Спектакль “Што рабіць з тыграм?!”

08.02.2016 19:00 - 21:00 Тэатральная прастора (пр. Партызанскі, 2/1) Бясплатнае

 

Беларускі незалежны «Тэатр Ч», добра вядомы легендарнай пастаноўкай «Дзяды» паводле А.Міцкевіча, запрашае вас на свой новы спектакль паводле п’ес Славаміра Мрожака.

УВАГА! Колькасць месцаў абмежаваная!

Камерна! Дзёрзка! Эксперыментальна! «Што рабіць з Тыграм ?!» – спектакль / пытанне па матывах жыцця, трагікамічна выкладзеным у п’есах Славаміра Мрожака, ледзь не страціў сваю магчымасць шчырай гутаркі з гледачом, але здолеў выстаяць!

Такім чынам, 8 лютага перад вашымі вачыма разгорнуцца дзве гісторыі ў лепшых традыцыях тэатра абсурду:

Уявіце, што ў адзін цудоўны дзень вы знаходзіце ў вашай звычайнай беларускай ваннай Тыгра. Неверагодна, але факт! Сям’я ваша здзіўляецца, вас ва ўсім абвінавачвае, маўляў, трэба домам займацца было. Так здарылася і з Пятром Ахеем (Генадзь Гатоўчыц). А затым яшчэ ў яго кватэру сталі ўвальвацца адзін за адным і наводзіць парадак падатковы інспектар, мастацкі кіраўнік цырка, навуковы супрацоўнік, сакратар МЗС … І давялі Пятра да поўнага адчаю. Можа быць, Тыгр – гэта плён яго хворай фантазіі? Што рабіць: падпарадкавацца, змірыцца, супрацьстаяць? Ён спяшаецца прэч з гэтага абсурду – на курорт!

У другой гісторыі, летнім днём, вечна няўдачлівы Пётр-НЕЎД сустракае свайго антыпода заўсёды паспяховага ЎДа. Абодва падумваюць звесці рахункі з жыццём – душа з’едзена. Невытлумачальная няўдача перасьледуе НЕЎДа ўсё жыццё. УД, у сваю чаргу, стаміўся ад шчаслівага лёсу, які не прыносіць задавальнення… Гэта сустрэча будзе мець непрадказальны фінал, бо аднойчы з’явіцца Дама (Юлія Шпілеўская)

Але толькі 8 лютага мы запрашаем вас не проста пагрузіцца ў сам спектакль, мы запрашаем вас у тэатральны клуб, у якім «што рабіць з тыграм ?!» стане асноўнай тэмай дыскусіі!

Водгукі гледачоў пасля першага паказа:

“Гэтая п’еса патрэбная. Яна з многімі сэнсамі і падтэкстамі і той, хто бачыць не проста паляванне на тыгра, а паляванне на чалавечыя душы, свядомасць і свабоду, зразумее, пра што спектакль. Тое, як гэта вырашана сцэнічна мне падабаецца. Вельмі лаканічна і ўтварае дастатковую глыбіню, у якой чытаецца прасторавая і часавая метафара. Харошая работа акцёраў, рэжысёрская і мастака вельмі добрая”. Уладзімір Някляеў, пісьменнік

 “МРОЖАК, у той час, калі ўсе накіраваны на зараблянне грошай, раптам МРОЖАК … Такая смеласць, сама па сабе, ды яшчэ ў цяперашніх рэаліях выклікае павагу. Галоўны поспех, Генадзь Гатоўчыц. Менавіта яму ўдавалася рабіць паветра ў зале «густым». Хто яго ведае, можа менавіта зараз і саспела сітуацыя, калі «афіцыйнаму» тэатру, бліскучаму часам, і заўсёды гладкаму як шкло, хтосьці здолее супрацьпаставіць нешта іншае, хай шурпатае і не гэтак бліскучае? Так як было ў пачатку дзевяностых. Тады ўсё пачыналася менавіта з гэтага. Хто ведае, можа менавіта цяпер як ніколі нам, ТЭРМІНОВА ПАТРАБУЕЦЦА такі ТЭАТР ”. Дзяніс Нупрэйчык, тэатральны рэжысёр

 

Пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску

Квіткі ад 100 тыс. Замова па тэл.:  8 (029) 120-5555


Вам можа быць цікава

Выстава Змітра Жаўнова "Страх і Смех" у Варшаве

11.11.2025 16:00 - 18.12.2025 17:00 Музей Вольнай Беларусі (ul. Foksal 11)

Выстава "Завадная птушка і аднарог" у Мінску

12.12.2025 12:00 - 01.02.2026 20:00 НЦСМ (вул. Някрасава, 3)

Музейная батлейка “Раство Хрыстова” ў Гродне

18.12.2025 (17:30 - 18:30) Новы Замак (вул. Замкавая, 22)

Майстар-клас па завіванні наміткі ў Брэсце

19.12.2025 16:00 - 20.12.2025 17:00 Мастацкі музей (вул. Герояў Абароны Брэсцкай Крэпасці, 60В)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ