У галерэі Савіцкага — выстава елачных цацак «У крохкім шары — свет чароўны»!
Месца: мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, пл. Свабоды, 15, Мінск
Тут сабрана больш за дзвесце ёлачных шароў і іншых цацак з калекцыі Наталлі Кавалёвай.
Па елачных шарыках можна прасачыць, як змяняліся погляды на свята з эпохі ў эпоху, якія тэмы ды праблемы займалі думкі людзей у той ці іншы час, якія ў іх былі (ці якія ім навязвалі) ўяўленні аб прыгажосці ды шчасці.
На працягу 1930–1980-х гадоў мяняўся матэрыял ёлачнага шара (ад цяжкога таўстасценнага да лёгкага, бязважкага шкла і, нарэшце, небіткага пластыка), удасканальвалася форма (з’явіліся шары свабоднага выдзімання, шары-пражэктары з выемкай), змяняліся спосабы дэкаравання (ад ручнога роспісу да выкарыстання трафарэтаў, святлоназапашвальнай фарбы, пераводных малюнкаў).
Калекцыю Наталлі Кавалёвай дапоўнілі прадметамі і інсталяцыямі з фондаў музея, каб вы адчулі атмасферу свята такой, як яна была ў сярэдзіне ХХ стагоддзя.
На афішы, дарэчы, адны з самых старых экспанатаў выставы — распісаныя ўручную шары 1930-х гадоў украінскай вытворчасці.
То прыходзьце дакрануцца да свята, якім яго памятаюць вашыя прабабулі, бабулі ды бацькі!