Цыкл зімовых куратарскіх экскурсій
Зіма – ідэальная пара для баўлення часу ў Нацыянальным мастацкім музеі!
Дачныя клопаты, сезон пікнікоў і летняга адпачынку ўжо мінулі, а цікавыя прагулкі з куратарам па музею – выдатная нагода прыйсці ў госці ў Мастацкі.
Падчас цыкла куратарскіх экскурсій “Зімовы сон” музей прапануе бліжэй пазнаёміцца з самай вялікай калекцыяй беларускага і замежнага мастацтва ў нашай краіне, убачыць ужо знаёмыя творы з іншага ракурсу, пагутарыць з аўтарамі выставачных праектаў і правесці час у добрай кампаніі аднадумцаў.
Праграма зімовых экскурсій з куратарам уключае наступныя мерапрыемствы:
11 снежня 2019 года, 14:00 – сустрэча з Юліяй Лісай і дзіўныя гісторыі пра “Рускі імпрэсіянізм” з калекцыі беларускага музея.
15 студзеня 2020 года, 14:00 – гутарка з Наталляй Сяліцкай, куратарам выставы “Знакі творчай волі Зоі Літвінавай” і знаёмства з творчасцю мастачкі.
12 лютага 2020 года, 14:00 – “паглыбленне” ў “Сусвет Язэпа Драздовіча” дзякуючы расказам Вольгі Архіпавай пра творы мастака, прысвечаных космасу.
Асобную ўвагу ў цыкле куратарскіх экскурсій “Зімовы сон” Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь надае людзям старэйшага ўзросту, прапаноўваючы наведванне гэтых мерапрыемстваў па сістэме абанемента.
Кошт абанемента складае 16 бел. руб. (пры прад'яўленні пенсіённага пасведчання). Абанемент ўключае ў сябе ўваходны білет у музей і ўдзел у трох куратарскіх экскурсіях. Дадзены кошт актуальны толькі пры куплі абанемента.
Кошт наведвання мерапрыемстваў для дарослых – 8 бел. руб.; для дзяцей і студэнтаў (дзённай формы навучання) – 4 бел. руб.
Тэлефон для даведак: +375 17 3277163