У чацвер, 19 верасня, даследчык Зміцер Юркевіч чытае ў музеі гісторыі беларускай літаратуры лекцыю «Агатка, або Прыезд пана. Таямніцы оперы».
Дата: 19 верасня
Час: 19.00
Месца: музей гісторыі беларускай літаратуры, вул. Багдановіча, 13, Мінск
Гэтай лекцыяй музей працягвае праект «Па мячы і па кудзелі. Гісторыя сям’і — гісторыя асобы».
240 год таму, надвячоркам 17 верасня 1784 года, у Нясвіжскім палацы адбылася прэм’ера оперы, якая лічыцца першым вядомым арыгінальным музычна-сцэнічным творам, напісаным і пастаўленым у Беларусі. І, пэўна, першым, у якім на тэатральнай сцэне як галоўныя героі дзеі з’явіліся беларускія сяляне — Агатка і Антак.
Нагодай жа для пастаноўкі оперы стаў праезд праз Нясвіж караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які рушыў у Гародню на сойм.
Прэм’ерай «прыгоды» Агаткі і Антака не скончыліся. Героі яшчэ не раз з вялікім поспехам выходзілі на сцэну ў іншых гарадах Рэчы Паспалітай. І калі сам факт пастаноўкі ніколі не ставіўся пад сумнеў, то зусім іншая справа з аўтарствам лібрэта і музыкі.
Сёння большасцю музыказнаўцаў стваральнікамі «Агаткі» прызнаюцца князь Мацей Радзівіл (лібрэта) і нямецкі кампазітар Ёган Давід Голанд (музыка).
Але гэтаму пярэчаць крыніцы XVIII стагоддзя і галасы некаторых тэатразнаўцаў, сучаснікаў пастановак «Агаткі».
Аўтарам музыкі называюць Алясандра Данэзі, нясвіжскага капельмайстра. Што да аўтарства лібрэта, то і тут ёсць аб чым пагаварыць. На гэтае месца можа прэтэндаваць Францішка Уршуля Радзівіл. І для гэтай версіі ёсць свае аргументы...
Прыходзьце разбірацца!
Квіткі — 8 рублёў.