Ініцыятыва Maldzis нядаўна пахвалілася «Статутам ВКЛ» 1693 года. Кніга была выкупленая на грошы беларусаў-ахвярадаўцаў. Ды — мае паехаць у Беларусь, а менавіта — у гісторыка-краязнаўчы музей у Наваградку. Усё б добра, каб... тое не было ў 2024 годзе.
Чаму не цяпер? Тлумачыць пісьменнік і публіцыст Алесь Кіркевіч.
Алесь Кіркевіч. Фота з асабістага архіву аўтара
Можна запярэчыць, маўляў, вяртанне гісторыі — рэч пазачасовая. Няважна, які зараз год і як завуць прэзідэнта. Менавіта таму добрыя людзі і скінуліся на «Статут». Каб адправіць яго ў краязнаўчы музей краіны з 40 000 камер назірання (як мінімум, кнігу не скрадуць). Словам, як і прапісана ў мэтах каманды праекта на сайце Maldzis: «пабудова кансалідаванага грамадства з моцнай ідэнтычнасцю і ўмацаванне вобраза Беларусі як еўрапейскай краіны» — задача на кожны дзень. Дык чаму не зараз, куды адкладаць? Паспрабую патлумачыць, чаму ўсё ж «не цяпер».
«Прынеслі», «спонсары», «добрыя людзі»...
Што будзе, калі кніга прыедзе ў Наваградскі краязнаўчы музей (калі, канешне, даедзе)? Пярэпалах. Усе гэтыя цётачкі, якія займаліся сваімі прамымі абавязкамі — чай з абаранкамі, дзень кібербяспекі, акцыя «Окна победы» — атрымаюць квэст. Што рабіць з кнігай? Як яе аформіць? Што за Maldzis? Ці можна яе выстаўляць? А калі спытаюць пра паходжанне?..
Давайце паспрачаемся на пляшку Bourbon, што публічна выстаўляць яе ніхто не асмеліцца. А калі асмеліцца, пасля цяжкіх і балючых узгадненняў у аддзеле культуры, то казаць пра паходжанне будзе нельга. «Прынеслі», «спонсары», «добрыя людзі» — нейтральна. Лагічна, бо раптам Maldzis сёння-заўтра акажацца ў спісе экстрэмістаў. А можа нават вырасце да «фармавання», што тады? Значыць, і цётачка, якая змясціла «Статут» пад шкло — таксама ўдзельніца гэтага фармавання?.. І калі па тую цётачку прыйдуць людзі з сумнымі вачыма, для СМІ гэта будзе загаловак. А для яе — паламанае жыццё.
Не-не, лепш як раней. Чай з абаранкамі, дзень кібербяспекі, акцыя «Окна победы»...
"Дзень кібербяспекі" ў Наваградскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Фота з сайта музея
«Ірачке прышлось красіцца, патаму што прыязжалі с СТВ...»
Вяртаць — бясплатна — гістарычныя прадметы ў беларускія дзяржаўныя музеі і раней было заняткам на аматара. Паверце, спрабаваў. Як гэта? Ну напрыклад...
Гэта, калі даведваешся, што ў музеі спісалі дзясяткі кніг XVI-XX стст. праз «дрэнны стан захавання». Бярэш, рэстаўруеш, знаходзіш сярод іх кёльнскія выданні ў пергаментнай вокладцы. Ці — айчынныя выданні часоў Панятоўскага. Або — кнігі віленскіх базыліянаў... Нясеш у іншы музей (не ў той, адкуль спісалі). А там праз месяц цябе папракаюць, што гэта ж жудасны «гемарой»: «Ірачке прышлось красіцца, патаму што прыязжалі с СТВ пра тваі кніжкі снімаць сюжэт...».
Гэта калі прыносіш скрыні «археалогіі» (кераміка, метал, костка...) — у цябе ўсё забіраюць, а пасля няма аніякай паперкі пра прыём прадметаў: то-бок, у фонды нічога не трапляе. Пытанні «Куды яно ўсё пайшло?» лепш не задаваць, бо ўсе ж занятыя людзі. А ты тут ходзіш і замінаеш працаваць. Гэта калі прыносіш супрацоўніку альбом этнаграфічных здымкаў. Ён яго кладзе на паліцу ў кабінеце. А праз год ты бачыш альбом тамсама. У тым самым кабінеце. На той самай паліцы. «Не было часу аформіць...» Бярэш назад, а ён і не супраць — адной праблемай менш.
Урэшце, калі ў чарговы раз нясеш экспанаты, а табе ўжо шчыра ў вочы кажуць: «Класныя рэчы, але няма каму гэта апісваць і афармляць, ну, ты ж разумееш?..» Але пад канец года трэба будзе «зачыняць план» па здадзеных прадметах. І той самы супрацоўнік здасць у фонды пару паштовак і буклетаў з гарвыканкаму. Для колькасці. Яны займеюць нумар, пасля прысваення якога прадмет можна будзе выключыць са збораў адно за подпісам міністра... І вось гэта ўжо — «нацыянальная спадчына».
Чаму музейная сістэма Беларусі не патрабуе рэформаў?
Нагадаю, што ўсё гэта былі гісторыі пра «падарыць» — то-бок, бясплатна. Тое, што дораць, ніхто ніколі не цэніць. Рэдкі выпадак, калі музей нешта купляе. Вось тады ёсць шанец, што яно хаця б захаваецца. Трапіць у фонды. Калі, канешне, не разваліцца на кавалкі праз адсутнасць у штаце талковага рэстаўратара ці праз умовы захавання.
Кожны беларускі музей, нават найменшы, мае бюджэт. То-бок, грошы, хай невялікія, ёсць. Штогод. Пытанне, куды яны выдаткоўваюцца. А куды? Напрыклад, на карціны сучасных мастакоў, якія сябруюць з аддзелам культуры гарвыканкама. А той аддзел ужо раіць дырэктару музея, «каго купляць». Або на якую-небудзь інфармацыйную тумбу, якая сапсуецца праз паўгады. Або... на елачныя цацкі часоў ГДР. Навошта? Бо блішчаць. А пад Новы год варта зрабіць часовую выставу пра «празнік дзецтва».
Фрагмент экспазіцыі ў Музеі ''ВАВ'', Мінск
Не будзем таксама забывацца, што музей як інстытуцыя — гэта пра навуку і асвету. Пра якаснае вывучэнне гісторыі праз артэфакты ды — падачу гэтай гісторыі публіцы. Хто ў Беларусі зараз будзе гэта вывучаць? Хто і, галоўнае, як — падаваць публіцы? Што ў Наваградскім музеі перад сваімі ці расійскімі турыстамі скажуць пра Статут ВКЛ XVII ст., напісаны па-польску?..
У сучаснай Беларусі музей — гэта ў лепшым выпадку будынак, дзе захоўваюцца прадметы. Добра, калі з любоўю захоўваюцца. Да лепшых часоў. Але і ў гэтым няма пэўнасці. Вось таму музейная сістэма РБ не патрабуе рэформаў. Яна проста мае быць знесеная. Ды — збудаваная нанова.
«Дапамога галадаючым Афрыкі». Аддаць і забыць
Што ж тады?.. Калі Вы за мяжой — збірайце сваю гісторыю за мяжой. Магчымасцяў шмат. Чаму не ўмацоўваць тыя нешматлікія музеі замежжа, якія ёсць? Чаму не ствараць новыя? Чаму не збіраць самастойна, калі маеш грошы і любоў да тэмы? Большасць еўрапейскія калекцыяў — прыватныя. Час адвыкаць ад «камунізму», калі ўсё мае належыць усім і захоўвацца недзе публічна. Падабаецца? Збірай.
Стварэнне беларускай музейнай прасторы ва ўмовах дыяспары — зусім не трызненне. Урэшце, Леў Гарошка, а пазней Аляксандр Надсан гэтым і займаліся ў Брытаніі пасля Другой сусветнай: куплялі, збіралі, захоўвалі. Праз доўгія дзесяцігоддзі яно дасяжнае для беларусаў. Нядаўна выдадзены альбом «Забытая экспедыцыя» па здымках Ластоўскага — добры прыклад.
Гэта рацыянальныя і адказныя падыходы. З канкрэтным вынікам, на які можна ўплываць.
А сляпая перадача нечага ў Беларусь нагадвае хутчэй рытуал з «дапамогай галадаючым Афрыкі» без жадання зразумець, чаму ж яны там галадаюць. Аддаць і забыць. Рытуал для ачысткі сумлення, а не для выніку.
Зрэшты, у каманды Maldzis можа быць іншае бачанне. Цікава было б яго пачуць і — падыскутаваць.
Алесь Кіркевіч, Budzma. org
Чытайце яшчэ:
«Гэтыя беларусы былі разумныя». Чаму менавіта Беларуская бібліятэка і музей у Лондане сталі найбольш маштабным праектам беларускай дыяспары ХХ стагоддзя?