У Беларусі на працягу некалькіх гадоў працуюць над электронным варыянтам Беларускай энцыклапедыі. Пакуль у ім 10 раздзелаў на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай.
Пра тое, якія пытанні, звязаныя з беларускай мовай, давялося вырашаць вучоным, на прэс-канферэнцыі расказаў дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Капылоў. Тэкст паводле відэа запісала «Наша Ніва».
Па словах Ігара Капылова, да сёння застаецца шмат нявырашаных пытанняў з тэрміналогіяй. Асабліва шмат іх было пры стварэнні артыкулаў для раздзела «Прырода».
Капылоў адзначыў, што многія тэрміналагічныя абазначэнні раслін да апошняга часу не былі адаптаваныя ў беларускай мове. Напрыклад, такія назвы лішайнікаў, як аліксорыя (лат — Alyxoria), артатэліум (лат. Arthothelium), басэдына (лат. Bacidina), плеўрастыкта (лет — Pleurosticta).
Пачатковая старонка праекта «Беларуская энцыклапедыя»
Вучоныя вырашалі таксама, як лепш пісаць асобныя спалучэнні слоў, якія людзі пішуць па-рознаму:
«У розных пісьмовых тэкстах сустракаліся варыянты напісання са словамі «асобы», «асаблівы»: «асобы» або «асаблівы» атрад, «асобае» або «асаблівае» злучэнне.
Правёўшы адпаведны аналіз было прынята рашэнне, што трэба ўжываць спалучэнне «асобы атрад», «асобае злучэнне».
Іншая сітуацыя з рускім «особо охраняемые природные территории». У моўнай практыцы зафіксавана некалькі варыянтаў: «асоба ахоўваемыя тэрыторыі», «асабліва ахоўныя тэрыторыі», «асоба ахоўныя тэрыторыі». Ні адзін з існуючых варыянтаў наш калектыў не прыняў.
Быў выпрацаваны варыянт з улікам асаблівасцей ужывання дзеепрыметнікаў у беларускай мове. Было прапанавана «асабліва ахаваныя прыродныя тэрыторыі».
Тым больш, што гэты варыянт ужо быў зацверджаны пры перакладзе Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб нетрах».
Былі пытанні і адносна некаторых назваў рыбы, напрыклад, «уклейка». Вучоныя прапанавалі ўжыць нацыянальны варыянт — «верхаводка».
Вяліся дыскусіі і адносна словазлучэння «коровой слой лишайников». У выніку прыйшлі да таго, што правільны пераклад — «каравы слой».
Пры працы над раздзелам па гісторыі вучоным-мовазнаўцам давялося таксама вырашаць пытанні з перакладам некаторых назваў і тэрмінаў, якія былі толькі на нямецкай мове. «Давялося нават выпраўляць некаторыя памылкі, нерасчытаныя літары ў назвах на нямецкай мове», — заўважыў Капылоў.