У нашай сённяшняй вандроўцы скіруемся ў падарожжа па беларускіх паселішчах з цікавымі назвамі, сугучнымі найменням сусветна вядомых гарадоў ды краінаў. Але ці ад іх паходзяць назвы нашых населеных пунктаў? Пройдземся па некаторых старонках гісторыі беларускіх вёсак з незвычайнымі назвамі ды даведаемся, якія славутасці можна паглядзець у ваколіцах гэтых паселішчаў.
Фота: holiday.by
Парыж, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць
Каб наведаць беларускі Парыж, скіруемся на Пастаўшчыну. Упершыню фальварак з гэткай назвай узгадваецца ў архіўных дакументах першай паловы ХVIII стагоддзя. Парыжам паселішча стала не адразу: у той час мэйнстрымна было захапляцца Францыяй, таму, верагодней за ўсё, тагачасны ўладальнік фальварка назваў яго так, бо папросту любіў Парыж. Вядома, што ў 1784 годзе Парыж належаў ужо падскарбію ВКЛ Антонію Тызенгаўзу, род якога меў ва ўласнасці шмат навакольных земляў уключна з Паставамі.
Указальнік, вёска Парыж. Фота: planetabelarus.by
У 1973 годзе паводле рашэння савецкай улады Парыж быў аб’яднаны з суседняй вёскай і па яе назве перайменаваны ў Навадруцк. Парыж вярнуў сабе гістарычны назоў толькі ў 2006 годзе пасля рэферэндума, праведзенага сярод мясцовых жыхароў Юзафам Булькам — вядомым ксяндзом з неадназначным мінулым за савецкім часам, які, нягледзячы на гэта, вельмі шмат зрабіў для папулярызацыі касцёла, здаровага ладу жыцця ды паляпшэння навакольнай інфраструктуры ў Пастаўскім і Глыбоцкім раёнах.
Эйфелева вежа ў вёсцы Парыж. Фота: planetabelarus.by
Дзякуючы Юзафу Бульку ёсць у нашым Парыжы свая Эйфелева вежа. 30-метровы помнік быў усталяваны тут па ягонай ініцыятыве: Булька апекаваўся яшчэ і турыстычнай прывабнасцю Пастаўскага краю. Мясцовая Эйфелева вежа, вядома, адрозніваецца ад арыгінала, нават завершана крыжам. Зроблена вежа была на прадпрыемстве «Глыбоцкія электрычныя сеткі», наверсе яе маецца аглядная пляцоўка, на якую можна ўзняцца па лесвіцы. Яшчэ з мясцовых цікавостак, на якія варта звярнуць увагу — касцёл, які размясціўся ў будынку крамы другой паловы ХХ стагоддзя, ды маляўнічая сажалка побач.
У вёсцы Парыж. Фота: onliner.by
Чытаць яшчэ: 7 цудаў Пастаўшчыны: гайд ад «Будзьма!»
Палесціна, Астравецкі раён, Гродзенская вобласць
Месцічы распавядаюць як мінімум два варыянты паходжання такой незвычайнай назвы беларускай вёскі як Палесціна. Паводле першай — у ваколіцах здаўна расло шмат клёнаў, а на кляновым лісці выпякалі хлеб у печы, каб не падгараў. З суседніх вёсак прыходзілі сюды «па лісты». Вось і замацавалася назва Палістыня.
Паводле іншага падання, некалі тут быў маёнтак, дзе раптоўна павыміралі людзі ад невядомай хваробы. Доўга тут ніхто не сяліўся, пакуль міма не праехаў князь, якому так спадабалася мясцовасць, што ён кінуў покліч па наваколлі, каб засяліць вёску наноў. Усіх, хто застанецца, абяцаў пазбавіць падаткаў на 5 год. Тады пацягнуліся сюды людзі, хто пешшу, хто на вазах, абжылі спусцелыя хаты і пачалі займацца земляробствам, а вёску назвалі зямлёй запаветнай — Палесцінай.
Указальнік Палесціна. Фота: onliner.by
Паданні паданнямі, а дакладна вядома, што паселішча ўпершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1555 годзе як маёнтак Паўпяны, які атрымаў назву ад мясцовага ручая — левага прытока Вяллі. А ўжо ад XVII стагоддзя, калі маёнтак набылі Бжастоўскія, ён узгадваецца як Палестына. Ёсць сведчанні, што падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі, калі тут спыніўся расійскі палкоўнік Дзееў са сваімі жаўнерамі ды наклаў кантрыбуцыю на навакольныя вёскі, месцічы ўпарта супраціўляліся, даходзіла нават да ўзброеных сутычак.
Вёска Палесціна, рэшткі гападарчага двара Котвічаў. Фота: apkgrodno.by
Апошнімі гаспадарамі быў у Палесціне род Котвічаў. Ад Котвічаў сёння тут захавалася некалькі гаспадарчых пабудоваў і частка іх родавай сядзібы, узведзенай у ХІХ стагоддзі. Прысядзібны парк амаль не захаваўся, але некалькі старых ліпаў ды клёнаў яшчэ можна ўбачыць. Па стане на 2020 год у вёсцы налічвалася ўсяго 4 жылыя дамы, у іх стала жылі 8 чалавек.
Рэшткі сядзібы Котвічаў у Палесціне. Фота: ostrovets.by
Малі, Астравецкі раён, Гродзенская вобласць
Каб наведаць Малі ў Беларусі, варта таксама ехаць у Астравецкі раён. Упершыню паселішча згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1534 годзе. Верагодней за ўсё, яно атрымала назву ад мясцовай рэчкі Малька, аб паходжанні наймення якой месцічы, вядома, таксама маюць сваю легенду.
Гісторыя дастаткова распаўсюджаная, пра тое, як маладая дзяўчына Мальвіна, ці скарочана Малька, закахалася ў непадыходзячага, паводле меркавання бацькоў, ёй па статусе хлопца. Калі дзяўчыне не дазволілі пабрацца шлюбам з нарачоным, яна скочыла ў ваду і патанула.
Вёска Малі, указальнік. Фота: onliner.by
Са славутасцяў у вёсцы можна пабачыць мемарыяльны знак у гонар Язэпа Гашкевіча, дыпламата, мовазнаўцы, даследчыка Кітая і Японіі, які ведаў 13 моваў.
Ён пражыў свае апошнія гады жыцця ў сваёй мальскай сядзібе пасля завяршэння дыпламатычнай кар’еры ў 1864 годзе. Тут навукоўца працягнуў паглыбленае вывучэнне японскай мовы і папаўненне слоўнікавага запасу. Ён напісаў кнігу «Аб каранях японскай мовы», якая была выдадзена ў Вільні ў 1899 годзе. Гашкевіч назапасіў у Малях вялікую бібліятэку і калекцыю каштоўных мапаў ды гравюр. Памёр Язэп Гашкевіч у Малях у 1875 годзе і быў пахаваны на Астравецкіх могілках. Дзе месцілася мальская сядзіба Язэпа Гашкевіча, дакладна нікому не вядома. Але ў 1990 годзе побач з мясцовай бібліятэкай быў усталяваны памятны камень вядомаму навукоўцу, які можна пабачыць і сёння.
Мемарыяльны камень Язэпу Гашкевічу ў Малях. Фота: onliner.by
Чытаць яшчэ: Топ-10 касцёлаў Астравеччыны, якія варта пабачыць
Дубай, Столінскі раён, Берасцейская вобласць
Апошнім прыпынкам у нашай кругасветцы сёння будзе вёска Дубай Столінскага раёна. Звяртаем увагу, што размова вядзецца не пра Дубай Пінскага раёна. Так, населеныя пункты з дрэвам «дуб» у назве — распаўсюджаная з’ява на поўдні Беларусі. Пра гісторыю вёскі вядома зусім не шмат. Упершыню паселішча ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах з 1503 года, а ў XVIII–XIX стагоддзях вёска належала шляхецкаму роду Кеневічаў. Раім сюды паспяшацца, пакуль не павылятаў гнюс, бо камары тут надта галодныя, а шэршні актыўна цікавяцца турыстамі.
Вёска Дубай, указальнік. Фота: abw.by
Апроч казюрак, з цікавостак тут можна пабачыць драўляную Свята-Мікалаеўскую царкву, узведзеную ў 1906 годзе паводле праекта архітэктара Віктара Іванавіча Струева. Струеў спраектаваў вельмі шмат будынкаў у розных гарадох Беларусі. Найбольш пазнавальныя ягоныя палескія драўляныя храмы, адаптаваныя пад мясцовую сакральную архітэктуру. І дадзены храм ля вёскі Дубай выглядае вельмі арганічна сярод раўнінных палескіх прастораў і мае характэрны для навакольных бажніцаў нябесны колер.
Свята-Мікалаеўская царква, Дубай. Фота: @banifacyj
Язэп Вараніцкі, Budzma.org
Чытайце яшчэ: Ад Альманскіх балотаў да агурковай сталіцы: 10 нагодаў павандраваць па Століншчыне