06.12.2019 г. а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава “Заўсёды гатовы, храбрствуючы...”. Мастак і вобраз. Прорысі і абразы XVIII–XIX стст., якая прадстаўляе творы з калекцыі Веткаўскага музея стараверства і народных традыцый імя Ф.Р. Шклярава.
Назву выставе далі радкі з малітвы Ангелу Грознаму, напісанай на абгарэлым аркушы XVII ст. з прорыссю архангела Міхаіла-Ваяводы.
Веткаўскі музей валодае ўнікальнай калекцыяй прорысей – контурных малюнкаў, скапіраваных з іконы-арыгінала. Іх узрост ахоплівае гісторыю самога стараверскага цэнтра ад XVII да XX ст., вядомага як Ветка – Старадуб’е. Самі ж узоры маглі быць і больш старымі. Прорысі рабіліся ў адзін-тры колеры: чорным прамалёўваліся контуры, чырвоным і вохрыстым – прабела, вахрэнне, рухавікі. Затым малюнкі пераводзіліся на ляўкас іконнай дошкі і прадрапваліся іголкай-граф’ёй. Збор малюнкаў у выглядзе кнігі складаў “арыгінал”. Старажытную традыцыю захоўвалі стараверы. З XIX ст. малюнкі сталі збіраць калекцыянеры (напрыклад, “Строгановский лицевой подлинник графа Строганова”, 1869). Мясцовы арыгінал перадаваўся па спадчыне іканапісцамі і ніколі не публікаваўся. Ён, а таксама ўнікальны рукапіс – “Гомельскі тлумачальны іканапісны арыгінал” – прадстаўлены на выставе разам з арыгінальнымі матэрыяламі іканапісу і самімі абразамі веткаўскай школы. Гэта вобразы святых мужоў.
Дзве традыцыі стараверскага іканапісу – веткаўскі папоўскі і паморскі беспапоўскі – паказваюць на розніцу ў дачыненні да шануемага абраза і ў спосабах яго ўвасаблення. Парадокс: самы знакаміты паморскі мастак Гаўрыіл Яфімавіч Фралоў (1854–1930) паходзіць са слабады Міцькоўка Чарнігаўскай губерні, з гэтага самага стараверскага “космасу” Веткі – Старадуб’я. Нездарма іконы майстра ёсць у зборы Веткаўскага музея. Гісторыя дынастыі сям’і Фраловых стала падставай для экспедыцыі музейных супрацоўнікаў у Эстонію.
У 43-й главе “Стоглава” (1551) прапаноўвалася “писать образ по образу и по подобию по существу, смотря на образ древних живописцов, и знаменовати с добрых образцов”. Прорысі ўтрымлівалі нязменны кананізаваны іконаграфічны вобраз. Аднак параўнанне прорысей і ікон веткаўскага і паморскага пісьма ўяўляе творчы працэс знутры: жывапісныя кампазіцыі па-рознаму і істотна развіваюць кананічныя ўзоры.
Ветка, дасягнуўшы росквіту ў XVIII ст., далёка за сваімі межамі славілася майстрамі-іканапісцамі. Яна натхніла на з’яўленне ў будучыні іншых лакальных іканапісных школ “па ўсім стараверскім свеце”, куды мігравалі мясцовыя майстры і перавозілі гатовыя творы сакральнага мастацтва.
Прорысь як частка тэхналагічнага працэсу нараджэння абраза, безумоўна, сімвалічная сама па сабе. Яна дае магчымасць майстру захоўваць тую магутную шматвяковую традыцыю, якая толькі і здольная ўтрымаць і прадставіць вобраз нябачнага духоўнага свету, але такога ж рэальнага, як і фізічны. Прорысь уяўляла паветраны абрыс, контуры, якія ўвасабляліся іканапісцам у плоць фарбавага пласта – і ажыццяўлялася Богаяўленне!
Выстава працуе з 07.12. 2019 г. па 01. 02. 2020 г. (г. Мінск, вул. Леніна, 20).