Дударскі клуб адкрывае сёмы сезон

13.11.2015 Музыка

Легендарныя вечарыны Дударскага клуба — дыскатэкі пад дуды — з 2007 году з маленькай кавярні выраслі да вялікіх клубаў Мінску, і цяпер працягваюцца ўжо сёмы сезон!

12247058_181329082210529_2873198009205705665_n

Народная музыка розных краінаў, танцы розных канфесій і напоі розных гатункаў. Лепшыя музыкі ў галіне традыцыйных інструментаў розных культур, ня толькі дудары. Месца ў цэнтры гораду блізу метро для рэгулярнай сустрэчы з сябрамі, размоваў, танцаў і нязмушанай весялосці.

Як і мінулым сезоне ў полі нашай увагі народнай музыка агулам, ня толькі беларуская. Фармат уключае ня толькі дуды, але і скрыпкі, ліры і іншыя цымбалы, а геаграфічна ахоплівае як мінімум бабульку-Еўропу.

Навінкай сезону будзе тэматычнае чаргаванне вечарынаў: адну сераду акцэнт будзе зроблены на сучасных плынях фолк-музыкі, ад фэнтэзі да року ці электронікі, а наступную — больш “этнаграфічны” фармат з традыцыйнай музыкай ды нават спевамі (пры падтрымцы Студэнцкага этнаграфічнага таварыства). А з нагоды вялікіх святаў вечарыны будуць супольнымі, ага %)

Мы хочам зрабіць такі сабе “фолк-паб” па серадах, дзе будзе камфортна і этнографам, і рэканструктарам-медывальшчыкам, і ралевікам і іншым розным прыўкрасным кельтам і балканцам, каторыя нам не чужыя. Ну і ты заходзь, наш дарагі касмапалітычны юзернэйм ;)

Мы хочам, каб серада была днём, калі харошыя людзі ведаюць, што нешта цікавае ў горадзе адбываецца ва ўсякім разе. Што ёсьць месца, куды можна пайсьці патаньчыць, паслухаць непластмасавую музыку, вырашыць амурныя пытаньні альбо проста сустрэцца з сябрамі за кілішкам гарбаты.

Мы хочам цягам сезону паказаць вам розную народную музыку: ад Захаду Еўропы да Каўказу, ад Скандынавіі да Балкан. І такім чынам паказаць беларускую музыку ў кантэксце сусветнай культуры. У нас грандыёзныя планы і толькі ад вас залежыць, ці яны здзейсняцца.

Мы хочам, каб усе разумелі — мы самі, усе разам, ствараем сабе сьвята сваім удзелам.

Вечарыны адбываюцца штосераду.

Першая вечарына — 18 лістпада. Адкрыццё сезону і традыцыйны дударскі батл — бітва на дудах!

Уваход: 50 тысяч. Квіткі толькі на месцы.

Beer&Wine bar, вул. Кульман, 9 (за Камароўкай, ГЦ “Манетка”). Месца працуе кругласутачна, таму пры наўнасьці жадаючых сьвята можа працягвацца хоць да раніцы. Таксама ёсьць харошая кухня і недарагі бар.
Дзверы адчынены з 18:30.
Пачатак а 19:00.

Правілы вечарынаў

Сацыяльныя сеткі:
https://vk.com/dk_2015_2016

https://www.facebook.com/events/1508533859447216/

ЗЫ Глядзі як прайшоў мінулы сезон: https://vk.com/dk_2015
Ранейшыя сезоны — у альбомах суполкі Дударскі клуб

ЗЫЫ У аздабленні афішы са згоды аўтаркі выкарыстана выцінанка Наталлі Сухой