У пазітыве — сотні альбомаў, сярод якіх можна вылучыць і сапраўды выбітныя. «Фэсты ў Беларусі зараз усе з расейскім лайн-апам і дзясяткамі тысяч гледачоў, кватэрнік беларускага музыкі збірае 15 чалавек», — зазначае арт-менеджэрка і экспертка Беларскай Рады культуры Алёна Варанец.
Падчас выніковага круглага стала, які зладзіла Беларуская Рада культуры з экспертамі ў розных сферах мастацтва, арт-менеджарка і музычная журналістка Алёна Варанец распавяла пра тэндэнцыі года (адна прыемная і дзве не вельмі) і назвала топ-3 артыстаў 2024 года.
Алёна Варанец. Фота: БРК
Выбітныя альбомы 2024 года
Алёна Варанец сярод сёлетніх выбітных альбомаў назвала наступныя:
• «The Ideals» ад гурта Intelligency;
• «Arka» ад гурта Zui;
• міні-альбом «Антыдэпрэсанты» гурта «Мутнаевока»;
• дэбютны альбом «Zara» этна-эмбіент праекта Parus з Беларусі.
«Сапраўды файнай падзеяй стаў альбом «Суперпазіцыя» «Пятлі прыхільнасці», да таго ж, першы беларускамоўны альбом гурта, што стала падзеяй не толькі для музыкі, — зазначыла Алёна Варанец. — Таксама альбомы выдалі гурты «Молчат дома» і Nürnberg, пра якія можна гаварыць асобна. Пра беларускі пост-панк і пра яго поспехі, здаецца, ужо ведаюць усе — гэта ўжо нейкая такая стабільная сітуацыя. Гэтыя два гурты сёлета мелі два еўрапейскія туры, вялікія і з солд-аўтамі, таксама абодва гурты даехалі да Кітая з канцэртамі, што ўвогуле вельмі складана — сабраць аўдыторыю ў Кітаі беларускай музыкай.
Альбом «Суперпазіцыя» «Пятлі прыхільнасці»
Nürnberg даехаў яшчэ і да Лацінскай Амерыкі. І гэты гурт — беларускамоўны, што фактычна разбіла ілюзію пра адсутнасць перспектыў з цалкам незразумелай публіцы мовай».
Крыніца: hinsidespublications.com
Тэндэнцыі, адна прыемная і дзве не вельмі
«Прыемнай» Алёна Варанец называе некалькі калабарацый беларускіх музыкаў з замежнікамі.
«Союз» запісаў (і ўжо не першую) песню з замежнікамі.
Падляшскі дуэт Sw@da і Niczos запісаў песню з ангольскай спявачкай Гіяй і беларускай Анастасіяй Рыдлеўскай.
Sw@da і Niczos
«Верагодна, калі б не сітуацыя з эміграцыяй, мы б не дайшлі да гэтага ў прынцыпе. Бо мы ідзем на кантакт супернеахвотна, але гэтыя абставіны падштурхоўваюць беларускіх музыкаў да таго, каб рабіць нешта сумеснае, нешта больш шырокае, выходзіць на іншую аўдыторыю. Ладзіць сумесныя канцэрты з мясцовымі гуртамі. Пакуль гэтага не вельмі шмат, але выглядае, што гэтага будзе рабіцца больш», — аптымістычна сказала крытык пра сапраўды невялікую колькасць калабарацый на сінгл-два. Пра вялікія праекты беларусаў з замежнікамі — альбомы ці складанкі — сёлета чуваць не было.
Наступная тэндэнцыя «менш прыемная». «У адрозненне ад іншых сфер музыка не мае профільнай арганізацыі і мае вобмаль нейкіх аб’яднаўчых ініцыятыў, — заявіла Алёна Варанец. — Пэўныя памкненні для таго, каб мець прадстаўнічую ролю, былі ў Belarus Outside Sound System. Яны змаглі зладзіць некалькі імпрэзаў, запусцілі тэлеграм-канал, дзе збіраюць магчымасці для беларускіх музыкаў. І на гэтым пакуль усё. Былі нейкія планы, але, наколькі вядома, яны не знайшлі на іх фінансаванне. У выніку беларускія музыкі робяць толькі тое, што ім здаецца правільным, тое, што яны могуць прыдумаць — а гэта рэлізы і канцэрты, канцэрты і рэлізы. І фактычна гэта ўсё. Магчыма, у наступным годзе гэта зменіцца, гэта было б маё самае вялікае пажаданне і чаканне».
У падрабязнасці рэалізацыі даволі спрэчнай ідэі наконт арганізацыі, якая б апекавалася ці кіравала беларускім музычным полем, экспертка БРК не зануралася. Як зразумела, гэта арганізацыя бачыцца ёй «цэнтрам, які мог бы запускаць арганізаваныя актыўнасці, ідэі, акцыі, (бо) усе гады музычны рух робяць цалкам самі музыкі».
Трэцяй і самай непрыемнай тэндэнцыяй Алёна Варанец называе сітуацыю ў Беларусі з канцэртнай дзейнасцю: «З’яўляецца ўсё больш абмежаванняў для канцэртаў. Гэта не новая рэч, яшчэ ў 2022 годзе з’явіўся рэестр арганізатараў, спіс асобаў, якія маюць права праводзіць канцэрты. (...) Гэта зусім не спрыяе музычнаму руху ўнутры. Не хочацца, каб у Беларусі ўспрымалася (ўсё) як выпаленае поле — і гэта так не ёсць. Людзі знаходзяць нейкія шляхі, але ўсё складана».
Экспертка падкрэслівае, што да процьмы расеяарыентаваных фэстаў за год дадалося і новых — «і ўсе яны з расейскім лайн-апам». Так, VivaBraslav-2024 у якасці хэдлайнераў выставіў МакSим, Клаву Коку, Олега Майами і падобных — і сабраў 30 000 чалавек, фэст «Сонцастаянне» ў Пружанах сабраў больш за 20 000 чалавек — там былі «Чиж и Ко», Кіпелаў з колішняй «Арии» і Бабунец са «Смысловых Галлюцинаций», а «кватэрнік у Мінску збірае 15 чалавек».
Топ-3 артыстаў 2024 года ад Алёны Варанец
1. «Пятля прыхільнасці» за беларускамоўны альбом «Суперпазіцыя»
2. «Молчат дома» за іх суперпоспехі і рэкордную колькасць спрэчак
3. «Ралля» — дзявочы дуэт з Беларусі, які здолеў зацікавіць фолкам нават тых, хто не любіць фолк
Рыгор Сапежынскі, budzma.org