Галерэя сучаснага мастацтва “Ў” рада прадставіць персанальную выставу нью‑ёркскай мастачкі Аліны Блюміс. Аліна Блюміс нарадзілася ў Мінску, вучылася ў Нью-Ёрку, шырока выстаўлялася ў ЗША і Еўропе. Гэта першая персанальная выстава мастачкі на яе радзіме.
Выстава працягнецца з 9 па 31 кастрычніка. Адкрыццё адбудзецца 9 кастрычніка (чацверг), 19:00, уваход вольны. Куратарка выставы Ірэна Папіяшвілі.
Назва выставы адсылае да серыі “Большасць з нас”, рэалізаванай мастачкай у 2018-2019 гадах. Гэтая работа ў 14 частках грунтуецца на тэкстах, якія апісваюць, як “большасць з нас” нараджаецца, верыць, пакланяецца, есць, спажывае, валодае, губляе, працуе, марыць і праводзіць жыццё.
Аліна Блюміс вывучала сусветную статыстыку, дэмаграфічныя даследаванні і глабальныя апытанні, імкнучыся вызначыць асноўныя характарыстыкі грамадзяніна свету. На падставе праведзенага аналізу мастачка пабудавала вербальны партрэт “найбольш тыповага чалавека”. Хоць статыстычна дакладна, што “большасць” з нас носіць імя Мухамед і прозвішча Лі, але, як адзначае Стаматына Грэгары ў сваім тэксце, прысвечаным праекту Блюміс, “ніякага грамадзяніна свету, складзенага з абагуленых дэмаграфічных дадзеных, не існуе”. Насамрэч гэтыя заснаваныя на апытаннях тэкставыя партрэты з’яўляюцца якімі заўгодна, але не тыповымі.
Акт класіфікацыі, даследавання, збору і стварэння новых узораў упарадкавання мае для мастачкі істотнае значэнне. Каб стварыць серыю “Аматарскае назіранне на пашпартным кантролі”, мастачка вывучыла ўсе 195 пашпартоў, якія існуюць у свеце. Яна разабрала сімвалізм гербаў, размешчаных на вокладках, і выявіла 4 асноўныя катэгорыі сімвалаў: флора, птушкі, вялікія кашэчыя і зброя. Ад ліванскага кедра да маўрыкійскай птушкі дадо, ад грузінскіх львоў да АК-47 з Усходняга Тымора.
Гэта серыя складаецца з 4 частак – “Аматарскае назіранне за птушкамі на пашпартным кантролі”, “Аматарскае назіранне за вялікімі коткамі на пашпартным кантролі”, “Аматарскае назіранне за раслінным светам на пашпартным кантролі” і “Аматарскае назіранне за арсеналам на пашпартным кантролі” (2016-2019) – і адлюстроўвае цікавае скрыжаванне паміж народамі і прыродай.
Таксама выстава ўключае ў сябе творы “Маё савецкае дзяцінства, Ён” і “Маё савецкае дзяцінства, Яна”, 2018. Блюміс стварыла гэтыя работы ў суаўтарстве са сваім даўнім партнёрам Джэфам Блюмісам. Дыптых складаецца з дзіцячай калекцыі паштовак Джэфа Блюміса, на якіх выяўлены савецкія кіназоркі з канца 60-х да 80-х гадоў. У былым СССР любая візуальная інфармацыя, асабліва звязаныя з поп-культурай фотаздымкі, старанна збіралася і вывучалася. Выгляд і даследаванне птушак, вялікіх котак, зброі і флоры на вокладках пашпарта цесна звязаныя з цікаўным позіркам, які развіваецца падчас калекцыянавання паштовак з зоркамі савецкага кіно. Гэта вуаерыстычнае задавальненне, дасведчанае ў дзяцінстве ў працэсе парадкавання розных калекцый: ад паштовых марак да герояў поп-культуры – важна для разумення як “Большасці з нас”, так і “Аматарскага назірання на пашпартным кантролі”.
Адначасова з гэтай выставай у Аліны Блюміс адбываецца персанальнае шоу ў галерэі Анн Дэ Вільпуа ў Парыжы. Зусім нядаўна Аліна Блюміс выстаўлялася ў Галерэі Джэймса Вышэйшай школы “CUNY” (Нью-Ёрк, ЗША), Музеі сучаснага мастацтва (Кліўленд, ЗША) і Габрэйскім музеі (Нью-Ёрк, ЗША). Яе творы знаходзяцца ў розных прыватных і дзяржаўных калекцыях, у тым ліку ў “MAC VAL” у Музеі сучаснага мастацтва Валь-дэ-Марн (Францыя), Маскоўскім музеі сучаснага мастацтва (Расія); Музеі сучаснага мастацтва Бат-Ям (Ізраіль); Калекцыя Саатчы (Вялікабрытанія); Гарвардскай школе бізнесу (ЗША); Нацыянальным музеі амерыканскай габрэйскай гісторыі (Філадэльфія, ЗША) і Калекцыя Місоні (Італія).
Білеты на выставу:
Дарослы – 5 byn; студэнты – 3 byn; па клубных картах, школьнікі, пенсіянеры, людзі з інвалюднасцю – вольны ўваход.