31 ліпеня 2019 года а 17 гадзіне ў сталічным Палацы мастацтваў (Рэспубліканская мастацкая галерэя, г. Мінск, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы секцыі манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў “ІНШЫ РАКУРС”. У экспазіцыі будуць прадстаўлены жывапісныя палотны манументалістаў.
Выстава “Іншы ракурс” прадстаўляе станковыя карціны членаў секцыі манументальна-дэкаратыўнага мастацтва БСМ. Цікава заўважыць, што жывапісныя работы гэтых мастакоў заўсёды вылучаюцца на фоне калег-станкавістаў. Іх творы адрозніваюцца большай індывідуальнасцю, абагульненасцю колеравых плоскасцяў і танальных суадносін, перавагай фармальнага падыходу ў пабудове кампазіцыі, прымяненнем аўтарскіх тэхнік і актыўным уключэннем разнастайных матэрыялаў у жывапісную прастору палатна.
Пра асноўную творчую дзейнасць мастакоў-манументалістаў можна сказаць словамі Уладзіміра Маякоўскага: “Вуліцы – нашы пэндзлі, плошчы – нашы палітры”. Сапраўды, гэта мастацтва існуе пераважна ў фармаце горада, часцяком яго аб’ектамі з’яўляюцца фасады будынкаў, інтэр’еры, гарадское аблічча.
Дзякуючы творчасці беларускіх мастакоў-манументалістаў, у перыяд большы за паўстагоддзя было створана ўнікальнае эстэтычнае асяроддзе мноства гарадоў і музеяў нашай краіны. Манументальнае мастацтва, перажыўшы ў 1990-я гады перыяд заняпаду, сёння зноў запатрабаванае і актуальнае. Грунтуючыся на традыцыях, закладзеных яшчэ Гаўрыілам Вашчанкам, Аляксандрам Кішчанкам, Міхаілам Савіцкім, Уладзімірам Стэльмашонкам і інш., манументальны жывапіс развіваецца, узбагачаецца новымі тэхнікамі на аснове інавацыйных матэрыялаў. Па-новаму прачытваюцца і адлюстроўваюцца традыцыйныя тэмы, ідзе пошук крыніц натхнення. Сёння ў секцыі манументальна-дэкаратыўнага мастацтва БСМ налічваецца больш за 70 членаў ва ўзросце ад 36 да 80 гадоў.
Невыпадкова манументалістаў часта параўноўваюць з універсальнымі салдатамі. Бо па родзе занятку ім неабходна валодаць шырокімі ведамі і ўменнем ў розных сферах чалавечай дзейнасці (напрыклад, выконваць праекты і працоўныя чарцяжы ўручную і ў электронным выглядзе; ствараць з пластычнага матэрыялу эскізы будучых аб’ектаў; на аснове эскізаў і чарцяжоў рабіць творы манументальнай і дэкаратыўнай скульптуры з каменю, металу, бетону, керамікі; выконваць буйныя працы ў інтэр’еры і экстэр’еры сучасных грамадскіх і гістарычных будынкаў: роспіс знешніх і ўнутраных сцен, столяў, скляпенняў; ствараць вітражы, мазаіку, фрэскі, габелены, зграфіта і шмат іншага).
І таму для гэтых мастакоў няма нічога немагчымага, ім падуладныя розныя віды выяўленчага мастацтва!
Выстава працягнецца па 11 жніўня 2019 г.
Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, «Палац мастацтва».
Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак-выхадны дзень.
Тэлефоны для даведак: +375 (17) 288 15 49; +375 (29) 844 99 68 (МТС); +375 (29) 264 68 48 (МТС).