Фестываль "Рок за жыццё", прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, адбудзецца ў чацвёрты раз.
Упершыню канцэрт у межах фестывалю пройдзе і ў Магілёве. 6 кастрычніка на сцэну клуба Cuba выйдуць “Петля пристрастия”, “Разбітае сэрца пацана”, Re1ikt і Luty Sakavik.
Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання адзначаецца 10 кастрычніка. Ён заснаваны Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання — аб'яднаннем прафсаюзаў, мясцовых і рэгіянальных органаў улады, юрыдычных асацыяцый, а таксама праваабарончых арганізацый з мэтай паўсюднай забароны на гэты від вышэйшай меры пакарання. Прыхільнікі руху выступаюць супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння, незалежна ад характару злачынства, характарыстык злачынцы і спосабу, якім дзяржава пазбаўляе жыцця асуджанага. Смяротнае пакаранне парушае права на жыццё, абвешчанае ў Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека.
Беларусь дагэтуль застаецца адзінай еўрапейскай краінай, якая прымяняе смяротнае пакаранне. Паводле звестак праваабаронцаў, за апошнія дваццаць гадоў у краіне пакарана больш за 400 чалавек.
Вядомыя музыкі ва ўсім свеце актыўна выступаюць супраць гэтай антыгуманнай меры. Адпаведны зварот да беларусаў у 2010 годзе запісаў Стынг, у 2014-м у праекце “Апошні золак” паўдзельнічалі Ганна Хітрык, Алесь Дзянісаў, Лявон Вольскі, Віктар Рудэнка, Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Памідораў і Анастасія Шпакоўская. Фестываль “Рок за жыццё” раней праводзіўся ў Брэсце, Віцебску і Мінску.
“Хоць пакаранне і павінна быць незваротным, сувымерным здзейсненаму злачынству і справядлівым, смяротнае пакаранне не лепшы спосаб, — мяркуе Зміцер Халяўкін з гурта Nizkiz. — Заўсёды ёсць рызыка памылкі, існуе мноства прыкладаў. Таксама патрэбныя людзі, якія будуць выконваць прысуды, а значыць, яны таксама будуць забойцамі. Смяротнае пакаранне — гэта забойства, толькі ўзаконенае. А жорсткасць заўсёды будзе спараджаць жорсткасць”.
“Я супраць смяротнага пакарання, таму што потым ужо нічога не выправіць”, — лаканічна выказваецца фронтмен “Пятлі” Ілля Чарапко-Самахвалаў.
ПЕТЛЯ ПРИСТРАСТИЯ, РСП, RE1iKT, LUTY SAKAVIK
6 кастрычніка, Магілёў, клуб Cuba (вул. Першамайская, 29)
Пачатак: 17.00
Квіткі: ад 7 руб.
Даведка: +375291212296