У суботу, 2 лістапада, у Музеі гісторыі горада Мінска — лекцыя «Летапіс адной сям’і. Дзённікі і прыходна-расходная кніга Іосіфа Голубева».
Дата: 2 лістапада
Час: 17.00
Месца: Ратуша, пл. Свабоды, 2а, Мінск
Галоўным героем апавядання выступіць Іосіф Пятровіч Голубеў (1873 — 1962) — рабочы-рэвалюцыянер, удзельнік галоўных падзей пачатку ХХ ст. на тэрыторыі Расійскай імперыі: рэвалюцыйных падзей 1905 — 1907 гг., а таксама Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 г. З 1901 г. Іосіф Пятровіч жыў у Мінску. Працаваў сталяром у Мінскім чыгуначным дэпо, з 1922 г. — на станкабудаўнічым заводзе (завод «Энергія»).
Юлія Латушкова, старшая выкладчыца кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін БДУ, вывучыла дзённікі і расходна-прыходныя кнігі Іосіфа Голубева як крыніцы, якія дазваляюць зірнуць на пераломны момант у гісторыі краіны вачыма радавога гараджаніна.
Гэта погляд сталага чалавека з жыццёвым досведам, які мае як палітычныя перакананні і ідэалы, так і стабільны заробак, фінансавыя зберажэнні і вялікую сям’ю, за якую ён нёс адказнасць, і ў якой быў адзіным карміцелем.
Іосіф Голубеў пакінуў рэдкую літаратурную і прадметную спадчыну. Яго дзённікі і асабістыя рэчы шмат у чым унікальныя сведкі падзей стогадовай даўніны ў лёсе мінскага майстравога і яго сям’і.
У завяршэнні лекцыі адбудзецца гульня-віктарына для слухачоў. Пераможцы атрымаюць тэматычныя падарункі, а сувеніры на памяць аб лекцыі атрымаюць усе ўдзельнікі.