У суботу, 18 траўня, Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва кліча на бясплатную экскурсію па Васкрасенскай вуліцы з нагоды Ночы музеяў.
Дата: 18 траўня
Час: 15:00 (час мясцовы)
Месца збору: ля Музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, вул. Марка Шагала, 5А, Віцебск
Менавіта тут у 1913 годзе быў пабудаваны шыкоўны асабняк Ізраіля Вішняка — дом, які ўвайшоў у гісторыю як Віцебскае народнае мастацкае вучылішча, як месца працы Марка Шагала і Казіміра Малевіча і месца стварэння славутага УНОВІСа.
Але Васкрасенская вуліца цікава не толькі авангардам, хоць і стала знакамітай дзякуючы яму.
Падчас экскурсіі распавядуць пра раён Заручаўе, дзе склалася вуліца, пра Васкрасенскую царкву, якая дала ёй назву, і пра жыхароў наваколля, суседзяў Ізраіля Вішняка.
А пасля экскурсіі па вуліцы запрашаюць яшчэ і на экскурсію па Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча.
Таксама 18 траўня бясплатна можна наведаць арт-прастору «Талстога, 7» і выставачныя залы на Фрунзэ, 11 і Белабародава, 5.
Удзел ва ўсім вольны!