Паэт-пачатковец пасля пераезду з правінцыі хутка ператварыўся ў багемную зорку сталіцы. Мог зайсці ў Дом пісьменніка, крыху нападпітку сесці ля вакна ды «думаць вершы». Думы заўчасна перарвалі — шлях Тодара Кляшторнага скончыўся куляй у крывавую ноч для Беларусі. З 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях «амерыканкі» савецкія карнікі расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты.
Тодар Кляшторны
Тодар Кляшторны нарадзіўся 11 сакавіка 1903 года ў вёсцы Парэчча пад Лепелем. Пасля службы ў войску вучыўся на рабфаку ў Оршы. У 1931 годзе скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў на радыё, у рэспубліканскіх газетах і часопісах. Быў сябрам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша», БелАПП. Дэбютаваў вершамі Тодар Кляшторны на старонках «Аршанскага Маладняка» ў 1925 годзе.
Сябры літаратурнага аб’яднання «Маладняк», 1927 г. Тодар Кляшторны першы злева ў першым шэрагу
У Менск Тодар Кляшторны пераязджае ў 1927 годзе ўжо заўважным аўтарам, неўзабаве выходзіць першы зборнік вершаў «Кляновыя завеі». Пасля — «Светацені» (1928), «Ветразі» (1929), «Палі загаманілі» (1930), «Праз шторм — на штурм» (1934).
Не цураўся Тодар Кляшторнага і жыцця сталічнай мастацкай багемы. Ён уваходзіць у легендарны ТАВІЗ — Таварыства аматараў выпіць і закусіць, дзе таксама адзначыліся Алесь Дудар, Міхась Багун, Сяргей Дарожны, Валеры Маракоў, Васіль Каваль, Юлі Таўбін ды іншыя паэты і пісьменнікі. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, Кляшторны мог зайсці ў Дом пісьменніка, крыху нападпітку сесці ля вакна ды «думаць вершы». Пакой ягоны, паводле ўспамінаў Максіма Лужаніна, часта рабіўся месцам цёплых сяброўскіх сустрэч пісьменнікаў, «часам з пляшкай лошыцкага віна з агрэсту ці антонаўкі». А ў ганарарныя дні Кляшторны ініцыяваў сяброўскія бяседы «на закрытым ад цікаўных вачэй балкончыку рэстарана «Эўропа»».
У сваё роднае Парэчча Кляшторны апошні раз прыязджаў улетку 1936 года. 3 лістапада 1936-га быў арыштаваны ў Менску. Трэцяга чэрвеня 1937 года Галоўліт БССР выдае Загад № 33 «Спіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі з бібліятэк грамадскага карыстання, навучальных устаноў і кнігагандлю». «Усе кнігі» Кляшторнага прадугледжвалася «спальваць». 29 кастрычніка 1937 года асуджаны пазасудовым органам НКУС як «член антысавецкай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны ў наступную ноч. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8 чэрвеня 1957 года.
Тодар Кляшторны, 1937 г.
Занураны ў сябе
Тодар Кляшторны спрабаваў спасцігнуць свет праз сузіранне, а не праз актыўнае дзеянне. Досыць у яго вершах меланхоліі і нават песімізму. Вось, напрыклад, верш «Раніца»:
Сонца з-за ўзгоркаў не выйшла
Ў росах свой твар паласкаць.
Шэпчуць калоссямі ўзвышшы,
Пахне расой сенажаць.
Гай апушыўся туманам,
Гай заглядзеўся у высь, -
Кудрамі лісцяў з кургану
У прозалаць возера звіс.
Максім Лужанін у адной з замалёвак успамінаў, як разам з Тодарам лавілі рыбу:
«Тодар змайстраваў дзве вудачкі і ранічкаю стаў знікаць з дому да майго абуджэння. Даводзілася доўга чакаць на снеданне — гукнеш, а ў адказ маўчанне. Я пачынаў абшарваць узбярэжныя кусты. І падгледзеў: Тодар з прыстылай да губіны папяросінай сядзеў на беразе возера і неадрыўна глядзеў, як скача і жывіцца мошкамі рыба. Вуды ляжалі каля яго ненажыўленыя».
Сваім сістэма не прызнавала
Сузіранне і меланхолія актыўным будаўнікам камунізму не падабаліся.
«Гэтая п’яная, падгітарная лірыка з’яўляецца выражэннем настрояў падонкаў сучаснага грамадства», — пісаў крытык Уладзімір Сядура ў «Полымі» за травень 1931-га.
І далей: «Зборнік «Ветразі» выяўляе ці прадстаўляе перад намі поэту Т. Кляшторнага двума яго абліччамі. (Кажучы гэтак, мы маем на ўвазе, вядома, крайнія полюсы, гэтае творчасці, між якімі ляжыць цэлы пераплёт тэндэнцый прамежна пераходнага характару). З аднаго боку Т. Кляшторны тут той паэта, якім ён прыйшоў у беларускую літаратуру, а менавіта — поэта мелянхолічнага суму, пэсымізму, сьпявак тонкіх «лірычных» любоўных перажываньняў пад гітарныя гукі і ліцьцё слёз па пражытым, поэта рангу эпігонаў Есеніна, поэта «ледзяных гітар» з якіх выціскаюцца аўтарам песьні аджываючай і паміраючай клясы, якая, сыходзячы з гістарычнае арэны, шукае сабе «збавеньне» ад назойлівых думак аб сваёй гібелі, забаву і асалоду ў чадзе моральнай і матэрыяльнай богэмы, у разбэшчанасьці, у разлажэньні».
Беларускі ж паэт Анатоль Вольны, забіты нкусаўцамі ў тую ж ноч разам с Кляшторным у тым жа месцы, пісаў у 1932-м: «Тодар Кляшторны? Я, скажу шчыра, баюся, — ці не зрабіў Сэрвантэс плагіят з Тодара, калі пісаў свайго Дон-Кіхота. Прынамсі, калі б даць Тодару Кляшторнаму Багуна ў Санчы-Пансы, — шмат млыноў яны б перамаглі на сваім непераможным шляху».
І паэт дазваляў сабе не любіць сістэму
У паэме «Калі асядае муць» напісаў: «Ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ — пад ГПУ».
У адной з апошніх кніг — казцы «Пра зайца, ваўка і мядзведзя», 1934 год — у вобразе зайца, як лічаць даследчыкі, паказаў беларускага інтэлігента, які жыве ў атмасферы татальнага гвалту і страху.
Казка Тодара Кляшторнага «Пра зайца, ваўка і мядзведзя»
Дарэчы, год таму ў варшаўскім выдавецтве Słowianka выйшла незвычайная дзіцячая кніжка па гэтым вершы Тодара Кляшторнага. І гэта не проста перавыданне верша «Пра зайца, ваўка і мядзведзя» — гэта кніга з тых, якія можна доўга разглядаць, складаць і раскладаць, вывучаць насельнікаў беларускага зімовага лесу.
Казка Тодара Кляшторнага «Пра зайца, ваўка і мядзведзя», выдадзеная ў 2023 годзе выдавецтвам Słowianka
Вершам Кляшторнага пасуе і электрычнасць, вось нумар на фаталісцкі верш «Растратчык» ад гурта Tonqixod:
А вось вялікая лекцыя паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча пра асобу Тодара Кляшторнага, ягоны час і творчасць.
Сям’ю ў пакоі не пакінулі
Тодар Кляшторны быў жанаты з Янінай Міхайлаўнай Германовіч (1909–1959), арыштаванай і асуджанай 28 лістапада 1937 года асобай нарадай пры НКУС БССР як «чалец сям’і здрадніка радзімы» да 8 гадоў лагераў.
Меў траіх дачок: Тадзіяну (ад першых складоў імёнаў бацькі і маці), дзіцячую паэтку, Весналіну і Маю, адну з кіраўнікоў Мартыралёгу Беларусі.
Тодар Кляшторны і Яніна Германовіч. Калаж «Нашай Нівы»
На момант допытаў маці старэйшай дачцэ Тадзіяне было 6 гадоў, сярэдняй Весналіне — 4 гады. Малодшая дачка Мая нарадзілася ў апошні дзень мая 1937, праз паўгода пасля арышту бацькі, але ягонай жонцы ўдалося дабіцца спаткання. «Мама бачыла бацьку, бацька бачыў неданошанае, але жывое немаўля», — распавядала пасля Мая Кляшторная. На момант допыту маці ёй было ўсяго 3 месяцы.
«Маме казалі: 10 год без права перапіскі, і яна верыла ў гэта — і ў Акмалінскім лагеры, і пасля на пасяленні ў Сібіры, здзіўлялася, чаму бацька нас не шукае, 10 гадоў жа прайшло, «ён, напэўна, ужо дома і нас чакае», — распавядала Мая Кляшторная ў інтэрв’ю «Нашай Ніве».
Мая Кляшторная. Крыніца фота: «Наша Ніва»
Пасля вяртання з сібірскіх высылак у Беларусь Мая Кляшторная ўключылася ў аднаўленне памяці — і не толькі бацькі. Яна працавала ў камісіі Мартыралёгу Беларусі, якая збірала звесткі пра рэпрэсаваных. Да яе ішлі людзі, якія імкнуліся высветліць лёс рэпрэсаваных родных, якія шукалі і збіралі адпаведныя дакументы. Пасля пераходу Зянона Пазняка ў палітыку менавіта Мая Кляшторная ўзначаліла таварыства.
У Беларусі захоўваецца толькі адзін аўтограф паэта Тодара Кляшторнага.
Р.С., budzma.org
Чытайце яшчэ: Тры забойствы Тодара Кляшторнага. Піша Андрэй Хадановіч