У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў цэнтры Мінска былі забітыя 132 дзеячы культуры, навукі, дзяржаўныя служачыя. Рэпрэсіі ў Беларусі пачаліся ад першых дзён прыходу бальшавікоў да ўлады. Гэтая ж ноч стала пікам свядомай палітыкі Саветаў. Тлумачым, што адбылося і чаму варта памятаць пра гэтую падзею.
Страшны спіс і першыя арышты
У студзені 1937 года супрацоўнікамі ўпраўлення дзяржбяспекі НКУС БССР было прыдумана цэлае «Аб’яднанае антысавецкае падполле», якое ўключала 13 аўтаномных арганізацый.
У прыдуманы чэкістамі спіс увайшлі: нацыяналістычная арганізацыя «Беларуская нацыянальная самадапамога»; Саюз барацьбы за вызваленне Беларусі; Беларуская аўтакефальная царква; Бундаўска-сіянісцкая арганізацыя; арганізацыя «Культурная дапамога вёсцы»; арганізацыя «Беларускае аддзяленне сялянскага бюро меншавікоў»; арганізацыя правых; нацыянал-фашысцкая арганізацыя; сіянісцкая арганізацыя «Левы Гехалуц»; сіянісцкая моладзевая арганізацыя; трацкісцка-тэрарыстычная арганізацыя; шпіёнска-паўстанцкая арганізацыя і эсераўская арганізацыя.
У НКУС не цягнулі час, ужо ў тым жа студзені і лютым пачаліся першыя арышты. А 7 верасня 1937 года Сталін зацвердзіў спіс асоб, нібыта датычных да антысавецкай дзейнасці на тэрыторыі БССР. У спіс увайшлі 103 чалавекі, якіх вырашана забіць, і яшчэ 6 асоб, якім наканавана было атрымаць па 10 і больш гадоў лагераў.
15 верасня спіс дапаўняюць у Наркамаце ўнутраных спраў БССР, у той жа дзень пачынаюцца першыя судовыя працэсы.
Чорная ноч — самае масавае спланаванае забойства беларускай эліты
А ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях унутранай турмы НКУС («амерыканкі») расстрэльваюць больш за 100 чалавек. У ліку расстраляных дзеячы навукі, культуры, вайскоўцы, дзяржаўныя дзеячы і служачыя. Сярод забітых — 22 беларускія літаратары. Целы вывозяць за горад і хаваюць у загадзя выкапаных магілах ва ўрочышчы Курапаты.
У гэтую страшную ноч былі забітыя пісьменнікі, перакладчыкі, крытыкі Міхась Чарот, Алесь Дудар, Анатоль Вольны, Міхась Зарэцкі, Платон Галавач, Тодар Кляшторны, Юлі Таўбін, Валеры Маракоў, Майсей Кульбак, Зяма Півавараў і іншыя. Навукоўцы Іван Жывуцкі, Анані Дз’якаў, Рыгор Пратасеня, Іосіф Каранеўскі, Сцяпан Маргелаў, Навум Замалін, Барыс Абухоў.
Злева направа: Празаік Аркадзь Мардвілка, паэт Зміцер Астапенка, паэт Віктар Казлоўскі, паэт Юлі Таўбін, паэт Валеры Маракоў, паэт і празаік Станіслаў Шушкевіч. Чорную ноч перажыў толькі адзін — Віктар Казлоўскі, пазней звар’яцеў ад чакання арышту
Гэта быў не першы і не апошні масавы расстрэл. Яны адбываліся ў папярэднія і наступныя дні — аж да прыходу ў Мінск нямецкіх войск летам 1941-га. Але Чорная ноч была масавым спланаваным і санкцыянаваным забойствам беларускай нацыянальнай эліты — такога яшчэ ў нашай краіне не было.
Знішчаная спадчына і доўгае маўчанне пра Вялікі савецкі тэрор
Спадчыну тых, каго расстралялі ў Чорную ноч, знішчылі яшчэ ў жніўні — у той жа «амерыканцы» палілі дзясяткі тысяч папер, рукапісаў канфіскаваных у арыштаваных беларускіх інтэлігентаў-«ворагаў народа». Хто ведае, што згарэла ў тых вогнішчах, чаго пазбавілася наша культура...
Ізноў жа, варта памятаць, што Чорная ноч — гэта не нейкі «перагіб» работнікаў на месцах, Вялікі савецкі тэрор — спланаваны і прадуманы. Паводле ацэнак даследчыкаў савецкіх рэпрэсій, забітых дзеячаў культуры ў БССР за час тэрору — не менш за 500 чалавек. Іх сем’і карнікі таксама не абміналі ўвагай — высылкі, страта ў правах і г. д.
Нават пасля ХХ з’езду КПСС, які ў 1956 годзе, здаецца, нібыта спыніў і асудзіў сталінскую палітыку, маўчанне пра лёс забітай эліты працягвалася. Выпісваліся даведкі аб смерці «без куляў», пра тое, што адбывалася ў 37-м і не толькі, не гаварылася ўслых.
Памяць насуперак уладзе
Адкрыццё ў 1988 годзе Курапат і праўды пра падзеі ў гэтым урочышчы змяніла сітуацыю. Але зноў жа — не на дзяржаўным узроўні.
Курапаты
Нашчадкі савецкай сістэмы супраціўляліся гэтай хвалі, не было ў Беларусі ні судоў, ні пакаяння, ні дэкамунізацыі. Наадварот, Курапаты як сімвал сталінскіх злачынстваў новая беларуская ўлада ўсяляк ігнаравала, ігнаруе і ўвогуле хацела б знішчыць і забыць навек.
Дастаткова ўспомніць хроніку супрацьстаяння абаронцаў Курапат з уладамі падчас будаўніцтва МКАД, рэгулярныя атакі няўлоўных вандалаў, адкрыццё рэстарацыі побач і г. д. Ды і першы «курапацкі» мітынг 30 кастрычніка 1988 года спрабавалі разагнаць унутранымі войскамі з прымяненнем спецсродкаў. А праз 30 з нечым гадоў, у 2020-м, на Дзяды сілавікі ўвогуле зладзілі «сафары» на ўдзельнікаў маршу, якія ішлі ў Курапаты. Сімвалічна і жахліва.
Усе гэтыя гады ад набыцця незалежнасці памяць пра загінулых падчас Вялікага тэрору захоўваецца, можна сказаць, насуперак уладзе, толькі грамадствам, асобнымі навукоўцамі.
З 29 кастрычніка 2017 года абаронцы мемарыялу ў Курапатах сталі праводзіць акцыю «Ноч расстраляных паэтаў». Пасля падзей 2020 года адзначаць публічна гэтую трагічную дату ў самой Беларусі стала небяспечным. Зараз, хутчэй, пабачыш на розных штучных святах беларускай дзяржавы людзей у форме НКУС, бясконцыя ўхваленні савецкіх герояў і расповеды пра гітлераўскі генацыд. Нашчадкі карнікаў 30-х старанна вучацца, нават з часовымі поспехамі.
Ноч расстраляных паэтаў — прызнаная беларусамі дата. Мерапрыемствы па ўшанаванні памяці забітых культурных дзеячаў штогод ладзяцца беларусамі ў розных гарадах свету.
Ноч расстраляных паэтаў у Вільні, 2022 год. Фота Аляксандра Шэлегава
Усе песні праекта «(Не)расстраляная паэзія» Tuzin. fm.
Усе лекцыі праекта «(Не)расстраляная паэзія» Tuzin. fm.
Жывыя партрэты паэтаў, якіх забрала Чорная ноч.
Нагадваем таксама пра мультымедыйны праект «Будзьма памятаць!», які распавядае пра малавядомыя месцы сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі і дае магчымасць з іншага ракурсу паглядзець на быццам добра вядомыя Бабруйск, Слуцк, Вілейку, Жлобін ды іншыя гарады і вёскі.
Чытайце яшчэ:
Дзе і як беларусы ўшануюць памяць ахвяраў «Ночы расстраляных паэтаў-2024». Расклад мерапрыемстваў
Рыгор Сапежынскі, Budzma. org