У чацвер, 19 верасня, у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адбудзецца лекцыя Андрэя Калеснікава «Навука мастацтва і мастацтва навукі», якую ладзяць сумесна з Інстытутам філасофіі НАН Беларусі.
Дата і час: 19 верасня ў 18.30
Месца: НЦСМ, пр-т Незалежнасці, 47, Мінск
На лекцыі будуць разгледжаны глыбінныя з’явы, якія ляжаць у аснове нашага свету, падабенства раслінных, жывёл і касмічных форм жыцця.
На прыкладах аўтарскіх кампутарных мадэляў, кантынуальных клеткавых сіметроідаў, якія валодаюць не толькі эстэтычнай прывабнасцю, але і пазнавальнай каштоўнасцю, слухачы змогуць пераадкрыць для сябе такія феномены, як хаос, парадак, сіметрыя і гармонія.
Разам з лектарам вы праведзяце невялікі эксперымент у рэжыме рэальнага часу, сумеснае навукова-філасофскае і эстэтычнае даследаванне, якое дазволіць выявіць сувязь дзіўна простых матэматычных формул са складанымі касмічнымі і сацыяльнымі з’явамі, прыадчыніць маленькі зазор у «творчую майстэрню Сусвету».
Мерапрыемства адкрые музычны выступ Андрэя Іванова (ZARTIPO) (электрагітара).
Андрэй Калеснікаў — загадчык аддзела філасофіі інфармацыйных і кагнітыўных працэсаў, кандыдат філасофскіх навук.
Квіткі — 15 рублёў.
Рэгіструйцеся па спасылцы.