“Паэзія кропак… Багдановіч”. Арт-праект Васіля Зянько
Пачатак: 06.11 (17:00)Канец: 06.11 (18:00)
Літаратурны музей Максіма Багдановіча
Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае на адкрыццё інклюзіўнага арт-праекта мастака Васіля Зянько “Паэзія кропак... Багдановіч”, які дазваляе сляпым і са слабым зрокам людзям адчуць сябе паўнапраўнымі наведвальнікамі музея.
Карціны Васіля Зянько ўяўляюць сабой арганічны сінтэз жывапісу і паэзіі. Для кожнага твора ў якасці літаратурнай асновы ўзяты ўрыўкі з вершаў Максіма Багдановіча, у тым ліку са зборніка “Вянок”. Ва ўсіх працах у верхнім левым куце размешчаны ўрыўкі з вершаў Максіма Багдановіча, перакладзеныя на шрыфт Брайля (у выглядзе выступаючых мазкоў-кропак) з захаваннем міжнародных стандартаў.
Васіль Васільевіч Зянько скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, з’яўляецца старшынёй секцыі манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў, сябрам Беларускага саюза дызайнераў. З 1995 года ўдзельнічае ў выставах, у тым ліку рэспубліканскіх і міжнародных. З’яўляецца аўтарам і арганізатарам многіх персанальных і групавых арт-праектаў, якія праходзяць у Беларусі, Расіі і Польшчы. На сённяшні дзень мастак рэалізаваў каля 20 персанальных арт-праектаў.
Творы Васіля Зянько знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (г.Мінск, Рэспубліка Беларусь), Цэнтры сучаснага мастацтва (г.Віцебск, Рэспубліка Беларусь), Музеі сучаснага рускага мастацтва (г.Нью-Ёрк, ЗША), а таксама ў прыватных калекцыях у Амерыцы, Беларусі, Германіі, Нарвегіі, Расіі, Польшчы, Турцыі, Францыі.
Арт-праект “Паэзія кропак... Багдановіч” здымае межы ў доступе людзей з дрэнным зрокам да твораў мастацтва, а гэта таксама важны крок на шляху да стварэння безбар’ернага асяроддзя ў Беларусі.
Прэзентацыя выставы “Паэзія кропак… Багдановіч”
адбудзецца 6 лістапада 2020 года ў 17:00.
Літаратурны музей Максіма Багдановіча
г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а
тэл.: (017) 363 07 61, (017) 355 22 95