Васіля Быкава называюць «сумленнем нацыі», але за высокім званнем класіка беларускай літаратуры хаваўся звычайны чалавек з уласнымі захапленнямі і драмамі. Ці ведалі вы, што пісьменнік спрабаваў пісаць вершы, а ў свабодны час любіў «важдацца» з аўтамабілямі? Распавядаем 8 малавядомых фактаў пра жыццё Васіля Быкава, якія дазваляюць зірнуць на беларускага генія з новага ракурсу.

Васіль Быкаў
Дзіцячыя гады будучага пісьменніка прайшлі ва ўмовах нялёгкага даваеннага жыцця, у час калектывізацыі, сталінскіх рэпрэсій і беднага сялянскага жыцця беларускай вёскі. Васіль Быкаў згадваў: «Я не люблю свайго дзяцінства. Галоднае жыццё, калі трэба ісці ў школу, а няма чаго паесці і апрануць... Адзінае, што было радасцю, дык гэта прырода і кнігі».
Час калектывізацыі запомніўся пісьменніку плачам маці і панурасцю бацькі, у якіх спецыяльная брыгада адабрала ўвесь харч і муку на патрэбы «агульнай гаспадаркі»: «Я ніколі не бачыў, каб мама плакала. А тут проста галосіць, бы па нябожчыку. Побач у куце, унурыўшыся, сядзіць бацька. Я падскочыў да маці і пытаюся: «Чаго ты?». А бацька кажа: «Не чапай яе — арганізаваўся калгас». Ну, хай бы арганізоўваўся, але чаму плача маці? Аказваецца, таму, што на золаку прыехала брыгада і выграбла ўсё з кублаў, з мяхоў і засекаў. Во і кармі дзяцей! Дык маці і плача. Бацька маўчыць, што ён можа сказаць? Вось з тае пары і пачалося».

Васіль Быкаў у дзяцінстве
У школу Васіль Быкаў пайшоў у шэсць гадоў, бо хацеў вучыцца. У аўтабіяграфіі пісьменнік піша: «Майн Рыд, Жуль Верн, Джэк Лондан, а таксама Гайдар, Горкі, Талстой — вось уладары маіх тагачасных думак, тыя, хто запаліў у душы агеньчык надзеі і паклікаў да іншага і светлага». Цікава, што пры гэтым Васіль Уладзіміравіч памятаў сябе даволі позна, толькі з пяці гадоў, пра што распавядаў свайму сябру Алесю Адамовічу.
Маленькі Васіль рос кніжнікам, наколькі гэта было магчыма ў тых умовах. Драў кару і здаваў у нарыхтоўчую кантору, каб купіць «Дрыгву» Якуба Коласа, асвойваў куфар з рускай класікай і дарэвалюцыйным маскультам, што застаўся аднакласніку ад дзеда — царскага настаўніка. Бацька будучага пісьменніка, Уладзімір Хведаравіч, прачытаў малому Васілю апавяданне Лынькова «Гой» — і Лынькоў назаўсёды стаў для Быкава літаратурным аўтарытэтам. А яшчэ Васіль Уладзіміравіч любіў паэзію Янкі Купалы, творчасць якога аказала ўплыў на станаўленне мастацкага густу і светапогляду Быкава.

Васіль Быкаў разам з сястрой Валянцінай, стрыечным братам Іллём з сынам, бацькамі Ганнай Рыгораўнай і Уладзімірам Хведаравічам. Вёска Бычкі. Сярэдзіна 1960-х гг. Крыніца: narbel.bsu.by
Быкаў і Шамякін мелі розныя погляды на вайну і савецкую рэчаіснасць, што яскрава адлюстроўвалася ў іх творчасці. З часам гэтая розніца стала толькі больш відавочнай: падчас перабудовы і здабыцця Беларуссю незалежнасці іх шляхі канчаткова разышліся. Быкаў стаў адным з заснавальнікаў БНФ, у той час як Шамякін, застаючыся шчырым беларусам, па сваім светапоглядзе да канца жыцця застаўся савецкім чалавекам. Але напачатку творчага шляху Быкава Іван Шамякін дапамог Васілю Уладзіміравічу апублікаваць у «Полымі» аповесць «Сотнікаў», а пасля і перабрацца з Гродна ў Мінск. Вось што згадвае сам Шамякін:
«Я двойчы падтрымаў яго. Першы раз на рэдкалегіі «Полымя» пры абмеркаваньні «Сотнікава». Галоўны рэдактар страхаваўся... Я — за «Сотнікава». [Рэдактара] гэта супакоіла: першы сакратар СП — за, няхай адказвае. Другі выпадак больш сур’ёзны. Быкаў прыйшоў да мяне (...): «Хачу пераехаць з Горадні ў Менск. Як з кватэрай? (...)» Ці ня ў той жа дзень я наведаў (...) Аляксандра Кузьміна (...) Сакратар ЦК зрэагаваў адмоўна: «А на храна табе Быкаў тут? Няхай сядзіць у Гродні» (...). Выкарыстаўшы выпадак, я [разам з Макаёнкам] сказаў просьбу пераехаць [Пятру Машэраву]: «А трэба?». Андрэй умеў знаходзіць пераканаўчыя аргумэнты: «Не паселім мы — забярэ Масква. Твардоўскі кватэру выб’е. І будзе адным дысыдэнтам больш...» «Вы маеце рацыю», — і званок Кузьміну.

Васіль Быкаў у кампаніі Івана Шамякіна. Крыніца: archives.gov.by
Сведчаннем прыязнасці двух пісьменнікаў з’яўляюцца і некаторыя лісты Быкава да Шамякіна, у якіх першы выказвае павагу свайму калегу па пяру, як, напрыклад, ліст ад 8 верасня 1970 года:
Шаноўны Іван Пятровіч!
Дзякуй Вам сардэчнае за памяць і за кнігу, якую я доўга круціў у руках, разглядваў з усіх бакоў — выдадзена выдатна. Шкада аж, што прачытаў раман у часопісе і таму пазбаўлены асалоды пазнаёміцца з ім у такім цудоўным афармленні....
Яшчэ раз дзякуй.
Ліст Быкава да Шамякіна ад 8 верасня 1970 года. Крыніца: archives.gov.by
Быкаў быў аўтааматарам, меў спачатку «Жыгулі», потым «Волгу» і любіў рамантаваць аўтамабілі — прычым прапаноўваў гэта і сябрам.
«Позна ўзяўся за руль, затое вучыў машыну, як ніхто з тых, што іх мелі з дзяцінства», — з прыхаваным гонарам пісаў пра сябе пісьменнік. Што праўда, машыны ў СССР набываліся з дзікімі праблемамі, нават калі грошы былі.
Каб купіць свае першыя «Жыгулі», Быкаву прыйшлося хадайнічаць перад аблвыканкамам і доўга чакаць чаргі. Пасля ў яго з’явілася «Волга», на якой Быкаў з Рыгорам Барадуліным і жонкай Ірынай Міхайлаўнай ледзь не разбіліся пад Ашмянамі, па дарозе на літоўскі курорт Ніда на Балтыйскім моры: пісьменнік у тумане не заўважыў машыну справа. Сутыкнення ўдалося пазбегнуць дзякуючы рэакцыі другога кіроўцы.
А ў Мінску праз некалькі гадоў, ізноў не прапусціўшы, Быкаў сутыкнуўся з самазвалам, які «дужа ўлупіў у правы борт». Раз машыну, якую Быкаў не паставіў на ручнік, уратавала жонка: дагнала аўто, што ўжо кацілася з горкі ў рэчку, заскочыла ды націснула на тормаз.

Быкаў на прыродзе побач з сваім аўто. Крыніца: archives.gov.by
З успамінаў малодшай сястры Васіля Уладзіміравіча Валянціны Быкавай вядома, што ў школьныя гады яна бачыла цэлы сшытак братавых вершаў і нават патаемна з ім азнаёмілася. Школьнік Васіль Быкаў нават пасылаў свае творы ў газету «Чырвоная змена», але нешта не пайшло, і ён хутка кінуў паэзію. Лёс таго сшытка застаецца невядомым, хоць адзін «хітразачасаны» публічна засведчыў, што нібыта рос на вершах Быкава.
Спрабаваў пісаць вершы Васіль Уладзіміравіч і ў дарослым узросце, аднак прычыны называць сябе паэтам творца не меў ніколі. Вядома некалькі вершаў Быкава, два з якіх — проста паэтычныя святочныя пасланні.
Напрыклад, аднойчы Васіль Уладзіміравіч напісаў калядны верш, адрасаваны Уладзіміру Караткевічу, Нілу Гілевічу і Рыгору Барадуліну.
Таксама быў напісаны паэтычны твор на смерць Аляксандра Твардоўскага, які паспрыяў папулярызацыі творчасці Быкава, бо друкаваў ягоныя творы на старонках часопіса «Новы мир», дзе быў галоўным рэдактарам.

Удзельнікі ўрачыстага вечара з нагоды 50-годдзя Уладзіміра Караткевіча, сярод якіх і Васіль Быкаў. Крыніца: archives.gov.by
На пытанне, ці захапляўся ён калі-небудзь паэзіяй, Быкаў адказваў наступным чынам: «Не, паэзіяй я не захапляўся. Я люблю кароткія празаічныя рэчы. Для мяне ідэальны верш — тры страфы. Вось чаму, напрыклад, я лічу, што ідэальны гімн для Беларусі — «Магутны Божа» на словы Наталлі Арсенневай. Доўгія рэчы я не люблю. Выключэнне, хіба, толькі «Новая зямля» Якуба Коласа, хоць яе прыцягальнасць, можа быць, не столькі ад паэзіі, колькі ад іншага чагось...»
Аповесць Васіля Быкава «Мёртвым не баліць» пабачыла свет у 1965 годзе, і ў тагачаснай Чэхаславакіі яна была імгненна перакладзена. Прычым асобнай кнігай аповесць па-чэшску выйшла раней, чым у Беларусі. Гэты пераклад стаў прарочым і дужа актуальным да будучых падзей, бо праз два гады адбудзецца «Пражская вясна», якую раздавяць гусеніцы савецкіх танкаў. Мясцовая крытыка ацаніла аповесць высока, назваўшы яе «экзістэнцыйным жахам».
Звычайна быкаўскія творы выходзілі ў перакладах з рускай мовы, але перакладаліся і наўпрост з беларускай, у тым ліку сябрам Уладзіміра Караткевіча, прафесарам Вацлавам Шыдліцкім. Кніга літаратуразнаўцы і перакладчыка Шыдліцкага з аўтографам Васіля Быкава знаходзіцца ў пражскай Славянскай бібліятэцы. Дарэчы, сам чэшскі знаўца беларускага генія, прыгадваючы вучобу Быкава ў Віцебскай мастацкай вучэльні, назваў яго «партрэтыстам з рэмбрантаўскім пачуццём унутранай драмы характару, з разуменнем дынамікі індывідуальнага выяўлення, а не стваральнікам іканаграфічнай застыласці».

Кніга з аўтографам Васіля Быкава Вацлаву Шыдліцкаму. Фота аўтара
З 1997 года пісьменнік жыў за межамі Беларусі. Спачатку па запрашэнні ПЭН-цэнтра Фінляндыі жыў у наваколлі Хельсінкі, потым у Германіі, а пасля — у Чэхіі. Вярнуўся на Радзіму толькі за месяц да смерці. Калі Быкаў памёр, яго пахавалі ў Мінску. На магіле ўсталяваны валун, прывезены з Фінляндыі. Знаходзячыся ў гэтай краіне, пісьменнік часта любіў сядзець на гэтым камені і разважаць.
З кнігі зацемак Уладзіміра Някляева «Знакі прыпынку»:
«— Мы яшчэ пасядзім, Васіль Уладзіміравіч, на вашым любімым камяні ў Вуаасары...
— Не пасядзім, Валодзя... А вось калі б неяк той камень сюды прыкаціўся...
Я прыгадаў, як ён шчаслівіўся, згадваючы паўтара года жыцця ў Фінляндыі, і зразумеў, пра што ён сказаў. Пасля (ужо пасля пахавання) жонка Ірына Міхайлаўна нагадала мне (яна была тады ў шпітальнай палаце) нашу размову. Тое самае пра фінскі камень Быкаў сказаў і ёй».
Камень на магіле Васіля Быкава. Крыніца: wikipedia.org
А. К., Budzma.org