«Часта заўважаю, што людзі прыходзяць на рэпетыцыі стомленыя, спачатку не хочуць размаўляць, атмасфера кволая, напружаная... Але праходзіць адна гадзіна, другая — і нават пачынаюцца танцы. Гэтыя дзве гадзіны літаральна змяняюць напрамак думак», — кажа дырыжор Познаньскага спеўнага сходу Ілля Сініца. Сёння ў суполцы хору больш за 50 чалавек. Апроч рэпетыцый і выступаў, Спеўны сход рыхтуецца да запісу альбома, у які ўвойдуць песні з уласнымі аранжыроўкамі. Такім чынам папулярныя беларускія песні ўпершыню загучаць у харавым выкананні ў добрай якасці. Каб тое сталася рэальнасцю, на запіс альбома адкрылі дабрачынны збор, падтрымаць які можна да 8 лістапада.
Журналістка Budzma.org паразмаўляла з куратаркай праекта Алёнай Гіранок, дырыжорам Іллём Сініцам, удзельнікамі і ўдзельніцамі спеўнага сходу пра амбіцыйныя планы і каштоўнасць хору для беларусаў.
Познаньскі спеўны сход падчас рэпетыцыі
«Спевы — гэта натуральная частка жыцця беларусаў»
Арганізатары праекта адзначаюць, што за два гады сход значна разросся — цяпер прыходзіцца змагацца на два франты: рабіць агульны хор і ансамбль, у якім удзельнічаюць прафесіяналы. Агулам у суполцы цяпер больш за 50 чалавек.
Удзельнікі і ўдзельніцы Познаньскага спеўнага сходу
«Людзей, якія стала ходзяць на рэпетыцыі і зацікаўленыя ў выніку, пабольшала. З ансамблем можна браць больш складаны рэпертуар — такім чынам, будзе цікава ўсім: тым, у каго больш спеўных амбіцый, і тым, для каго важна проста быць разам», — кажа Алёна Гіранок.
«Яшчэ ў Мінску я наведваў спеўныя сходы Сяржука Доўгушава, да хору ў Познані далучыўся адносна нядаўна, — расказвае ўдзельнік сходу Ягор. — Тут можна ментальна адпачыць, паслухаць жывыя спевы, убачыць, як яднаюцца прафесійныя і непрафесійныя спевакі — у гэтым унікальнасць, каштоўнасць».
Алёна і Ілля адзначаюць, што спевы — гэта сапраўдная тэрапія, дзякуючы якой хор набірае папулярнасць сярод беларусаў.
«На працягу некалькіх месяцаў пасля пераезду ў Познань з Гданьска я хацела знайсці суполку, якая б псіхалагічна дапамагла далучыцца да новага месца. Я заўсёды любіла спяваць, таму першае, што зрабіла ў Познані — напісала арганізатарам хору і пайшла на рэпетыцыю, — дзеліцца думкамі спявачка Таіса.
— Спеўны сход дае магчымасць адчуць, як вы з кімсьці разам на роўных ствараеце штосьці сумеснае. Голас добра адлюстроўвае ўнутраны стан — рэчы, якія цябе турбуюць, літаральна блакуюць яго. А тут аддаеш свой голас сумеснай прасторы, адкрываешся, разблакоўваеш тое, што хвалюе цябе знутры. Познаньскі спеўны сход — месца, якое грэе».
Алёна лічыць, што Познаньскі спеўны сход дапамагае займацца творчасцю — кожны выбраў тое, што можа рабіць для Беларусі, знаходзячыся за мяжой.
«Мяне прываблівае рэпертуар, тэматыка песень, якія мы выконваем. Познаньскі спеўны сход — гэта блізкія па духу людзі, суполка, якая дае магчымасць раскрыць творчы патэнцыял. Больш за ўсё мне запомніўся наш выступ з нагоды прэзентацыі альбома «Emihranty» — ён сабраў шматлікую, разнастайную публіку ў найбуйнейшых гарадах Польшчы, — кажа ўдзельнік хора Мікіта.
— Мы ўкладаем свой розум і сілы, адлюстроўваем у спевах свае лёсы і ідэалы, каб змяніць сучасны лад жыцця».
На Купаллі
Ілля Сініца лічыць, што спевы — гэта натуральная частка жыцця беларусаў.
«Часта заўважаю, што людзі прыходзяць на рэпетыцыі стомленыя, спачатку не хочуць размаўляць, атмасфера кволая, напружаная, усе так неахвотна пачынаюць займацца. Але праходзіць адна гадзіна, другая — і нават пачынаюцца танцы (смяецца). Ужо ніхто нікуды не спяшаецца, размаўляюць гучна, добра сябе адчуваюць. Гэтыя дзве гадзіны літаральна змяняюць напрамак думак».
«Спяваючы народныя песні, становішся адным цэлым са шматвекавой гісторыяй Беларусі»
Самая файная тэрапія для ўдзельнікаў хору — народныя спевы. У гэтым годзе Познаньскі спеўны сход спрабуе займацца імі як мага больш. Ілля сцвярджае, што для гэтага патрэбны спецыялісты — прафесійныя гурты, якія могуць навучыць хор спяваць у спецыфічнай народнай манеры.
Народныя спевы на Купаллі
«З аднаго боку, народныя спевы прасцейшыя за акадэмічныя, а з другога боку, патрабуюць зусім іншага адчування сябе і хору — адразу трэба станавіцца адным цэлым са шматвекавой гісторыяй Беларусі», — кажа Ілля.
Алёна пагаджаецца: «Народныя спевы — медытатыўныя, рэпетыраваць іх не вельмі цікава. Але калі выходзіш на прыроду, дзе гарыць вогнішча — неяк само сабою атрымліваецца арганічнае дзейства: усе водзяць карагоды, спяваюць. Дарэчы, мая маленькая дачка была настолькі загіпнатызаваная нашымі купальскімі спевамі, што проста заснула пад іх».
Купальскія спевы вакол вогнішча
Удзельніца хору Ася ўзгадвае:
«Мне запомнілася калядаванне: у сцэнічнай праграме давялося выконваць ролю мядзведзя — было нечакана, але весела. Не магу не адзначыць Купалле, якое мы святкавалі разам з хорам у чэрвені — спадабалася магчымасць спяваць народныя песні, якія я люблю ўсёй душой. Было магічна і казачна».
«Падаецца, мы будзем першым беларускім хорам на агульнапольскім конкурсе»
Познаньскі спеўны сход працягвае актыўна ўдзельнічаць у імпрэзах. Нядаўна хору давялося выступіць на закрытым мерапрыемстве для замежнай аўдыторыі. Удзельнікі не проста спявалі, але і тлумачылі слухачам словы і рэчы, відавочныя толькі для беларусаў.
«Мы расказвалі, што такое Купалінка, Пагоня на англійскай мове. Гэта быў цікавы досвед, бо рэдка здараецца, што беларусы выносяць сваё за межы ўласных колаў. Людзям вельмі спадабалася — прысутнічалі гледачы з розных краін: шведы, італьянцы, французы. Упэўнены, што большасць з іх да гэтага не ведалі, што існуе такая краіна як Беларусь, прынамсі, няшмат пра гэта думалі», — расказвае Ілля.
Калядаванне ад Познаньскага спеўнага сходу
«Беларуска, якая жыве ў Эстоніі, нават расплакалася, калі мы спявалі «Муры» і «Грай». Высветлілася, што там няма беларускай суполкі, і яна вельмі сумуе па беларускасці. Калі пачалася народная частка, мы паспрабавалі ўцягнуць гледачоў. Выклалі ўсё у скарочаным выглядзе: не проста расказвалі і спявалі — у нас атрымалася сапраўднае калядаванне і Купалле, з Казой, танцамі, спевамі ў карагодзе. Усе нашы дзеянні мы тлумачылі. Спачатку баяліся, што гледачы не захочуць далучацца, але рэальнасць перасягнула чаканне — усе актыўна ўдзельнічалі», — дзеліцца ўражаннямі Алёна.
Падчас калядавання
16 лістапада Познаньскі спеўны сход прыме ўдзел у штогадовым конкурсе Польскай патрыятычнай песні III Ogólnopolski Festiwal Chóralny Pieśni Patriotycznej Musica Patriae ў Познані. Ад хору чакаюць дзве песні на польскай мове і дзве — на матчынай. На беларускай вырашылі заспяваць народную песню «Ці свет, ці світае» і «Магутны Божа» ў якасці духоўнай.
Ілля кажа, што нават калі яны не зоймуць прызавога месца, досвед атрымаецца цікавым, бо Познаньскі спеўны сход упершыню выйдзе на адну сцэну разам з сур’ёзнымі прафесіяналамі, і ўвогуле, здаецца, стане першым беларускім хорам на гэтым конкурсе.
«Ідзе дабрачынны збор на запіс нашага альбома»
Нядаўна праект Познаньскага спеўнага сходу апублікаваў на беларускай краўдфандынгавай платформе Gronka — зрабіць данаты можна да 8 лістапада. Грошы патрэбны на арэнду памяшкання і тэхнікі для гуказапісу, аплату працы гукарэжысёра, майстарынга песень. Пасля выхаду альбом будзе дасяжны для ўсіх жадаючых на стрымінгавых платформах Spotify, SoundCloud і іншых.
«Мы адкрылі збор на запіс песень, аранжыроўкі на якія зрабіў Ілля, і якія арыгінальна спяваем менавіта мы. Кожны беларус ведае і любіць «Простыя словы» і «Сонца нам дапаможа» Лявона Вольскага, «Грай» Сяргея Міхалка, «Радыё Свабода» Ulis, «Калыханку». Мы спяваем іх на вяселлі, у час застолля, пры сустрэчы і развітанні. Мы чуем іх на канцэртах у выкананні саміх аўтараў, у інтэрпрэтацыях кавер-бэндаў, у версіях дуэтаў і квартэтаў, але гэтыя творы яшчэ ніколі не гучалі ў выкананні хору. Таксама мы хацелі б запісаць «Фінскую польку» — пераклад яе тэкста на беларускую таксама зрабіў Ілля.
Гуказапісу мы плануем прысвяціць зіму — будзем спрабаваць адпавядаць нашым амбіцыйным планам. Гэта будзе добрым вызваннем для хора. Калі мы выступаем перад гледачамі, шмат увагі прыцягвае энергетыка і тое, што адбываецца на сцэне. Для альбома трэба мець вельмі якасны запіс. Наперадзе нас чакае шмат працы, будзем старацца рабіць яе як мага лепей», — кажа Алёна.
Познаньскі спеўны сход распрацаваў шэраг падзяк для тых, хто зробіць данаты. Сярод іх — налепкі з аўтарскімі малюнкамі адной з удзельніц хора, відэакалядаванне, імянное відэавіншаванне, якое можна замовіць для сваіх блізкіх.
Таццяна Краўчанка, Budzma.org