Якім мусіць быць Свята горада, калі горад вядомы сваімі творчымі жыхарамі, міжнароднымі фестывалямі і адметным мастацкім іміджам? Імаверна, свята горада мусіць зашкальваць па крэатыўнасці і мастацкім увасабленні. Якім бачаць свята горада яго жыхары, убачым на “Кірмашы праектаў” ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” у найбліжэйшы чацвер – 28 мая.
Дзень горада Віцебск адзначыць 26-28 чэрвеня, але падрыхтоўка да яго пачынаецца значна раней. Ужо другі год запар на заклік Віцебскага райвыканкама да арганізацыйнай “кухні” актыўна далучаюцца віцябляне. Летась адміністрацыя горада вельмі канструктыўна паставілася нават да меркавання жыхароў горада ў анлайн-абмеркаваннях, а 9 з 10 культурніцкіх ідэй, прадстаўленых на “Кірмашы праектаў”, увайшлі ў афіцыйную праграму святкаванняў. А цяпер кампанія абвяшчае конкурс праектаў для свята горада ў гэтым годзе!
28 мая будуць прадстаўленыя 7 новых ідэй:
– Адкрыты маркет hand-made прыгажосці ад маладых і таленавітых майстроў, аздоблены разнастайнымі актыўнасцямі для аматараў актуальнай літаратуры, кіно, фатаграфіі.
– Міні-фестываль актыўнага адпачынку, у якім людзі з высокімі памкненнямі ацэняць канцэпцыю, а ўсе астатнія – насычаны змест.
– Спеўны сход, пасля якога кожны, незалежна ад узросту, наяўнасці голасу і тым больш музычнай адукацыі, зможа спяваць беларускія народныя песні.
– Дзве ўнікальныя пешаходныя і адна роварная экскурсіі па в. Лужасна з выдатным экскурсаводам. Маршруты ацэняць і госці Віцебска, і тым больш яго жыхары, асабліва маладыя, і няважна, у сэрцы ці ў пашпарце.
– Адкрыты інтэрактыўны стрыт-арт конкурс, закліканы зрабіць мастацкасць і эстэтыку Віцебска больш адчувальнай.
– Харэаграфічныя майстар-класы для ўсіх, хто хоча ўпэўнена і правільна рухацца пад музыку самых розных краін і музычных жанраў.
– Гарадскі фотазлёт, “злятацца” на які варта ўсім, хто хацеў бы спрычыніцца да мастацтва фатаграфіі ў якасці творцы, мадэлі, працуючы разам з выбітнымі прафесіяналамі.
І памятайце, што вы і толькі вы можаце падтрымаць прадстаўленыя праекты сваёй парадай, патрэбнымі кантактамі і асабістым удзелам! А разам з тым пазнаёміцца з мноствам творчых і апантаных любоўю да Віцебска гараджан, якія крок за крокам робяць свой горад лепшым. Калі вы таксама маеце задумы, энергію і жаданне зрабіць культурнае жыццё горада больш насычаным і цікавым, знайсці аднадумцаў, далучайцеся да гэтага кола!
28 мая, Выставачная зала, прасп. Фрунзэ, 11. Пачатак: 18:30.