Кампанія “Будзьма беларусамі!”запрашае на самае сямейнае афлайнавае ток-шоў, якое адбудзецца ў Гародні 7 мая.
За апошнія пяць гадоў колькасць беларусаў, якія валодаюць беларускай мовай, скарацілася на 14%, і адна з прычын – дэмаграфічная: беларусаў становіцца меней. Беларускай мовы таксама менее, бо толькі ў 7 сем’ях са 100 дзеткі з маленства чуюць беларускую мову. Ці назавуць самыя маленькія грамадзяне краіны сябе беларусамі праз 10-15 гадоў, і калі так, то што яны будуць мець на ўвазе? Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” запрашае абмеркаваць, што стаіць за гэтымі лічбамі, і скіраваць zoom калектыўнай увагі на пытанні, з якімі сутыкаюцца ў канкрэтных сем’ях:
“Мы хацелі б размаўляць з сынам па-беларуску, аднак як ён будзе камунікаваць з аднагодкамі?”, “Як можна выхоўваць дзіця па-беларуску, калі навокал усе размаўляюць па-руску?”, “Дзе знайсці дзіцячыя кніжкі і забаўлянкі па-беларуску?”, “Навошта ўвогуле ўсё гэтае “беларускае”, галоўнае, каб вырас добрым чалавекам”…
Самі гарадзенцы і госці мерапрыемства, якія абралі не самы просты шлях выхавання дзетак, раскажуць пра ўласны досвед выхавання і адукацыі сваіх дзяцей па-беларуску і ў беларускай традыцыі. У сустрэчы возьмуць удзел:
– Таццяна Яворская, грамадскі дзеяч, шматдзетная маці, і яе дзеці: Альгерд (12 гадоў) і Рагнеда (11 гадоў);
– Наталля Вашкевіч, мантэсоры-педагог, з сынам Максімам (7 гадоў);
– Святлана Чакушка, адна са стваральнікаў праекта “Забаўлянкі для Янкі”;
Для дзяцей будзе абсталяваная спецыяльная kid’s zone з размалёўкамі, кніжкамі і цацкамі.
Усё, што вы хацелі ведаць пра выхаванне беларускасці, але не ведалі, у каго спытацца!
7 мая
Антыкавярня “Жывы час”, вул. К. Маркса, 13/1.
18:30.