У чацвер, 29 жніўня, у галерэі ДК у межах выставы «Краіна Оз» адбудзецца лекцыя Славы Наваслаўскага «Па-вар’яцку таленавіта».
Дата: 29 жніўня
Час: 19.00
Месца: галерэя ДК, вул. Герцэна, 2а, Мінск
У 1922 годзе нямецкі псіхіятр Ганс Прынцхорн публікуе кнігу «Мастацтва псіхічнахворых». Кніга становіцца сенсацыяй.
Упершыню перад публікай паўстаюць абсалютна новыя мастацкія светы, поўныя візіянерскіх міфалогій, пачуццёвасці, драмы і вынаходлівасці.
Андрэ Брэтон назаве манаграфію Прынцхорна «бібліяй сюррэалізму».
Першую тэорыю аб асаблівым мастацтве распрацуе французкі мастак Жан Дзюбуфе. Ён супрацьпаставіць «культурнаму» мастацтву «грубае» ці «сырое» — па-французску «ар-брут».
Антыкультурнае мастацтва, або мастацтва аўтсайдэраў неўзабаве саспее як з’ява і аб’яднае мноства феноменаў мастацтва па-за традыцыйнымі межамі.
Пра тое, як гэтае мастацтва разбурала межы звыклага мастацтва, і даведаецеся.
Нагадаем, выстава «Краіна Оз» аб’ядноўвае працы дарослых людзей, якія пастаянна пражываюць у псіханеўралагічным інтэрнаце. Іх асаблівасць дае ім магчымасць убачыць свет інакш.
Яны не маюць акадэмічнай адукацыі і малююць па загадзе сэрца. Іх творчасць — даследаванне свайго ўнутранага свету, які і ёсць правобраз чагосьці большага, чым мы самі.
Кошт удзелу ў лекцыі — 50 рублёў.