Унікальны па сваёй форме касцёл у стылі віленскага барока, колішняя ўніяцкая царква, што захавалася ажно з XVIII стагоддзя, рэшткі сінагогі, якую наведваў стваральнік сучаснага іўрыту Эліэзэр Бэн-Егуда — і гэта яшчэ не ўсе цікавосткі, якія можна пабачыць у невялікай беларускай вёсцы на Шаркаўшчыне. Гаворка пра вёску Лужкі, якой сёлета спаўняецца 510 гадоў. Туды і прапануем скіравацца ў нашай віртуальнай вандроўцы.
Шыльда на цэнтральнай плошчы Лужкоў. Фота: planetabelarus.by
Касцёл Міхала Арханёла
Колішняе мястэчка, пасля горад, а сёння вёска Лужкі ўпершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1519 годзе. То-бок, сёлета ёй спаўняецца ажно 510 год! У розныя часы паселішча належала Сапегам (з 1514-га), Жабам (з 1734-га), пазней Чапскім і Плятэрам.
Касцёл Міхала Арханёла. Фота: planetabelarus.by
Адной з падзеяў, ад каторай пачалося імклівае развіццё паселішча, было запрашэнне ў 1741 годзе тагачасным уладальнікам Лужкоў Валерыянам Жабам ордэна піяраў. Пад патрэбы манахаў быў пабудаваны мураваны кляштар. Асноўнай мэтай дзейнасці ордэна быў распаўсюд навукі праз адукацыю ды выхаванне. Дзеля гэтай высакароднай мэты род Жабаў фундаваў будаўніцтва будучага асноўнага цэнтра адукацыі ўсёй навакольнай моладзі, піярскага калегіума ў Лужках, які доўгі час называўся Валерыянаўскім у гонар фундатара. Установа адчыніла свае дзверы для навучэнцаў у 1745 годзе.
Касцёл Міхала Арханёла, 1914 год. Фота: catholicnews.by
Сведкам тых даўніх падзеяў, які ацалеў да сёння ў Лужках, з’яўляецца касцёл Міхала Арханёла, узведзены ў стылі віленскага барока пад патрэбы ордэна піяраў адначасова з кляштарам, але дабудаваны толькі ў 1756 годзе. Храм мае сваю цікавостку — ягоныя вежы нібы вынесеныя наперад, ад чаго ствараецца ілюзія, нібы храм з фасада мае форму паўкола.
Касцёл Міхала Арханёла ў Лужках, сучасны выгляд
Архітэктарам лужэцкага касцёла быў Абрагам Вюрцнэр. Ён нарадзіўся ў імперыі Габсбургаў, але жыў і працаваў большую частку жыцця на тэрыторыі ВКЛ. Майстра быў адным з першых стваральнікаў стылю віленскага барока: паводле ягоных праектаў быў перабудаваны кармеліцкі касцёл у Глыбокім, зараз праваслаўны сабор Раства Багародзіцы, і касцёл у вёсцы Селішча Ушацкага раёна.
Чытайце яшчэ: Вандроўка па Віцебшчыне шляхамі Васіля Быкава
Касцёл Міхала Арханёла ў Лужках, сучасны выгляд
У 1831 годзе Лужкі сталі цэнтрам шляхецкага паўстання ў Дзісенскім павеце. Вядома, што да яго далучылася шмат прадстаўнікоў навакольнай шляхты, сярод якіх было не менш за сорак выпускнікоў піярскага калегіума. А 12 красавіка 1831 года мясцовы святар Адам Татур адслужыў у лужэцкім касцёле Міхала Арханёла набажэнства за паўстанцаў. Дапамагло тое ці супадзенне, але інсургенты ўжо ў траўні на непрацяглы час здабылі Дзісну.
Касцёл Міхала Арханёла, інтэр’ер. Фота: vedaj.by
Пасля паразы паўстання за яго падтрымку былі асуджаныя чатыры манахі з лужэцкага кляштару. Піярская навучальная ўстанова ў Лужках дзейнічала яшчэ год, а ў 1832 годзе яе зліквідавалі. Будынкі кляштара і школы занепадалі аж да пачатку ХХ ст., а пасля былі цалкам зруйнаваныя. Будынак касцёла захаваўся і за савецкім часам, тут зрабілі сховішча збожжа ды ўгнаенняў. Тады ж было вывезена і выкшталцонае ўбранства бажніцы — што ў музеі, што па прыватных калекцыях. Сёння ад першапачатковага інтэр’еру храма засталіся фрагменты фрэсак ХVІІІ стагоддзя на сценах касцёла.
Чытайце яшчэ: Ці добра ведаеце беларускае барока? Тэст ад «Будзьма!»
Раства-Багародзіцкая царква
Яшчэ адным старадаўнім будынкам, на які варта звярнуць увагу ў Лужках, з’яўляецца мураваная царква Раства Багародзіцы. Узвядзенне храма ў пераходным стылі ад барока да класіцызму было фундавана прадстаўнікамі роду Жабаў у 1788 годзе. Бажніца першапачаткова была грэка-каталіцкай. Пасля скасавання уніі ў 1839 годзе будынак быў перададзены праваслаўным вернікам. Паводле выгляду вокнаў, пілястраў ды карнізаў на бакавых сценах можна і сёння вызначыць, што царква будавалася не як праваслаўная.
Раства-Багародзіцкая царква. Фота: planetabelarus.by
У 1885 годзе ў Лужках адбыўся моцны пажар, падчас якога храм Раства Багародзіцы быў пашкоджаны. Тады новы настаяцель вырашыў істотна перабудаваць бажніцу, каб яна выглядала бліжэй да праваслаўнай архітэктуры Расійскай імперыі. Тады ж новыя гаспадары знішчылі барочны франтон царквы, каб наблізіць выгляд храма да праваслаўнага.
Раства-Багародзіцкая царква
Раства-Багародзіцкая царква на пачатку ХХ стагоддзя
Сёння ўнутры царквы варта звярнуць увагу на іканастас, тут захоўваюцца абразы XVII-XVIIІ стагоддзяў «Раство Хрыстова», «Раство Багародзіцы», «Маці Божая Адзігітрыя» і іншыя. Асабліва адметным з’яўляецца абраз «Святы Мікола», пасрэбраную рызу для якога ў 1794 годзе выканаў мясцовы злотнік Ян Жыгель. Пад царквой месціцца крыпта. Цікава, што бажніца дзейнічала і пры расійскай, і пры польскай, і пры нямецкай уладах.
Раства-Багародзіцкая царква
Забудова мястэчка
Лужкі атрымалі статус мястэчка паводле каралеўскага прывілея ад 14 студзеня 1745 года, а напрыканцы стагоддзя ўжо згадваюцца як горад. Рэшткі планіроўкі Лужкоў, закладзенай яшчэ, калі тут гаспадарыў род Жабаў, можна пабачыць і сёння. Цэнтр паселішча быў сфармаваны вакол цэнтральнай прастакутнай плошчы, на якой два разы на год адбываліся кірмашы. Вакол рынкавага пляцу роўнымі шэрагамі месціліся будынкі, а з кутоў плошчы ў розныя бакі разыходзіліся вуліцы.
Рынак, Лужкі, 1934
Некаторыя вуліцы ў Лужках да сёння захавалі свае гістарычныя назвы: Германавіцкая, Дзісенская, Маставая, Млыновая, Касцёльная. Старыя камяніцы ды драўляныя дамы першай паловы мінулага стагоддзя на каменных падмурках перадаюць яшчэ захаваную тут атмасферу колішняга мястэчка. А па вуліцы Млыновай, што вядзе да яшчэ аднога помніка, які варта пабачыць у Лужках, яшчэ захавалася старадаўняя брукаванка.
Брукаванка на Млыновай
Вадзяны млын пачатку ХХ стагоддзя
Па Млыновай вуліцы раім спусціцца да ракі Мнюта. Тут захаваўся помнік прамысловай архітэктуры канца ХІХ стагоддзя — вадзяны млын. Вядома, што першыя млыны ў Лужках на Мнюце былі пабудаваныя яшчэ за Жабамі, іх было два. Верагодна, млын, які можам пабачыць сёння, месціцца на старым месцы. У 1912 годзе над ім надбудавалі яшчэ два паверхі. Тут выраблялі муку розных гатункаў, манку, часалі сукно, з якога шылі вопратку, а на ніжэйшым паверсе млына працавала гідраэлектрастанцыя, якая забяспечвала ўсе Лужкі электраэнергіяй. Млын перасталі выкарыстоўваць толькі ў 2000-я гады.
Вадзяны млын у Лужках. Фота: planetabelarus.by
Вядома, што на Млыновай вуліцы жыў Станіслаў Булак-Балаховіч. Ён на пачатку мінулага стагоддзя служыў аграномам у маёнтку Віктара Плятэра ў суседнім Гарадцы. Вядомы вайсковы і палітычны дзеяч і пасля не аднаразова наведваў Лужкі, бо ягоная першая жонка Генрыка, якая нарадзіла ад яго трох дзяцей, была дачкой мясцовага лекара юдэйскага паходжання Марціна Гарбеля.
Вадзяны млын у Лужках. Фота: planetabelarus.by
Сінагога
Лужкі — прыклад тыповага беларускага мястэчка, дзе вагомую частку насельніцтва складалі яўрэі, а побач месціліся і касцёл, і царква, і сінагога. Крушні колішняй юдэйскай сінагогі можна пабачыць у цэнтры Лужкоў. Храм быў пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя з цэглы ды бутавага каменю на высокім схіле ракі Мнюта.
Сінагога ў Лужках. Фота: planetabelarus.by
Пры сінагозе да 1930-х гадоў дзейнічала пачатковая яўрэйская рэлігійная школа — хедэр. У гэтым хедэры і вучыўся Эліэзэр Бэн-Егуда — адраджальнік мовы іўрыт, на якой размаўляе сёння ўся краіна Ізраіль. Але да ХХ стагоддзя іўрыт гучаў толькі на малітвах у сінагозе, а раскіданыя па свеце яўрэі размаўлялі ў штодзённым жыцці на розных варыянтах мовы ідыш.
Сінагога ў Лужках. Фота: planetabelarus.by
Эліэзэр-Іцхак Перэльман, які ўзяў псеўданім Бэн-Егуда, прысвяціў усё сваё жыццё таму, каб вярнуць іўрыт у побытавы ўжытак ды зрабіць яго мовай адроджанай яўрэйскай дзяржавы. І ў яго атрымалася. Памёр ураджэнец Лужкоў Бэн-Егуда ў Іерусаліме ў 1922 годзе, дзе адна з цэнтральных вуліцаў мае ягонае імя.
Мемарыяльны камень Эліэзэру-Іцхаку Перэльману ў Лужках. Фота: planetabelarus.by
Язэп Вараніцкі, Budzma.org
Чытайце яшчэ: Тэст: Пазнай малую радзіму сусветнавядомых асобаў, народжаных на тэрыторыі Беларусі