Фільм можна набыць на Blu-ray з 60 старонкавай кнігай, якая змяшчае эсэ ад крытыкаў і гісторыкаў кіно, піша «Наша Ніва».
Фота: shop-deafcrocodile.company.site
Амерыканская студыя Deaf Crocodile у супрацоўніцтве з Seagull Films правялі рэстаўрацыю, як яны сцвярджаюць, рэжысёрскай версіі фільма Валерыя Рубінчыка «Дзікае паляванне караля Стаха».
Рэжысёр Валерый Рубінчык працаваў на «Беларусьфільме» з 1969 па 1990 гады. У гэты час ён зняў такія карціны, як «Магіла льва» (1972), «Апошняе лета дзяцінства» (1974 год), «Вянок санетаў» (1976), «Культпаход у тэатр» (1982). Ён стаў адным з самых значных беларускіх рэжысёраў ХХ стагоддзя.
Фільм па матывах аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча выйшаў на экраны ў 1980 годзе.
Дзеянне карціны разгортваецца ў канцы ХІХ стагоддзі ў невялікім маёнтку Балотныя Яліны на беларускім Палессі, дзе пасяліўся малады навуковец-этнограф Андрэй Беларэцкі, які вывучае народныя паданні. Яму даводзіцца расследаваць жахлівую гісторыю пра караля Стаха, які час ад часу палюе на прадстаўнікоў роду Яноўскіх, да якіх належыць і гаспадыня маёнтка.
У анатацыі да фільма адзначана змяшэнне ў ім жанраў фольк-хорару, звязанага з мясцовымі легендамі і паданнямі, і звышнатуральнай містэрыі.
«Кароль Стах» — гэта меланхалічнае кіно, ад якога душа здранцвее, спалучэнне стылю Тэрэнса Гіліяма, італьянскага гатычнага жаху, фільмаў студыі Hammer 1960-х гадоў і «Плеценага чалавека» — і вялікае адкрыццё для прыхільнікаў жанру».
Фільм можна набыць на Blu-ray з 60 старонкавай кнігай, якая змяшчае эсэ кінакрытыкаў і гісторыкаў кіно. Акрамя гэтага, у камплект уваходзяць аналіз фільма і яго значэння ў кантэксце гатычнага хорару, два аўдыякаментары ад экспертаў-рэстаўратараў. Па QR-кодзе, размешчаным на футаляры з дыскам, можна пазнаёміцца з дадатковымі матэрыяламі пра фільм.