У суботу, 28 снежня, у музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы -свята «Прыйшлі Калядкі — бліны ды аладкі».
Дата: 28 снежня
Час: з 15:00 да 16:30
Месца: музей народнай архітэктуры і побыту, Азярцо, Мінскі раён
Святыя вечары, Крывыя вечары, Каляды — так называлі старажытныя святкаванні ў гонар зімовага сонцастаяння.
Паступова народныя традыцыі спалучыліся з хрысціянскімі — царква прымеркавала да гэтага дня рэлігійнае свята Нараджэння Хрыстова.
У залежнасці ад веравызнання Каляды святкуюцца ў розныя даты: у католікаў з 24 снежня па 6 студзеня і ў праваслаўных вернікаў з 6 па 19 студзеня.
Напярэдадні Калядаў з самай раніцы ў кожнай хаце старанна прыбіраліся, уся сям’я мылася, а пасля пачыналі гатаваць вячэру.
Абавязковай абрадавай ежай была куцця — каша з таўчоных ячменных круп, якая сімвалізавала дабрабыт у будучым годзе.
Рыхтавалі пачастункі і для калядоўшчыкаў — гурта людзей, якія віншавалі гаспадароў са святам.
Вас чакае:
Рэканструкцыя каляднага абыходу;
Лялечны тэатр «Батлейка»;
Ценявы тэатр «Вяртэп»;
Выраб калядных упрыгожванняў;
Варожбы;
Развучванне калядных песень;
Традыцыйныя гульні і танцы.