18 верасня ў Мінску стартуе праект-прысвячэнне Міхалу-Клеафасу Агінскаму «250». Праект, які складаецца з фільма, музыкі, скульптуры, трох фотагісторый і спецыяльнага сайта, рэалізаваны ў год юбілею вядомага кампазітара і дзяржаўнага дзеяча. Аўтары праекта пры падтрымцы фонду «Вяртанне» аб’ядналі творчых людзей, каб паказаць сучаснае бачанне вялікага земляка і паняцця «Радзіма». Урачыстае адкрыццё адбудзецца ў 19.00 у прасторы «ЦЭХ», выстава будзе адчыненая для наведвання да 5га кастрычніка штодня з 12.00 да 22.00.
Каментуе прадусар праекта Андрэй Ісачэнка: «Мы стварылі гэты праект, каб паказаць жывога чалавека і неадназначныя лініі яго лёсу. Агінскі марыў служыць сваёй краіне і людзям і пражыў вельмі насычанае, драйвовае жыццё. Ад бліскучага дыпламата да палітэмігранта без дакументаў. І праз 250 гадоў Агінскі адраджаецца ў беларускім праекце, поўным нечаканасцяў, як і ўсё жыццё героя».
У праекце «250» скульптар Ала Савашэвіч стварыла каменную скульптуру, ў якой паказала спалучэнне ў адным чалавеку рацыянальнага і творчага пачаткаў. Рэжысёр Максім Сіры шукае ў дакументалістыцы адказ на пытанне «Чым жа для нас сёння з’яўляецца Радзіма?». Міхаіл Лешчанка сабраў серыю фотаработ з тых месцаў, якія калісьці наведваў Агінскі. Іван Бесер стварыў партрэты сучаснікаў, якія актыўна працуюць на тэрыторыях, якія Агінскі лічыў сваёй Радзімай. Андрэй Давыдчык зняў фотарэпартаж пра тое, як паланэз Агінскага гучыць у нязвыклым месцы – вакзале Дзіцячай чыгункі.
25 верасня ў 19.00 у бары «Хуліган», з нагоды дня нараджэння Агінскага, у рамках праекта «250» адбудзецца вялікі канцэрт Anima. У ім возьмуць удзел Алег Хаменка, Naka piano, ili-ili, Уладзімір Пугач, Сяргей Пукст,RockerJocker і іншыя. Спецыяльна для праекта музыкі запісалі песні, аб’яднаныя эмоцыямі, выкліканымі у кожнага з іх словам «Радзіма». Уваход на экспазіцыю і канцэрт вольны.
Працоўная група праекту «250»: Андрэй Ісачэнка, Максім Сіры, Вольга Мжэльская.