску, 2018 год
Рэдагавала кнігу вершаў з турмы
Віка чытала і творы іншых аўтараў, напісаныя за кратамі: «Еду ў Магадан» Ігара Аліневіча, «Фарбы паралельнага сьвету» Міколы Дзядка, фрагмэнты кнігі Алеся Бяляцкага. Яна рэдагавала кнігу вершаў чалавека, які цяпер у зьняволеньні. Назваць імя аўтара і расказаць пра лёс кнігі яна пакуль ня можа. Віку захаплялі творы амэрыканскай актывісткі-анархісткі Эмы Гольдман.
Некаторыя турэмныя творы ёй падаваліся моцнымі літаратурна, іншыя — хутчэй досьведам перажываньня і фіксацыі падзей у зьняволеньні.
«Сумневаў няма, што літаратура з турмы — вельмі важная літаратура. Мне падаецца, што розныя людзі, інстытуты, выдавецтвы, якія займаюцца гэтай справай, няхай працягваюць яе рабіць і робяць гэта яшчэ больш», — перакананая суразмоўца.