У галерэі Міхаіла Савіцкага да 20 лістапада працуе выстава «Нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі».
Дата: па 20 лістапада
Час: ср-ндз з 11.00 да 19.00
Месца: галерэя Міхаіла Савіцкага, пл. Свабоды, 15, Мінск
Тут можна пабачыць самабытныя праявы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, уключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Сёння статус гісторыка-культурнай каштоўнасці маюць 164 элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны: гэта практыкі народных рамёстваў, традыцыйныя абрады і святы, выканальніцкія мастацтвы, традыцыі кухні, вусныя традыцыі, праявы светапогляду і міфалогіі.
З Брэсцкай вобласці на выставе — калекцыя вырабаў з саломкі, калекцыя разьбы па дрэве «шчаповая птушка», калекцыя работ Мікалая Тарасюка ды трошку іншых твораў.
Віцебская вобласць прэзентуе традыцыйнае ткацтва маляваных дываноў Паазер’я, традыцыі карункавага ткацтва Гарадоцкага раёна, тэхналогіі спіральнага пляцення, ткацтва ў тэхніцы аднабаковага перабору, калядную батлейку «Віцебскі жлоб» і інш.
З Гомельскай вобласці — атрыбуты абрадаў «Чырачка», «Каменныя дзевачкі», «Ваджэнне Сулы», «Юр’я», «Ваджэнне і пахаване стралы», «Правады русалкі», а лясное бортніцтва ды традыцыя вырабу прыпяцкага чаўна.
Гарадзенская вобласць прэзентуе традыцыі ткацтва, выцінанкі, саломапляцення, роспісы велікодных яек, вырабу велікодных верб ды інш.
Мінская вобласць прадстаўляе атрыбуты традыцыі «закладнога ткацтва ручнікоў», прадметы, звязаныя з калядным абрадам «Калядныя цары» (касцюмы, фатаграфіі), абрадам «Цягнуць Каляду на дуба», пазнаёміць з традыцыяй выпякання жораўскага хлеба.
Магілёўская вобласць прэзентуе калекцыю саломапляцення, выцінанкі, ганчарства, а таксама драўляных музычных інструментаў.
З Музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі ў экспазіцыі калекцыя беларускага народнага касцюма розных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў.
Завітвайце!