Часта можна пачуць, што Усходняя Беларусь была вельмі саветызаваным рэгіёнам краіны, жыхары якога лаяльна ставіліся да камуністаў, а шмат хто падзяляў іх погляды. Калі ж азнаёміцца з архіўнымі дакументамі, а не верыць створаным міфам, то карціна выглядае абсалютна іначай — жыхары розных рэгіёнаў Усходняй Беларусі падымалі бунты і цэлыя паўстанні ў першае дзесяцігоддзе існавання савецкай улады.
Не толькі кулакі, але і сераднякі ва Усходняй Беларусі з усталяваннем савецкай улады добра зведалі палітыку «ваеннага камунізму» і асабліва «харчразвёрстку», калі ў сялянаў адбіралі ўвесь хлеб, бульбу і іншыя прадукты. Гэта спустошвала вёску, выклікала голад. Эканамічны авантурызм бальшавікоў, гвалтоўнае стварэнне камун і саўгасаў, рабаўніцтва — гэтыя і іншыя прычыны падштурхоўвалі сялян да выступленняў супраць дзеючых уладаў. Адно з самых паказальных паўстанняў Усходняй Беларусі адбылося на тэрыторыі сённяшняга Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Тутэйшыя вяскоўцы не прымалі камуністычных ідэяў і былі гатовы змагацца са зброяў у руках за права жыць па сваіх парадках.
Прычыны Прапойскага паўстання, адкуль пра яго вядома
У савецкай гістарыяграфіі антыбальшавіцкі рух меў назву «бандытызм», «банды», «нацыяналісты» і г. д. Насамрэч звычайная вёска, з дапамогай партызан (так званых «зялёных») імкнулася адстойваць свае інтарэсы. У 1918-1919 гг. адбыўся цэлы шэраг антысавецкіх выступленняў на тэрыторыі Усходняй Беларусі.
Сярод антысавецкіх паўстанняў на золку з’яўлення дзяржавы сялянаў і пралетарыяў належнае месца некалі зойме Прапойскае паўстанне, якое ахапіла тры чвэрці цяперашняга Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Звесткі пра Прапойскае паўстанне ўтрымліваюцца ў матэрыялах Прапойскага РК КПБ(б) за 1930 год, якія знаходзяцца ў дзяржаўным архіве Магілёўскай вобласці. Гэта старонка машынапіснага тэксту — данясенне мясцовага райаддзелу міліцыі ў райкам ад мая 1930 года аб «Палітстановішчы раёну».
У данясенні шмат гаворыцца аб падзеях 1919-1920 гг. Прычым сама міліцыя ўжывае тэрмін «паўстанне». У гэтым дакуменце ўзгадваецца вёска Жалезінка Іванішчавіцкага сельсавету, у якой знаходзіўся штаб паўстання, што можа сведчыць аб добрай арганізацыі. Як было адзначана ў дакуменце, паселішча было ўтворана за царскім часам. На думку органаў, на 1930 год палову жыхароў вёскі складалі «кулакі» і моцныя сераднякі, а другую палову — сераднякі і беднякі.
Вёску Жалезінка заснавалі перасяленцы з Заходняй Беларусі. Яны самі выкарчавалі лес, асушылі балоты і распрацавалі глебу. Штаб паўстання невыпадкова знаходзіўся менавіта ў Жалезінцы — мясцовыя жыхары катэгарычна не прымалі бальшавіцкіх рабункаў. Вось прозвішчы заснавальнікаў вёскі: Гоевы, Грамыкі, Грахоўскія, Іваноўскія, Пухоўскія. У большасці яны былі раскулачаны і высланы за межы Беларусі. На вялікі жаль, вёска сёння практычна знікла, у ёй стала цяпер ніхто не жыве, хоць захаваліся некаторыя хаты і мясцовыя могілкі.
Мітынг у Прапойску з нагоды гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, 1918 год. Крыніца: wikipedia.org
Паводле архіўнага дакумента, паўстанне ахапіла тэрыторыю Прапойскага местачковага, Ржаускага, Кульшыцкага, Іванішчавіцкага, Чэрнякоўскага, Васькавіцкага, Гайшынскага, Гіжэнскага сельсаветаў. Насельнікі гэтых сельсаветаў падчас паўстання 1919-1920 гг., згодна з данясеннем, «убівалі чырвонаармейцаў, адбіралі абмундзіраванне і снараджэнне», але пры гэтым не наносілі ніякай шкоды мірнаму насельніцтву. Найбольш актыўнымі былі жыхары Кульшыцкага і Іванішчавіцкага сельсаветаў. Выступленні працягваліся да 1921 года, а ў Чэрняхоўскім, Іванішчавіцкім і Гайшынскім сельсаветах ажно да 1929 года.
Мапы антыбальшавіцкіх паўстанняў на Магілёўшчыне і сялянскага выступлення на тэрыторыі Слаўгарадскага раёна з газетнай публікацыі І. Пушкіна. Крыніца: «Тыднёвік Магілёўскі»
Асноўнай прычынай паўстання быў пратэст супраць палітыкі «ваеннага камунізму» і гвалтоўных рэквізіцый харчавання, а таксама нацыянальны ўціск. У пачатку 1919 года рашэннем маскоўскіх бальшавіцкіх уладаў Віцебская, Смаленская, Магілёўская губерні былі вылучаныя з БССР і далучаныя да РСФСР. На гэтай тэрыторыі з боку мясцовага партыйнага і савецкага кіраўніцтва панавалі антыбеларускія настроі, непрыняцце беларушчыны.
Аляксандр Вазіла ў авангардзе паўстанцаў?
На вялікі жаль, пра Прапойскае паўстанне мала звестак, і дагэтуль не вядома, хто кіраваў сялянскім выступленнем на тэрыторыі цэлага раёна. Паводле адной з версій краўніком паўстання мог быць ураджэнец Прапойска, удзельнік рэвалюцыйнага руху, публіцыст і паэт Аляксандар Вазіла. Але гэта вельмі спрэчна, тым больш што ніякіх прамых сведчанняў няма.
Вазіла ўдзельнічаў у Першым Усебеларускім з’ездзе ў 1917 годзе, але выступіў супраць намеру абвясціць беларускую дзяржаўнасць. Ён адносіўся да так званых «абласнікоў», якія нічога не мелі супраць нацыянальнага самавызначэння беларусаў, але толькі ў складзе тагачаснай Расійскай рэспублікі. Менавіта Вазіла на Усебеларускім з’ездзе выступіў з палкай прамовай, у якой абгрунтоўваў сваю грамадска-палітычную пазіцыю наконт будучыні Беларусі. Вось яе фрагмент:
«Наш беларускі лёс занадта шчыльна пераплецены з лёсам усяе Расіі. Цэлыя стагоддзі мы жылі разам з усім рускім народам. Нашыя багацці, нашая праца і сіла блізка, вельмі блізка, спаяныя з усім рускім. І цяпер, калі непазбежная неабходнасць ставіць Беларусь у стан самавызначыцца, мы павінны ведаць — як і на якіх пачатках...
Выкарыстаўшы сапраўдную магчымасць, якая здараецца рэдка, Беларускі край мусіць самавызначыцца на пачатках шырокай аўтаноміі ў палітыка-адміністратыўных, эканамічных і культурна-нацыянальных адносінах — г. зн. стаць цэльнай вобласцю — з поўнымі правамі ў кіраванні сабою, у гаспадарчым жыцці і ў будаўніцтве сваёй беларускай культуры. І, будучы шырока аўтаномным народам, Беларусь павінна ўвайсці ў Вялікі Рускі Саюз, такімі чынам утварыўшы Фэдэратыўную Расійскую Рэспубліку...».
Першы Усебеларускі з’езд каля будынка Мінскага гарадскога тэатра. Крыніца: belhistory.com
З прадмовы бачна, што Аляксандр Вазіла не верыў да канца ў самастойнае існаванне беларускага народа, бо знаходзіўся пад уплывам «заходнерускай» ідэалогіі і Беларусь уяўляў як частку Расіі, але з пашыранай аўтаноміяй. Пры гэтым ён не адмаўляў праву беларусаў на самавызначэнне, бо сам быў часткай народа. Вазіла быў па-свойму таленавіты, паходзіў з простага народа, але змог атрымаць адукацыю і браў удзел у агульнарасійскім рэвалюцыйным руху, за што быў на некаторы час нават сасланы ў Сібір, маючы пры гэтым усяго крыху больш за 20 год.
Ён таксама далучыўся да літаратурнай працы і нават выдаў у 1914 годзе зборнік паэзіі «Хвалі» («Волны»), які быў канфіскаваны цэнзурай (у кнізе была і аўтабіяграфічная частка пра жыццё ссыльных у Сібіры), а супраць аўтара распачата судовая справа. Аляксандр Вазіла вядомы таксама і як публіцыст. Яго тэксты выходзілі ў перыядычных выданнях «Белорусская криница» і «Белорусский вестник». Публіцыстычныя матэрыялы, як і паэзію, пісаў выключна на рускай мове і друкаваўся пад рознымі псеўданімамі і крыптанімамі: Алек де Вазиллини; Клим Злобич; Правдолюб; Антон Хатыня; Саша Косматый; Аль-Вэ.
Нягледзячы на тое, што Аляксандр Вазіла нарадзіўся ва Усходняй Беларусі, ён хутчэй за ўсё быў чалавекам рускай культуры і выхавання. Ён пабадзяўся па Расіі, сядзеў у царскіх турмах, мроіў пра сусветную рэвалюцыю, і пры гэтым забываўся на Беларусь. Але Беларусь усё роўна яго клікала, і ён зрабіў свой унёсак у лёс роднага краю. Драма гэтага дзеяча ў тым, што з аднаго боку, Вазіла ўсведамляў сябе этнічна беларусам, а з другога, быў носьбітам чужой свядомасці. Пры гэтым варта падкрэсліць, што ў яго пакрысе адбываўся прагрэс развіцця нацыянальнай свядомасці ў далейшым. Нездарма ў 1918 годзе Вазіла становіцца загадчыкам агітацыйна-выдавецкага пададдзела Беларускага нацыянальнага камітэта (Белнацкама) і паралельна рэдактарам беларускамоўнага перыядычнага выдання «Чырвоны шлях», з якім супрацоўнічалі Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны і нават этнограф Аляксандр Сержпутоўскі. З 1919 года Аляксандр Вазіла адыходзіць ад палітычнай дзейнасці, вяртаецца ў родны Прапойск (сённяшні Слаўгарад). І менавіта ў 1919 годзе выбухнула антыбальшавіцкае паўстанне на Прапойшчыне.
Газета «Чырвоны шлях». Крыніца: nlb.by
Ці мог чалавек з прасавецкімі поглядамі ўзначальваць сялянскае антыбальшавіцкае выступленне?
Пытанне застаецца адкрытым, але хутчэй адказ будзе адмоўным, чымся станоўчым. Беларускі дзеяч, які марыў пра сацыялістычную рэвалюцыю і пабудову новага дзяржаўнага ладу, наўрад ці мог пайсці супраць сваіх жа перакананняў. Хоць момант глыбокага расчаравання ў працэсах, што пачалі адбывацца ў маладой савецкай дзяржаве, адкідаць нельга.
У 1932 годзе Вазілу арыштоўваюць у Маскве, пасля прывозяць у Беларусь і абвінавачваюць у арганізацыі контррэвалюцыйнай арганізацыі ў Прапойскім раёне. Пасля яго ссылаюць у Казахстан, дзе ў 1937 годзе ён зноў быў арыштаваны, абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці і прывезены ва Уладзімірскі палітычны ізалятар, дзе паўторна абвінавачаны ў стварэнні падпольнай антысавецкай арганізацыі ўжо ў ізалятары. Урэшце яго расстралялі 4 снежня 1937 года.
Нельга выключаць, што Вазілу падчас абвінаваўчага працэсу проста неапраўдана прыпісалі дзейнасць у Прапойскім паўстанні, каб арыштаваць як небяспечнага элемента. Таксама можна дапускаць, што ён пад маральнымі і фізічнымі здзекамі рэпрэсіўнай савецкай машыны вымушаны быў прызнацца ў тым, чаго ніколі не рабіў. Вельмі сумнеўна, каб Аляксандр Вазіла сапраўды знаходзіўся ў авангардзе падзеяў 1919-1920-х гг. на Прапойшчыне, хоць да канца выключаць гэтую магчымасць нельга.
Антысавецкая барацьба ў іншых рэгіёнах Усходняй Беларусі
Прапойскае антыбальшавіцкае выступленне было ва Усходняй Беларусі не адзіным. На Магілёўшчыне вядомыя таксама паўстанні 1919 года ў Чавусах, Горках і іншых месцах.
Паводле інфармацыі з архіваў, антысавецкая партызанская барацьба на Магілёўшчыне працягвалася да сярэдзіны 1930-х гг. У пэрыяд 1921-1928 гг. дзейнічалі ўзброеныя атрады Пруднікава, Новікава, Казановіча, Рыжыкава-Бестужава, Ступакова, Агароднікава на тэрыторыях Гарадзішчанскага, Дасовіцкага, Махаўскага, Амхоўскага, Шчажэрскага, Таранаўскага, Мастоцкага, Машанацкага, Гаранскага, Бракаўскага, Пашкаўскага сельсаветаў Магілёўскага раёна. У савецкіх дакументах адзначана, што супраціў працягваўся да 1935 года на абшарах Гаранскага, Пашкаўскага, Мастоцкага, Таранаўскага і Махаўскага сельсаветаў.
Удзельнікі Тамбоўскага паўстання. Прыблізна так маглі выглядаць і прапойскія паўстанцы. Крыніца: charter97.org
Досыць цікавы выпадак адбыўся з сялянскім выступленнем пад Оршай. Савецкія вайсковыя ўлады ў Смаленску атрымалі загад выслаць у Оршу полк пяхоты, які дыслакаваўся ў Смаленску. Мэтай быў удзел у падаўленні сялянскага паўстання, якое выбухла ў ваколіцах Оршы. Калі жаўнеры даведаліся, што павінны вырушыць супраць паўстанцаў, то адмовіліся падпарадкоўвацца і зладзілі мітынг, на якім выказвалі антысавецкія прамовы. Палітычны камісар палка Голдман, які прыбыў у казармы, быў забіты. Аддзел ДПУ раззброіў збунтаваных жаўнераў. Аднак улады адмовіліся ад масавых рэпрэсій супраць бунтаўнікоў і абмежаваліся ліквідацыяй палка.
Гэты выпадак стаў настолькі гучны, што пра яго нават напісала польская прэса. У верасні 1925 года ў адной з польскіх газет з’явілася інфармацыя пра антысавецкае паўстанне ў ваколіцах Оршы і бунт бальшавіцкіх вайскоўцаў, якія былі высланыя на яго падаўленне.
Зацемка ў польскамоўнай газеце пра паўстанне ў ваколіцах Оршы. Крыніца: racyja.com
Між іншым, звесткі пра антыбальшавіцкія выступленні яскрава абвяргаюць тэзу савецкай гістарыяграфіі аб усеагульнай падтрымцы беларускім народам камуністычнай партыі бальшавікоў і савецкай улады наогул.
Шэраг беларускіх савецкіх гісторыкаў раней сцвярджалі, што ў цэлым з палітычным супрацівам было скончана да 1922 года, а цалкам да сярэдзіны 1926 года. Аднак прыведзеныя факты паказваюць, што гэта хлусня і супраціў простых беларускіх сялянаў савецкім парадкам трываў доўга, бо настолькі непрымальнымі яны былі для тутэйшых беларусаў.
Хведар Прылёпаўскі, Budzma.org