З 2020 года вялікая колькасць беларусаў знаходзіцца ў працяглым стрэсе. Перажываюць не толькі за ўласную будучыню, сваякоў, сяброў, але і за народ, краіну. Шмат хто не ў стане цалкам абстрагавацца ад сітуацый, на якія немагчыма паўплываць. У небясспрэчных развагах пра беларускі крызіс аўтар Budzma.org прапануе «крыніцай пазітыву супрацьпастаўленне калектыўных і глабальных працэсаў памкненням апаратчыкаў цягнуць за сабою баласт з мінулага».
Фота: Shutterstock
Псіхолагі раяць для захавання нармальнага маральнага стану найлепш засяродзіцца выключна на асабістым жыцці, дробязях. Напэўна, на кароткай дыстанцыі такая тактыка цалкам мае права на існаванне, але не на працяглых адрэзках. Бо ў такім выпадку гэткія практыкі хутчэй нагадваюць спробу схавацца ад выклікаў. Нават на індывідуальным узроўні. Што ўжо казаць пра соцыум, вялікія чалавечыя масы. Для якіх адсутнасць калектыўнай рэфлексіі, «замарозка» мыслення звычайна выклікае паступовую дэградацыю. А схаваныя канфлікты з часам пераўтвараюцца ў грамадскія гарачыя супрацьстаянні, халодныя войны трансфармуюцца ў яшчэ больш маштабныя.
Такім чынам, пошук часовага пазітыву, які, калі шчыра, прасцей назваць пабегам ад негатыву, можа эвалюцыянаваць да масавага псіхозу. Прызнакі яго ўжо зараз можна назіраць у беларускім грамадстве. Пакуль што ён ціхі, прыхаваны.
Што больш за ўсё палохае — большасць не заўважае зменаў нават у сабе, не кажучы ўжо пра трансфармацыю калектыўнай свядомасці.
Верагодна, ніводзін спецыяліст не ў стане падлічыць ступень уплыву прапаганды на сённяшні стан грамадства і індывідаў. Але відавочна, што менавіта да такіх эфектаў прапагандысты і іхнія кіраўнікі ў пэўнай ступені і імкнуліся — атамізацыі, паняверкі, роспачы на мяжы псіхіятрыі.
Не кожны чалавек у стане эфектыўна ацаніць працэсы ва ўласнай псіхіцы, у сітуацыі прэсінгу інфаполя, атачэння, грамадства. Тым больш, цяжка ацаніць «калектыўную свядомасць», на якую з розных бакоў штодзень абрынаецца неверагодная колькасць негатыўных наратываў.
Фота: letemps.ch
Страчаныя пункты апоры
Сітуацыя, якая склалася ў грамадстве, здавалася б простая, але ў той жа час не для ўсіх зразумелая. У тым ліку для некаторых псіхолагаў, што раяць увесь час хавацца ад знешніх раздражняльнікаў за шырмаю дробных справаў і сваім маленькім «індывідуальным шчасцем».
На жаль, шмат спецыялістаў не ўлічваюць альбо не маюць досведу сутыкнення з маштабнымі зменамі, сацыяльнымі і нацыянальнымі катаклізмамі, якія адбываюцца ў нашым рэгіёне ў апошнія гады.
У такім становішчы вялікія масы людзей страчваюць пункты апоры ў соцыуме — глабальныя ўстаноўкі, якія фарміраваліся ў розуме ад моманту ўсведамлення чалавекам ролі ў грамадстве і ступені ўплыву соцыуму на асабістае жыццё.
Такіх пунктаў можа быць шмат. Асабліва ў сённяшні інфармацыйны час. Але варта разгледзець адзін з падставовых, уласцівых большасці людзей. А менавіта — будучая перспектыва.
Гэта вельмі складаны канструкт, індывідуальны для кожнага, але з рысамі, агульнымі для сацыяльных групаў, у некаторых выпадках і нацыяў. У пэўнай ступені, яго можна будаваць праз контрпрапаганду дэструктыўным уплывам з боку маскоўскіх і мінскіх СМІ. Для такой працы неабходны набор ідэалагемаў, ідэяў. Нараджаюцца яны падчас складаных інтэлектуальных пошукаў, у выніку якіх ствараецца ідэалогія. Але спроба зірнуць на гэты аспект будзе зроблена ў наступным артыкуле.
Пакуль жа засяродзімся на фармаце індывідуальных перажыванняў на прыкладзе беларусаў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Умоўнай сацыяльнай групы, якая мела прыблізна аднолькавую, хаця і вельмі цьмяную карціну будучыні краіны яшчэ да падзеяў 2020 года.
Цяжка ўявіць, якую роспач адчула большасць «прадстаўнікоў» гэтай групы, калі ўяўленні аб працэсах паступовай трансфармацыі рэжыму, уцягненне сістэмы ў еўрапейскія працэсы і паэтапныя сацыяльныя і культурніцкія рэформы былі распляжаныя гукавымі гранатамі, гумавымі кулямі, змытыя газам за некалькі месяцаў вулічных супрацьстаянняў у 2020-м.
Яшчэ больш значныя ўдары былі нанесеныя па ўяўленняхпра будучыню ў 2022-м ракетамі з маршрутам Асіповічы — Кіеў.
Нічога дзіўнага, што вялікая колькасць актыўных беларусаў апынулася ў яме псіхалагічнага негатыву, фрустрацыі, апатыі. А ў спробах пошуку пазітыву такія людзі траплялі ў інфармацыйныя пасткі з абяцаннямі хуткага вызвалення Беларусі дабраахвотнікамі ці войскамі НАТА. Такі нявызначаны аптымізм (стан псіхікі, які базуецца на неабгрунтаваных спадзяваннях) можа быць яшчэ больш небяспечным за песімістычны настрой.
Пазітыў на кожным кроку
За чатыры мінулых гады ілюзія, якая была пабудаваная ў свядомасці вялікай колькасці грамадзянаў, канчаткава была разбураная.
Маскі скінутыя. І сёння відавочна, што кіроўны апарат у спробах змагання за зразумелую толькі яму постімперскую версію гісторыі гатовы на любыя крокі. Усведамленне гэтай сітуацыі дазваляе ацаніць будучае становішча калектыўнай псіхікі як суцэльны і працяглы стрэс.
З аднаго боку, такі стан цягам некалькіх год можа выклікаць канчатковае разбурэнне грамадства. Але, з іншага, спрычыніцца да суперкампенсацыі — мабілізацыі. Што вельмі неабходна для беларусаў. Якія ў большасці жылі і працягваюць жыць у палоне хімераў «вечных ахвяраў», пабудаваных не толькі за савецкім часам, але яшчэ класікамі нашай літаратуры ў пазамінулым стагоддзі.
Дзе ж у такім стане нам шукаць падставы для аптымізму?
Крыніцай пазітыву мае стаць супрацьпастаўленне калектыўных і глабальных працэсаў памкненням апаратчыкаў цягнуць за сабою баласт з мінулага. Бо карціны будучыні яны не маюць і нават не спрабуюць яе ўявіць.
Прыблізна, у каштоўнасным сэнсе сітуацыя нагадвае маральна-псіхалагічнае становішча ў СССР 1980-х. Калі старыя партфункцыянеры танулі ў раскошы, жывучы мінулай «славай», цалкам забыўшыся на казкі аб «светлай камуністычнай будучыні», а маладыя рамантыкі марылі пра заходні дабрабыт, збіраючы грошы на новыя джынсы.
Фота: histrf.ru
Сёння кіроўны клас з усімі сваімі прыхільнікамі можна атаясаміць з тымі самымі функцыянерамі, цалкам адарванымі ад рэчаіснасці, з нянавісцю да ўсіх суседніх народаў. З сістэмай, якая даўно не асацыюецца са стабільнай будучыняй, але хутчэй з балотам.
Сваімі ж рукамі і рэшткамі розуму апаратчыкі капаюць магілу сабе і ўсім тым уяўленням і гістарычным наратывам, якія прыхоўваюць сваю няздатнасць да мыслення катэгорыямі будучыні.
Якая імкліва наступае і патрабуе свабоднай волі.
Глабальны свет змяніўся, былыя часы ўжо не вернуцца, а новыя патрабуюць цалкам адрозных ад мінулых фарматаў дзеянняў і псіхалагічных апораў для грамадстваў.
Яны базуюцца на волі новага парадку — гатовай да выклікаў, не без агрэсіўных элементаў, здатнай трансфармаваць сацыяльнае асяроддзе згодна са зменлівай абстаноўкай.
Ці здатныя спарахнелыя апаратчыкі да такога, са сваімі апеляцыямі да хлуслівых уяўленняў, прыстасаванства? Наўрад ці.
Ці мела б шанец і перспектыву нават самая актыўная частка беларускага грамадства на будучыню ў новым свеце? Без змяненняў парадыгмы існавання ў балоце ілюзіяў, звязаных з «чаканнем пераменаў», «паступовымі трансфармацыямі»? Напэўна — не.
Фота: iai.tv
Галоўнай крыніцай для пазітыўнага погляду на будучыню ў такіх абставінах ёсць усведамленне пачатку новай эпохі. З яе цяжкасцямі, войнамі, выклікамі.
Нават без «перагортвання старонкі» зразумела, што адзіным спадзевам сёння ёсць якасны рост грамадства, грамадзянскай супольнасці. Менавіта той часткі, якая загартуецца і пройдзе праз перашкоды. Бо як і ў біялогіі, імунітэт выпрацоўваецца толькі пасля перамогі арганізма над хваробаю. А прагрэс моцы і вытрываласці ёсць адказам на стрэс, выкліканы трэніроўкамі ці ў выніку вымушаных нагрузак.
Зразумела, што ў палоне постімперскага ментальнага балота застанецца вялікая колькасць жыхароў сённяшняй Беларусі. Цалкам адасобленыя каштоўнасна ад уласцівых нашаму рэгіёну Еўропы працэсаў, валодаючы толькі дзвюма мовамі — рускай і «рускай мацернай», яны сыдуць у нябыт без надзеі на рэфлексіўнае мысленне. Існуючы ў багне наратываў кшталту «можам паўтарыць», без адзінага шанцу гуртавацца на падставе нацыянальных каштоўнасцяў.
Але і без бурлівых падзеяў апошніх год гэтых насельнікаў балота чакаў прыблізна такі ж лёс. Бо яны і не маюць намераў шукаць і знаходзіць крыніцы пазітыву. Якія ўсё відавочней праглядаюцца праз постімперскі змрок.
А.Г., для budzma.org