Па беларускіх рэсурсах разляцеліся цытаты з аптымістычнага інтэрв’ю брытанскага гісторыка Нормана Дэвіса для Onet.pl пра Расію, якую той назваў «калекай з ядзернай зброяй». Таксама Дэвіс прадказаў бунт у Калініградскай вобласці. Цікава, чаму?
Норман Дэвіс — паважаны брытанскі гісторык з вялізным спісам публікацый па-ангельску і па-польску. Як казалі ў часы Халоднай вайны — «спец па Усходняй Еўропе». Дэвіс на мяжы 1960-1970-х планаваў вучыцца ў Mаскве, але не атрымаў візы. Таму — абраў Кракаў і польскую тэматыку. Магчыма, калі б з вучобы ў Маскве нешта выйшла, то і высновы ў інтэрв’ю былі б іншыя...
Прафесар Норман Дэвіс. Фота: wiadomosci.onet.pl
«На фоне Эйфелевой башни с тобою селфи зае***м»
Вось цытата прафесара:
«На мой погляд, у Калінінградзе адбудзецца бунт супраць Расіі. Мясцовыя жыхары стаміліся ад цяперашняй сітуацыі. Яны знаходзяцца ў асяроддзі краін з нашмат лепшым узроўнем жыцця». (пераклад з польскай тут і далей — «Наша Ніва»)
Але, якія высновы робіць чалавек, што бачыць побач лепшы ўзровень жыцця? Расіянін у перадваенныя часы мог аб’ездзіць увесь свет. Не толькі калінінградзец. Ды не толькі аб’ездзіць. Пажыць, набыць нерухомасць, уладкаваць дзяцей на вучобу. Ці — самому стаць уласнікам, скажам, нямецкага пашпарта.
Для гэтага не трэба было быць Салаўёвым ці менеджарам Газпрама. Гэта не прывілей для абраных, а звыклая рэч: «На фоне Эйфелевой башни с тобою селфи зае***м». Або, возьмем расіян Латвіі. Дык ім наогул не трэба было нікуды ехаць: вакол Еўропа, калі ласка!
А што ў выніку? Калоны аўтамабіляў з Z-сімволікай у Нямеччыне на падтрымку расійскай агрэсіі. Пра расійскамоўную меншасць у Латвіі, Літве, Эстоніі, мабыць, не трэба тлумачыць — там свая атмасфера. Паводзіны расійскіх турыстаў у Іспаніі, Швейцарыі, Францыі даўно сталі анекдотамі.
Прарасійская акцыя ў Гановеры. Фота: dw.com
Прыгожая жыццё і дабрабыт побач, канешне, выклікаюць эмоцыі. Але якія? Зайздрасць, злосць, прагу «рэваншу». Блізкасць цывілізацыі не робіць варвара цывілізаваным. Гэта правакуе жаданне забраць ці знішчыць, калі не можаш вывезці з сабой: «Не достанься же ты никому!»
Адзін зусім немалады чалавек, які заспеў Кёнігсберг у руінах у 45-м, распавядаў, што нормай для савецкага жаўнера быў не толькі рабунак, але і знішчэнне. Абсалютна беспадстаўнае. Дамоў, мэблі, прадметаў побыту. Напрыклад, пусціць аўтаматную чаргу па буфету з посудам у пустой кватэры. Чаму? «Потому что!..» Бо ўнутранае адчуванне сваёй іншасці — нясцерпнае.
«Ложь», «Фейк», «Не все так однозначно»
А вось яшчэ адна цытата прафесара Дэвіса — пра ролю СМІ:
«...Жыхары Калінінграда значна лепш інфармаваныя пра тое, што адбываецца ў свеце, у параўнанні з расіянамі, якія жывуць дзесьці ў глыбінцы Сібіры. У Калінінградзе людзі бачаць, што адбываецца ў суседняй Літве, як жывуць у Польшчы».
Зноў жа, ці гэтая інфармаванасць вырашае? Узгадайце Расію 1990-х ці нават у раннія пуцінскія гады. Не было СМІ, якія пісалі праўду пра Чачню? Былі. Не было гораў інфармацыі пра папярэднія 70 год камунізму? Колькі хочаш. Ніхто не казаў у эфірах пра захоп НТВ і згортванне дэмкратыі?.. Крычалі ж!
Як аказалася, гэта «опіум для нікога». Бо не СМІ вызначаюць хаду думак і спосаб жыцця чалавека. А спосаб жыцця вызначае, якія СМІ ён чытае. Глядзіце, якая штука: кожны дарослы чалавек ужо мае пазіцыю па ключавых пытаннях. А інфармацыйныя патокі мы абіраем штодня толькі для таго, каб яшчэ раз пацвердзіць ужо існую ў галаве карціну свету.
Чытаем не для таго, каб адкрыць Амерыку, а па інэрцыі. Каб накарміць адпаведныя долі мозгу. Інфармацыя — гэта базавы рацыён, з якім ты даўным-даўно звыкся. Вось сітуацыя. Прыходзіш стомлены з працы, а табе замест пяльменяў на талерцы падаюць цыкадаў у кісла-салодкім соусе. Ты будзеш гэта есці?.. Канешне, не. Таму, на любую навіну, якая не ўкладаецца ў тваю карціну свету, можна сказаць: «Фейк», «Не все так однозначно», «Истина посередине». А раніцай — зноў на працу.
«Вдруг, эти фашисты еще чо-нибудь заныкали?..»
Дарожны ўказальнік на Калінінград. Фота: Paulius Peleckis / Getty Images
У Калінінградзе мне пашчасціла пабываць усяго адзін раз. Школьнікам. У сярэдзіне нулявых. Мяне ўразіла атмасфера жыцця на руінах вялікай цывілізацыі.
Кажуць, у некаторых раёнах на Рэйне сваёй новай керамікі не выраблялі ажно да VII-VIII стагоддзяў н.э. Бо — карысталіся старой, рымскай. Вось нешта падобнае і там, у Калінінградзе: дамы, інфраструктура, прадметы побыту — усё ад папярэднікаў, якія «загадкава зніклі».
Ну і вечны пошук па падвалах, на паддашшах, пад падлогай: «Вдруг, эти фашисты еще чо-нибудь заныкали?..» Калі ўсё будзе знойдзена і выкарыстана — можна рухацца далей. Як у пустыні. Ад калодзежа да калодзежа.
Вось гэтага цывілізацыйнага моманту, на маю думку, шаноўны Норман Дэвіс так і не зразумеў. Магчыма таму, што шмат год займаўся ўсё ж польскай, а не расійскай гісторыяй. А гэта — зусім розныя сусветы.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org