Пра неабходнасць пэўных захадаў у галіне сельскай гаспадаркі сённяшняй Беларусі задумваюцца многія. Арганізацыя працы і пытанне маёмасці, якія дзяржава пакінула амаль без зменаў, — нагода для развагаў пра сённяшні стан рэчаў. Аднак пры разглядзе настолькі важных пытанняў нельга пакідаць без уліку і ўрокі гісторыі.
У красавіку 1557 г. у Вялікім Княстве Літоўскім распачалася маштабная рэформа сельскай гаспадаркі. Яна атрымала назву “валочная памера”. У гэтых словах хавалася яе сутнасць — абмераць зямлю на валокі (так называлася мера плошчы ў 21 гектар). Здавалася, гэта было шараговае тэхнічнае мерапрыемства. Але яно пацягнула за сабой глыбокія пераўтварэнні, якія за некалькі гадоў карэнным чынам змянілі сялянскія будні.
Згодна з “Уставай на валокі”, асноўным дакументам рэформы, старыя надзелы зводзіліся ў адно цэлае, дзе-нідзе адбывалася замена, і такім чынам цераспалосіца ліквідавалася. Уся зямля ацэньвалася па якасці глебы. Найлепшыя землі забірала сабе дзяржава і шляхта пад фальваркі, горшыя адыходзілі да сялян. Як правіла, сялянская гаспадарка атрымлівала палову валокі — ажно 10 гектараў зямлі. Цяпер гэта быў цэльны кавалак — не трэба было ездзіць па розных кутках, каб апрацоўваць мноства драбнюткіх надзелаў. Гаспадарка пачала набываць строгі індывідуальны кшталт, абшчына грала ўсё меншую ролю. Змяніўся нават выгляд вёсак — цяпер па адзін бок вуліцы стаялі сялянскія хаты, а па другі знаходзіліся хлявы, гумно і сам зямельны надзел.
Важным новаўвядзеннем было тое, што валокі рабіліся галоўнай адзінкай для абкладання сялян павіннасцямі. Павіннасці былі разнастайныя і вызначаліся згодна з нормамі, у тым ліку ў залежнасці ад мясцовасці і якасці глебы. Галоўнай з іх была паншчына — сяляне мусілі два дні на тыдзень выходзіць працаваць на панскай зямлі.
Аграрная рэформа ставіла мэтай павелічэнне даходаў дзяржаўнага скарбу і шляхты. Яна заахвочвала развіццё фальваркаў — спецыяльных гаспадарак, скіраваных на выраб збожжа для замежнага рынку. Шмат якія натуральныя даніны замяніліся на чынш — грашовы падатак. Усё гэта спрыяла развіццю ўнутранага гандлю — каб атрымаць грошы, селянін мусіў прадаць частку ўраджаю.
Аграрная рэформа, праведзеная па такім узоры, была перадавой з’явай і мела эфектыўныя вынікі. Цяпер ніхто не аспрэчвае прагрэсіўнасці рэформы для сваіх часоў. Так, вынікам пераўтварэнняў стала запрыгоньванне сялянства, але ці можна было чатыры стагоддзі таму, пры той структуры грамадства, зрабіць інакш? Сялянства з самага пачатку трактавалася як несвабоднае саслоўе, закліканае “служыць на зямлі” і забяспечваць працай на ёй жыццё пана і дзяржавы. Для селяніна каштоўнасцю была не свабода (перамяшчэння, удзелу ва ўладзе, сацыяльныя правы), а стабільнасць жыццёвага ўкладу і наяўнасць “добрага пана”, які не будзе душыць аж занадта павіннасцямі і падаткамі. І сёння мы можам назіраць, як гэтыя ментальныя рысы пранізваюць усё жыццё сучаснага беларускага грамадства. Дарэчы, і сёння, у ХХІ ст., ці шмат можна назваць прыкладаў, каб сяляне зрываліся з наседжаных месцаў (не лічачы перасялення моладзі ў горад)?
Ёсць больш важная праблема, якая прымушае задумацца…
У “валочнай памеры”, як у той палкі, было два канцы. Сапраўды, дарога ў пекла часта выкладзеная найлепшымі намерамі. Неблагая ідэя пераўтварэнняў на сяле, абапертая на рацыяналізацыю падаткаў і інтэнсіфікацыі гаспадарання, хутка падмянілася пагоняй за хуткім узбагачэннем. Спрыяльная кан’юнктура на еўрапейскіх рынках стварала тут шалёныя перспектывы. Замест далейшага развіцця наватарскіх новаўвядзенняў шляхта перайшла да бязлітаснай эксплуатацыі запрыгоненых сялян. Мяшчанам перакрылі кісларод у доступе да гэтых крыніц капіталу — свабодна набываць землеўладанні яны не маглі. Незаўважна для сябе ВКЛ і Польшча (а потым разам як Рэч Паспалітая) зрабіліся сыравінным сельскагаспадарчым прыдаткам для Заходняй Еўропы.
Ніхто, канечне, не мог прадбачыць такога павароту падзей. Эканоміка Рэчы Паспалітай у XVII—XVIII стст. трапіла ў пастку, калі за ўзбагачэннем магнатаў і шляхты не ішло ўзмацненне дзяржавы, не вырасталі новыя сацыяльныя сілы, якія больш адпавядалі патрэбам Новага часу. Зразумела, што не толькі аграрныя праблемы ўплывалі на кшталт развіцця нашай дзяржавы. Аднак наступствы перамен на нашых землях разыходзіліся, на жаль, з першапачатковымі намерамі.
Можна вынесці з гэтай гісторыі важны ўрок: не трэба паддавацца спакусе хуткай выгады. Калі ставіць наперадзе такую мэту, ідэя пераўтварэнняў страчвае сэнс. Інвестыцыі найчасцей не бываюць кароткімі па часе, і імгненныя прыбыткі часта не дазваляюць атрымаць большых у будучыні. Ніхто, канечне, не ведае, куды можа вывесці пакручасты шлях рэформ, якія абставіны на яго паўплываюць і прымусяць ісці не па загадзя спланаваным сцэнары. Але важна не баяцца змен, бо менавіта ў іх хаваецца крыніца прагрэсу.
Андрэй Янушкевіч