У рубрыцы «Мама, не журыся» на Budzma. org Лявон Вольскі піша пра наш агульны шлях дадому на Каляды — у месца, дзе вяртаецца «дзіцячае чаканне Цуду і дзе Санта (ён жа — Сьвяты Мікалай) уначы прынясе табе падарунак. Той самы, якога ты чакаў увесь год». Наш шлях зацягнуўся, але мы абавязкова вернемся.
Лявон Вольскі. Фота з асабітсага архіву
Праз выклікі і перашкоды да хэпі-энду «Driving Home For Christmas» — сьпявае Chris Rea ў неўміручым калядным хіце. Ён едзе дахаты на Каляды, на Сьвята Божага нараджэньня, стаіць у заторах, на чырвоных сыгналах сьвятлафораў і не дачакаецца, калі ж нарэшце пабачыць родныя твары і сядзе са сваякамі за сьвяточны стол.
У шмат якіх калядных фільмах апавядаецца пра тое, як галоўны герой празь перашкоды і прыгоды, празь бездарожжа і адмены рэйсаў, праз розныя неспрыяльныя ўмовы дабіраецца перад Калядамі да свайго дому, дзе яго чакае сям’я, каб разам адсьвяткаваць Божае нараджэньне. Урэшце ён пераадольвае ўсе выклікі й перашкоды і апынаецца дома. Happy end.
Дарога да калядных цудаў
Адмітусіліся пакупнікі ў перадкалядных гіпэрмаркетах, палічылі прыбытак стомленыя касіркі. Скінулі свае працоўныя строі аніматары, пераапрануліся ў цывільнае. Скончылі працу калядныя кірмашы. У паветры яшчэ пахне спэцыямі для глінтвайну, і гараць гірлянды на шапіках, але кірмаш адчыніцца наступным разам толькі праз год.
Калядны кірмаш
Адыгралі музыкі свае перадкалядныя канцэрты, склалі ў футаралы гітары й клявішы. Вецер яшчэ даносіць гукі «Jingle Bells», але гэта — з дынаміка перад супэрмаркетам. Усе паехалі дахаты. Да сваіх сем’яў.
Хтосьці едзе зь вялікага гораду, дзе ён працуе, у занесеную сьнегам вёску, нехта перасоўваецца на цягніку з аднаго гораду ў іншы, дзе яго чакае сям’я, камусьці трэба пераадолець на самалёце тысячы кілямэтраў, а нехта плыве на пароме праз мора... Дадому. На Каляды.
Ва ўтульную прастору, дзе ёсьць чым сагрэцца і ёсьць дзе схавацца, дзе блізкія людзі, дзе гучаць калядныя песьні, дзе гараць калядныя сьвечкі, дзе дзіцячае чаканьне Цуду вернецца да цябе, і Санта (ён жа — Сьвяты Мікалай) уначы прынясе табе падарунак. Той самы, якога ты чакаў увесь год.
Таму й едуць дадому ўсе перадсьвяточным вечарам.
Дарога дадому. Малюнак Лявона Вольскага
Усё спраўдзіцца. Самі пабачыце!
Мы таксама вяртаемся дахаты на Сьвята Божага нараджэньня. Так, наш шлях зацягнуўся. У кагосьці на дні, у кагосьці — на гады, у кагосьці — на дзесяцігодзьдзі. Так, неспрыяльныя дарожныя ўмовы, адмены й пераносы рэйсаў, прыродныя катаклізмы, дыктатура, вайна...
Часам здаецца, што ўсё супраць нас, супраць нашага вяртаньня — вядомыя ўсім зладзюгі крадуць у нас Сьвята, забараняюць Сьвятога Мікалая, не даюць сьпяваць калядныя песьні, скрыгочуць зубамі, пагражаюць. Не раўнуючы, у калядным галівудзкім фільме! А калядны галівудзкі фільм заўсёды сканчаецца хэпі-эндам. Так будзе і з гэтым.
Трэба толькі разам прасьпяваць:
«Пад гукі званоў папросім у сілаў нябесных
Наступным годам сустрэць Каляды ў Менску».
І ўсё спраўдзіцца. Самі пабачыце!
Лявон Вольскі, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Забаронены Санта