Усё часцей можна сустрэць і пачуць, што Гародня – гэта беларускі Кракаў ці Львоў. Яшчэ большую актуальнасць гэтыя словы набылі пасля ўвядзення бязвізавага рэжыму. Калі казаць пра згаданыя вышэй Кракаў і Львоў, то мы маем вельмі паспяховыя прыклады брэндынгу гарадоў. Але на што ў дадзеным выпадку здольная Гародня? Які ён, патэнцыял горада, і якім чынам яго можна рэалізаваць? Як выглядаюць сімвалы горада над Нёманам і хто яны? Што (не) адрознівае Гародню ад іншых гарадоў? Хто фармуе гарадскую ідэнтычнасць і стварае імідж і якія яны, гарадзенцы і Гародня, у Беларусі і за мяжой?
Такія пытанні для адкрытай дыскусіі прапануе грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” сумесна з Цэнтрам гарадскога жыцця (Гародня).
Запрошаныя эксперты:
– Зміцер Сурскі, старшыня Беларускага саюза дызайнераў (Мінск);
– Сяргей Грыневіч, мастак (Гародня);
– Ірына Працко, мастачка, дызайнерка (Гародня);
– Аксана Сівадзедава, галоўны рэдактар гарадзенскага гарадскога часопіса “Твой город Гродно”;
Мадэратар – Алесь Сураў, мастак (Гародня).
Да адкрытага абмеркавання запрашаюцца дзеячы культуры і мастацтва, прадстаўнікі культурніцкага і творчага бізнесу, грамадскія актывісты, журналісты, студэнты і ўсе неабыякавыя да Гародні людзі.
Афлайнавае ток-шоў адбудзецца 21 лістапада (серада) у 19:00 у Цэнтры гарадскога жыцця, вул. Кірава, 3.
Уваход вольны!