18 лютага ў Оршы адбудзецца ўжо вядомы ў многіх гарадах Беларусі “Кірмаш праектаў” – публічная прэзентацыя ідэй, якія імкнуцца палепшыць культурніцкае жыццё.
Зоны для развіцця ёсць заўсёды, і культура тут можа выступаць і сферай дзеяння, і сродкам. Як цвёрда верыць каманда грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, культуру трэба разумець шырока, міждысцыплінарна і “бліжэй да цела”. У цэнтры грамадскай увагі на кожным “Кірмашы” – ідэі, прысвечаныя сферы культуры пэўнага горада і рэгіёна: ад традыцыйна мастацкіх галін (музыка, выяўленчае і сцэнічныя мастацтвы, літаратура), музейнай і бібліятэчнай справы – да сацыяльнай працы, адукацыі, экалогіі, дызайну гарадской прасторы, турызму, бізнэсу, рэкламы і камунікацый і іншых.
І цяпер час Оршы прадэманстраваць і актывізавацца на “Кірмашы праектаў” – ужо вядомым у іншых гарадах краіны фармаце публічнай прэзентацыі, у якой увасобленая сусветная прага да edutainment – інтэрактыўнага і відовішчнага атрымання новых ведаў.
На “Кірмашы праектаў” ідэі “прадаюцца” патэнцыйным партнёрам, аднадумцам і паплечнікам. Аўтары маюць магчымасць праверыць сваю ідэю на зацікаўленых слухачах, атрымаць карысныя парады па ўдасканаленні задумы ад экспертаў, а кожны ахвочы – натхніцца актыўнымі і цікаўнымі людзьмі роднага горада і ўпэўніцца: адна галава — добра, а дваццаць — нашмат лепш!
Фармат “маланкавай размовы”, ужо традыцыйны для ўсіх “Кірмашоў праектаў”, уяўляе сабой чаргу прэзентацый, на кожны выступ даецца 5-7 хвілін. У прэзентацыі трэба адлюстраваць наступнае:
— назва прэзентацыі;
— сутнасць прэзентацыі (што менавіта вы хочаце прадставіць: праект, стратэгію, кампанію, канцэпцыю і г.д.);
— мэты і задачы (чаму і каму гэты праект неабходны?);
— фармат праекта, яго ўнікальнасць і (ці) неабходнасць;
— калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца;
— якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія шукаеце (каманда, дзеянні, партнёры, бюджэт).
Калі вы маеце задуму, здольную вырашыць важную культурніцкую задачу для вашага горада і пэўнай групы яго жыхароў, якая будзе спрыяць узмацненню прафесійных культурніцкіх супольнасцяў і вызначэнню адметнасці Оршы, — дзейнічайце!
Дасылайце прэзентацыю, а таксама запоўненую анкету ўдзельніка на электронную скрыню kirmash.praektau@gmail.com да 16 лютага ўключна.
Дэтальную інфармацыю аб падрыхтоўцы прэзентацыі знойдзеце тут.
Выніковая прэзентацыя “Кірмашу праектаў” адбудзецца 18 лютага 2014 года. Месца правядзення будзе абвешчанае ў хуткім часе.
Даведкі па тэл.: (029) 319-93-09 — каардынатар ГКК “Будзьма беларусамі!” Юры Стукалаў.
Запрашайце “Кірмаш праектаў” у свой горад!
“Кірмаш праектаў” у vk.com, facebook.com.