Хто перакуліць міліцэйскую машыну?

Валера Руселік разважае пра два важныя пытаньні, якія перад намі ставіць, здавалася б, шараговая аварыя на менскім праспэкце і на якія нам усім трэба знайсьці адказы.


У найлепшых традыцыях неабыякавасьці нашага народу

Тут на днях у Менску міліцэйскую машыну перакульвалі. «Штооо? — зьдзівіцца неабазнаны чытач. — Няўжо народ зноўку ўзьняўся? Няўжо я прапусьціў чарговае паўстаньне?!».

Ды не, усё куды банальней. На сталічным праспэкце Незалежнасьці ў раёне Акадэміі навук перакулілася міліцэйская машына. На роліку, зьмешчаным у TikTok, бачна, як неўзабаве да службовага аўта, якое ляжыць на баку, падбягаюць звычайныя мінакі і супольнымі намаганьнямі вяртаюць яго ў нармальнае становішча.

Аніякіх пратэстаў, аніякіх паўстаньняў. Папросту неабыякавыя грамадзяне талакою разьвязалі праблему — можна сказаць, сытуацыя цалкам адпавядае найлепшым традыцыям узаемадапамогі і неабыякавасьці нашага народу. Талака!

Паўстала пытаньне: навошта дапамагаць катам

Між тым, пытаньнечка ўсё-ткі паўстала. Навошта дапамагаць тым, хто ператварыў краіну ў канцлягер, а цябе — у бяспраўнае быдла? Зразумела, што пасьмяяцца ўголас з тых, хто чыніць гвалт супраць мірных і бязьвінных грамадзянаў, у цяперашніх беларускіх рэаліях не папросту рызыкоўна, але практычна гарантуе табе сур’ёзныя праблемы. Ну але чаму б папросту не прайсьці міма? Навошта дапамагаць? Што за стакгольмскі сындром?

Ацэнкі дадзенай гісторыі і яе ўдзельнікаў у Сеціве — апошняй прасторы, дзе беларусы яшчэ могуць больш-менш вольна абменьвацца ўласнымі думкамі — падзяліліся на палярныя: ад захапленьня неабыякавасьцю мінакоў і важнасьцю захаваць сваю людзкасьць і не ператварыцца ў цмока — да абвінавачаньняў у рабалепстве, кароткай памяці і «гэтак ім і трэба, калі яны сваім катам дапамагаюць!».

PratestyПратэсты ў Беларусі ў 2020-м. Фота: Reuters

А пра што насамрэч гісторыя

Між тым для мяне асабіста дадзеная гісторыя — зусім пра іншае. Пра два пытаньні, на якія нам, беларусам, жыцьцёва важна знайсьці супольныя адказы.

Па-першае, геаграфія камэнтароў — гэта яшчэ адно сьведчаньне таго, што Беларусь беларуская і Беларусь замежная ўсё больш разыходзяцца і ўсё менш разумеюць адна адну. Кожны жыве ўласным жыцьцём. Натуральна, што за мяжою, дзе можна выказвацца куды вальней, чым на радзіме, і куды многія зьехалі вымушана, крыўду і прагу адпомшчаньня нашмат прасьцей і бясьпечней выліваць у публічную прастору. А вось на радзіме куды прасьцей — і бясьпечней! — папросту адмоўчвацца. І намагацца неяк жыць далей. Тут і цяпер.

Гэта абсалютна розныя жыцьцёвыя варункі. І параўноўваць іх, а й пагатоў выстаўляць адно аднаму прэтэнзіі — прынамсі некарэктна.

І першае пытаньне гучыць наступным чынам: як нам, беларусам, захаваць нашае адзінства паміж Радзімай і эміграцыяй? Што наагул нас усіх задзіночвае сёньня?

Miaža

Ну й па-другое. Уявеце сабе ідэальную карціну. Аднойчы антыбеларускі, антылюдзкі рэжым у Беларусі абрынецца. Улада ў краіне трапіць у справядлівыя рукі. Беларусы, якія былі вымушаныя зьехаць за мяжу, вернуцца дадому. А тыя, хто быў ува ўнутранай эміграцыі, урэшце, выпрастаюць сьпіны і падымуць галовы.

І? Што далей? Вось другое пытаньне, якое ставіць гэтая гісторыя з міліцэйскім аўтам перад намі.

Што рабіць з усімі тымі тысячамі і тысячамі шрубак зрынутай сыстэмы? Як нам жыць далей разам? Каму, што і як дараваць — і што дараваць немагчыма?

Truna
На пахаванні Вітольда Ашурка -  грамадскага дзеяча і палытычнага актывіста, які загінуў уШклоўскай калоніі утраўні 2021 г. Фота: svaboda.org

Магчымыя адказы і высновы

На жаль, пакуль што адказаў на гэтыя пытаньні ў бясконцых беларускіх спрэчках я не пабачыў. Зрэшты, і сам тых адказаў для сябе не знайшоў. Ці дапамагаў бы я вярнуць вось канкрэтна тую міліцэйскую машыну ў нармальнае становішча? Наўрад ці. У тым ліку таму, што цудоўна разумею, што для вяртаньня ў нармальнае становішча ўсяе нашае Беларусі аднойчы тыя міліцэйскія машыны ўсё-ткі давядзецца перакульваць — толькі дагары коламі, як гэта ўжо рабілі, скажам, у часе «Менскай Вясны» ў 1996 годзе.

Pierakulienaje aŭto
"Менская вясна"  1996. Фота: 90s.by

І перакульваць іх будуць, я перакананы, у тым ліку вось гэтыя неабыякавыя мінакі з відэа ў TikTok. Нават больш: яны пачнуць перакульваць тыя машыны раней, чым я здолею даехаць да менскага праспэкту Незалежнасьці з сваіх замежжаў.

І хаця б ужо толькі з-за гэтага ў мяне язык не павернецца сёньня выказваць ім нейкія высокамаральныя прэтэнзіі.

А ў вас?

Валера Руселік, Budzma.org