19-20 кастрычніка ў Берліне праходзіць Фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova. Адкрыццё фестывалю адбылося з прэзентацыі выставы пераможцаў конкурсу маладых ілюстратараў і дызайнераў ART Pradmova, паведамляе Reform.news.
Мерапрыемства праводзіцца ў прасторы Hotel Continental — Art Space in Exile.
Вядоўца Павел Баркоўскі адзначыў, што ўпершыню фестываль адкрывае сваю пляцоўку ў Берліне. Да 2020 года мерапрыемства праходзіла ў Беларусі, а ў 2022 годзе адрадзілася за мяжой, адбываючыся ў гарадах з вялікай беларускай дыяспарай у Польшчы, Літве, Грузіі і цяпер у Германіі. Паводле Баркоўскага, нягледзячы на цяжкія абставіны, фестываль стаў больш адкрыты свету і пачаў падарожнічаць па розных краінах, робячы голас беларусаў больш чутным для мясцовых супольнасцей.
Берлінская праграма фестывалю насычаная. Беларускія і замежныя аўтары, філосафы, перакладчыкі і навукоўцы правядуць дыскусіі і прэзентацыі на тэмы сучасных сацыяльных, культурных і палітычных праблем.
Сёння адбудуцца дыскусіі пра літаратуру з удзелам Святланы Алексіевіч, Альгерда Бахарэвіча і Уладзіміра Арлова, а таксама прэзентацыі новых кніг і вечаровая музычная праграма з удзелам паэтаў і музыкаў.
Нямецкая перакладчыца беларускай літаратуры на нямецкую мову Ціна Вюншман, беларускія паэтка Юля Цімафеева і пісьменнік Альгерд Бахарэвіч на берлінскай Pradmove
У нядзелю гледачы змогуць убачыць тэатральную пастаноўку «Зэкамерон» ад купалаўцаў, пройдзе дыскусія пра творчасць як спосаб перадачы досведу людзей у Беларусі. Таксама будуць прэзентацыі, уручэнне прэміі імя Алеся Адамовіча, канцэрт Лявона Вольскага, вечар падарожжаў ад Змітра Бартосіка і канцэрт спеўнай паэзіі ад Юстыны і Таццяны Карпіловіч.
Падрабязная праграма даступная на сайце Pradmova, анлайн-трансляцыя ідзе на YouTube.