Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Восеньскі салон у Мінску, Кангрэс беларускай культуры ў Варшаве, выстава пра Алеся Бяляцкага ў Берліне — выбірайце падзеі ў сваім горадзе і на свой густ!
Мінск
Восеньскі салон у МінскуЧарговы «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам» праходзіць у Палацы мастацтваў.
Праца мастачкі Таццяны Савік. Фота: facebook/osenniysalonbgpb
Работы на выставу мог прынесці любы творца адпаведнага ўзросту, аднак для ўдзелу трэба было прайсці адбор прафесійнага журы. Сёлета ў экспазіцыі можна ўбачыць творы 220 маладых беларускіх мастакоў. Гэта жывапіс, графіка, фатаграфія, скульптура, вырабы дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і інсталяцыі.
Польшча
Варшава
16 верасня ў Варшаве ў межах форуму HER Docs пакажуць фільм Сашы Кулак «Мара».
Фота: kinoart.ru
Гэта стужка існуе на скрыжаванні палітычнага арт-перфомансу, уедлівага дакументальнага рэпартажу, жалобнай праваабарончай публіцыстыкі і змрочнага філасофскага эсэ. Але калі казаць больш ёміста — гэта наіўная казка пра жаданне перамен, якая менш чым за гадзіну ператвараецца ў фільм жахаў пра масавы гвалт і катаванні. Такую ж трансфармацыю перажыло і беларускае грамадства за апошнія тры гады.
У суботу, 16 верасня, у клубе «Scena CHMIELNA» грае свой першы варшаўскі канцэрт Сяргей Пукст.
Фота: voolchitza.livejournal.com
Энцыклапедычны эксцэнтрык, патомны кампазітар, энэргічны і рознабаковы наватар, парадаксальны канцэптуалізатар, постэстэт і «некрасюррэаліст»: схільнасць да інтэлектуалізацыі і вобразы, якія ўвесь час змяняюцца, робяць яго сапраўдным трыкстэрам. Але не выключам, што на канцэрце музыка расчуліцца і захопіць з сабой свайго рамантычнага альтэр-эга Георгія Дабро.
Першы кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі
16 і 17 верасня ў Варшаве пройдзе ўнікальная падзея, на якой збяруцца творцы і эксперты з усяго свету.
Вядома, што на Першы кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі прыедуць больш як 250 творцаў і экспертаў. Усе яны будуць размаўляць пра беларускую культуру за мяжой і шляхі яе развіцця. На кангрэсе пройдуць круглыя сталы і дыскусіі, удзельнікамі якіх стануць вядомыя пісьменнікі, мастакі, куратары, музыкі, выдаўцы і культурныя менеджары.
Кракаў
У суботу, 16 верасня, беларусаў Кракава запрашаюць на цікавую лекцыю-размову пра пра традыцыi i жыццёвы уклад нашых продкаў.
Фота: polityka.pl
Як выхоўваліся і чаму вучыліся шляхецкія дзеці? Як, калі і з кім прадстаўнікі шляхты бралі шлюб? А дзе жылі, што елі, як апраналіся і... паміралі нашы продкі? Пра гэта і не толькі даведаемся на лекцыі.
Уроцлаў
Дзень адчыненых дзвярэй Беларускай школкі
У суботу, 16 верасня, Беларуская школка ва Уроцлаве ладзіць Дзень адчыненых дзвярэй.
Дзеткі і іх бацькі змогуць пазнаёміцца з выкладчыкамі і вучнямі, паўдзельнічаць у розных забавах і пры жаданні запісацца на заняткі. Навучанне ў школе — бясплатнае!
Германія
Берлін
У Берліне 7 верасня у Інстытуце Пілецкага адбылося адкрыццё выставы, прысвечанай дзейнасці Алеся Бяляцкага.
Фота: racyja.com
Праект расказвае пра жыццёвы шлях лаўрэата Нобелеўскай прэміі, яго высілкі для развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і барацьбу за правы чалавека.
Грузія
Тбілісі
У нядзелю, 17 верасня, беларусаў Тбілісі запрашаюць на маркет, дзе можна будзе набыць упрыгожванні ручной працы, арт-паштоўкі, касметычныя эка-сродкі і мыла, дызайнерскае адзенне, вязаныя цацкі і аксэсуары, хатнія прысмакі і пірагі.
Фота: Радыё Ўнэт
Таксама ўвесь дзень на кірмашы будзе працаваць беларуская бібліятэка і своп: вы можаце прынесці ўжо не патрэбныя вам рэчы і адзенне ў «Скрыню рэчаў», а сабе забраць тое, што будзе пасаваць вам.
Латвія
Рыга
У суботу, 16 верасня, рыжская «Мова Нанова» запрашае на другую сустрэчу новага сезону. Прапануюць абмеркаваць пытаннечкі, звязаныя з жытлом: як бы зрабіць сваю хату ці кватэру больш утульнай, каб было і практычна, і прыемна.
Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай Афішы.
Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».
Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!
А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў.