31 ліпеня 2019 года а 17 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы жывапісу беларускага мастака Анатоля Концуба, прымеркаванай да юбілею майстра і арганізаванай ГА «Беларускі саюз мастакоў», Рэспубліканскай мастацкай галерэяй.
Кажучы пра мастацтва Анатоля Концуба, перш за ўсё, варта адзначыць яго філасофскі і, адначасова, паэтычны погляд на свет, тонкі гумар і разнастайнасць тэм і сюжэтаў. Яго творчасць ўжо не адно дзесяцігоддзе выклікае жывую цікавасць у знатакоў мастацтва.
Вобразны шэраг мастака - лодкі, караблі, дарогі, пілігрымы, якія насяляюць яго карціны, ствараюць ўражанне пастаяннага руху, пошуку, пераасэнсавання. Прамыя і выгнутыя лініі, чыстыя плямы колеру, дбайнасць выканання, багацце цытат і паўтораў ствараюць аўтарскую мову мастака, дзівосную аўру яго твораў.
Нацюрморты, пейзажныя і сюжэтныя фігуратыўныя кампазіцыі выкананы з характэрнай для майстра дбайнай прамалёўкай дэталяў пры досыць умоўнай трактоўцы выяўленчай прасторы. Міфалагічныя і гістарычныя персанажы з розных культурных традыцый пераканаўча суіснуюць у яго працах з характэрнымі тыпажамі сучаснасці і ўтвараюць адзіны вобразны свет на палотнах мастака.
У экспазіцыю ўвайшло каля 55 жывапісных прац, створаных на працягу 2014 – 2019 гадоў, а таксама 15 керамічных твораў.
Концуб, Анатоль Аляксандравіч
Нарадзіўся 13 ліпеня 1949 года ў в. Колкі Брэсцкай вобласці, дзіцячыя і школьныя гады прайшлі ў палескай глыбінцы, у г. Давыд-Гарадку.
Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1966-1971), аддзяленне керамікі.
З 1971 года жыве і працуе ў г. Бабруйску. Больш за трыццаць гадоў выкладаў у Бабруйскім прафесійна-тэхнічным мастацкім вучылішчы, дзе арганізаваў падрыхтоўку спецыялістаў па мастацкай кераміцы. З 1976 года ўдзельнічае ў рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных мастацкіх выставах. Персанальныя выставы: гг. Мінск, Магілёў, Гомель, Бабруйск, Слуцк, Санкт-Пецярбург, Лінц(Аўстрыя), Браціслава і Сніна(Славакія) і інш.
Удзельнік міжнародных пленэраў па кераміцы і жывапісу ў Беларусі, Расіі, Украіне, Балгарыі, Польшчы, Кітаі, Славакіі, Малдове.
З 2013года ўдзельнічае ў міжнародных выставах, якія праводзяцца кітайскай арганізацыяй «Падарожжа мастакоў дзеля міру " ў Пекіне, Шанхаі, Бішкеку, Астане, Душанбэ, у Францыі і Бельгіі.
З 1981 года член Саюза мастакоў СССР, цяпер член Беларускага саюза мастакоў. Заслужаны работнік народнай адукацыі Беларусі (1991). Член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі культуры і мастацтва (Масква) 2018г.
У 2014 годзе па выніках буйной міжнароднай выставы «Гармонія-Азія» у Шанхаі ўзнагароджаны залатым медалём. Анатоль Концуб працуе ў жывапісе і кераміцы.
Творы А. Концуба захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у Магілёўскім мастацкім музеі ім. П. Масленікава, у Бабруйскім мастацкім музеі, у музеях і прыватных зборах Беларусі,Расіі, Польшчы, Швейцарыі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Нарвегіі, ЗША.
Выстава працягнецца па 11 жніўня 2019 г.
Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, «Палац мастацтва».
Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак-выхадны дзень.
Тэлефоны для даведак: +375 (17) 288 15 49; +375 (29) 844 99 68 (МТС); +375 (29) 264 68 48 (МТС).