У аўторак, 27 лютага, у музеі-запаведніку «Заслаўе» пачынае працу выстава аўтарскіх упрыгожванняў з бісеру Веры Занкевіч «Гарлячкі. Стыль і традыцыя».
Дата: з 27 лютага
Месца: музей-запаведнік «Заслаўе», вул. Рынкавая, 4, Заслаўе
Аснову экспазіцыі складае калекцыя, распрацаваная на аснове традыцыйнага шыйнага ўпрыгожвання — гарлячкі, характэрнай для Гомельшчыны.
Зараз гарлячкі набываюць папулярнасць, іх носяць не толькі з традыцыйнымі строямі на адмысловых мерапрыемствах, але і з сучаснымі строямі.
Вырабы Веры Занкевіч па матывах гарлячак — гэта творчая інтэрпрэтацыя аўтэнтычных упрыгожванняў, каўнерыкі і чокеры, выкананыя ў старажытнай тэхніцы нізання, а таксама ўпрыгожванні з арнаментамі тканых і вышываных вырабаў.
Таксама на выставе можна пабачыць рэканструкцыю гарлячкі да Брагінскага строя Гомельскай вобласці.
Акрамя гарлячак на выставе ёсць і герданы з калекцыі «Па матывах ткацтва». Гердан — гэта старажытнае нагруднае ўпрыгожванне.
Арнаменты для герданаў узяты з традыцыйных беларускіх посцілак і дываноў, гэта шматколерныя кампазіцыі на чорным фоне з геаметрычным ці раслінным арнаментам, матыў вазона з кветкамі. У некаторых герданах колькасць адценняў бісеру дасягае дзесяці.
Герданы сплеценыя ў тэхніцы ручнога бісернага ткацтва, калекцыя стваралася ў перыяд з 2018 па 2023.
Таксама прадстаўлены герданы з арнаментамі, якія вышываліся на традыцыйных беларускіх строях, калекцыя бісерных торбачак і вялікодныя яйкі на драўлянай аснове, аплеценыя бісерам.
Выстава прысвячаецца маці спадарыні Веры, якая жыла ў Заслаўі з маленства.