Калі душа прагне падарожжа, а вольнага часу ўсяго пару дзён, то прапануем вам цікавы маршрут, які пралягае праз Івянец, Рубяжэвічы, Суботнікі і Іўе. Дастаткова скіраваць аўто на захад ад Мінска, дзе на вас чакаюць мястэчкі з магутнай гісторыяй, таямніцы і архітэктура, ад якой захапляе подых.

Івянец. Выгляд на мястэчка з боку ракі Волма. Фота: vedaj.by
З Мінска гарадзенскай трасай кіруемся на Івянец, які славіцца сваімі касцёламі і керамікай.
Івянец часта называюць «горадам майстроў». Калісьці мясцовая кераміка разыходзілася па ўсёй Еўропе, а сёння мястэчка вабіць турыстаў сваімі велічнымі храмамі і атмасферай спакою.
Івянец — колішняя сталіца графства на гістарычнай Міншчыне, якому ўпершыню ў краіне распрацавалі зямельную сімволіку.
Тутэйшы «Белы» касцёл (Касцёл Святога Міхала Арханёла) XVIII стагоддзя — сапраўдны шэдэўр віленскага барока. Беласнежны храм з дзвюма высокімі вежамі выглядае вельмі лёгкім і велічным.
Касцёл Міхала Арханёла. Фота: bel.wikipedia.org
Побач знаходзіцца дзейны кляштар францішканцаў. Івянецкі «Белы» касцёл лічыцца адным з самых фотагенічных у Беларусі. Знаходзіцца ў цэнтры мястэчка, на рагу гістарычных Віленскай і Закляштарнай вуліцаў, на правым беразе ракі Волмы.

Інтэр’ер храма. Выява: bel.wikipedia.org
«Чырвоны» касцёл (Касцёл Святога Аляксея) быў пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя ў неагатычным стылі. Чырвоная цэгла, вострыя шпілі і ціхае наваколле робяць яго выдатным месцам для фотасесій.
Касцёл Святога Аляксея. Фота: bel.wikipedia.org
Варта зазірнуць у музей традыцыйнай культуры. Тут можна не толькі паглядзець на знакамітую івянецкую кераміку, але і патрапіць на майстар-клас. Гэта сэрца рамеснага жыцця мястэчка. Вы можаце прывезці дадому ўнікальны гліняны выраб, зроблены паводле старажытных тэхналогій.
У Івянцы захаваліся фрагменты гаспадарчых пабудоваў і сядзібнага дому Плявакаў, якія дазваляюць убачыць побыт дробнай шляхты і колішняй мясцовай інтэлігенцыі. У будынку былой стайні, працуе філія Івянецкага музея традыцыйнай культуры.
Рэшткі сядзібы Плявакаў. Фота: vedaj.by.
У нашыя дні Івянец славіцца сваёй цукеркавай фабрыкай. Яшчэ з часоў тутэйшай цукеркавай фабрыкі «Іўкон» (збанкрутавала ў 2019 г.) у Івянцы з’явілася традыцыя правядзення цукеркавага фэсту, дзе можна было пакаштаваць і набыць мясцовыя цукеркі, перадусім знакамітую «Кароўку».
Пасля Івянца раім скіравацца ў Рубяжэвічы, дзе месціцца адзін з самых незвычайных касцёлаў Беларусі. Назва даўняга мястэчка ў Стаўбцоўскім раёне гаворыць сама за сябе: на працягу гісторыі паселішча неаднаразова аказвалася памежнай тэрыторыяй, якая часта змяняла сваю дзяржаўную прыналежнасць (межы паміж ВКЛ, Рэччу Паспалітай, CCCР і Польшчай).
Рубяжэвічы з вышыні. Фота: planetabelarus.by
Тутэйшы касцёл Святога Язэпа выглядае так, нібыта яго перанеслі сюды з цэнтра буйнога еўрапейскага горада — суровая, магутная неаготыка з часанага каменю. З касцёлам павязаная галоўная легенда Рубяжэвічаў. Мясцовы жыхар Антоній Тур марыў пабудаваць касцёл у сваім мястэчку, але царскія ўлады пасля паўстанняў XIX стагоддзя катэгарычна забаранялі будаўніцтва каталіцкіх храмаў.
Антоній Тур тройчы хадзіў пешшу (!) да цара Мікалая II, каб атрымаць дазвол. Кажуць, што ён паставіў на полі велізарны камень з надпісам: «Тут будзе пабудаваны каталіцкі касцёл». За гэта яго нават адпраўлялі ў высылку, але ён не здаўся. Калі ў 1905 годзе выйшаў указ аб верацярпімасці, дазвол нарэшце быў атрыманы. Не менш за касцёл уражвае масіўная каменная брама, якая глядзіцца велічна і строга.
Касцёл узвялі ўсяго за 4 гады (1906–1910). Гэта быў народны праект: людзі самі вазілі камяні, часалі іх і ахвяравалі апошнія грошы. Касцёл выглядае вельмі манументальна дзякуючы выкарыстанню часанага прыроднага каменю (валуноў). Гэта робіць яго падобным да сярэднявечнага замка. Дзве вежы вышынёй 45 метраў відаць за шмат кіламетраў ад мястэчка. Фасад аздоблены нішамі, вокнамі-ружамі і пілястрамі. Камень спалучаецца з чырвонай цэглай, што стварае вельмі стылёвы кантраст.
У Рубяжэвічах з 1875 года месціцца аптэка лекавых зёлак, якая славіцца на ўсю краіну. Да сённяшняга дня там рыхтуюць зборы паводле ўнікальных рэцэптаў.

Будынак фітааптэкі. Фота: myplaces.by
У мястэчку ёсць цікавая прыродна-філасофская лакацыя — парк камянёў, дзе кожны валун мае сваю сімволіку. 46 валуноў — менавіта столькі камянёў усталявана ў скверы. На кожным камені высечана назва вёскі, якая калісьці належала да мясцовай парафіі. Камяні размешчаны ў выглядзе разбежных прамянёў, што сімвалізуе дарогі, якія вядуць да храма. Камяні для будаўніцтва касцёла і агароджы прывозілі мясцовыя жыхары на конях.
Валуны каля касцёла. Фота: vedaj.by
Гэта быў акт народнай еднасці: кожны лічыў сваім абавязкам прывезці самы вялікі і прыгожы валун са свайго палетка.
Наступны пункт — Суботнікі. Мясцовыя легенды кажуць, што назва Суботнікаў паходзіць ад слова «субота» ці дакладней суботніх кірмашоў, якія тут ладзіліся. Таксама існуе версія паходжання назвы ад прозвішча Субатовіч.
Мястэчка фундавалі прадстаўнікі славутага роду Умястоўскіх. Яны вельмі любілі Італію, таму касцёл выглядае надзвычай вытанчана, і нагадвае рысамі італьянскія храмы. Уладзіслаў Умястоўскі быў праўдзівым мецэнатам. Ён не проста будаваў — ён інвеставаў у адукацыю мясцовых жыхароў і развіццё сельскай гаспадаркі.
Унутры касцёла захаваліся ўнікальныя мазаікі, якія былі рэдкасцю для вясковых храмаў таго часу. Эфекту дадае мясцовы ландшафт, які зліваецца з тутэйшай неаготыкай.
Падземная крыпта Умястоўскіх — гэта адна з самых уражлівых частак храма. Пад касцёлам знаходзіцца радавая пахавальня, якая ў сваім аздабленні магла б канкурыраваць з крыптамі ў Нясвіжы.
Сцены крыпты выкладзены венецыянскай мазаікай і мармурам — што адлюстроўвае заможнасць і ўплывовасць роду. Умястоўскія хацелі ператварыць Суботнікі (і суседні Жамыслаўль) у сапраўдны культурны цэнтр.
Суботнікі варта наведваць разам з Жамыслаўлем, які знаходзіцца зусім побач. Пра Жамыслаўль мы ўжо рабілі асобны артыкул, дзе параўноўвалі тамтэйшы палац з варшаўскім.
Варта згадаць, што Суботнікі былі «духоўным» цэнтрам маёнтка, а Жамыслаўль — «свецкім».
Фінальны пункт нашага падарожжа — Іўе. Горад, які называюць самым талерантным у краіне.
Іўе. Фота: vedaj.by
Гісторыя Іўя — гэта ўнікальны досвед суіснавання розных рэлігій. У самым цэнтры горада стаіць помнік у гонар чатырох канфесій. Ён уяўляе сабой чатыры стэлы, кожная з якіх звернутая ў бок свайго храма: праваслаўнага, каталіцкага, мусульманскага і юдэйскага.
Помнік 4 рэлігій. Фота: vedaj.by
Помнік — добрая метафара талерантнасці. Людзі розных веравызнанняў стагоддзямі жылі тут разам, хадзілі на адзін кірмаш і баранілі свой горад.
Іўе лічыцца неафіцыйнай сталіцай беларускіх татараў.
Татарскі цвінтар у Іўі. Фота: bel.wikipedia.org
Тут знаходзіцца адна з найстарэйшых і найпрыгажэйшых драўляных мячэцяў Беларусі (1884 год).
Мячэць у Іўі. Фота: bel.wikipedia.org
Пабудову мячэці фундавала Эльфрыда Замойская, тагачасная ўладальніца мястэчка. На грошы татараў-эмігрантаў, якія прыслалі ў 1922 г. з ЗША 500 долараў, былі дабудаваны мінарэт і галерэя.
Мячэць не закрывалася нават за савецкім часам!
Яшчэ адным цікавым фактам ёсць тое, што ў XVI стагоддзі Іўе было цэнтрам арыянства (радыкальнай плыні Рэфармацыі). Тут дзейнічала арыянская школа, дзе выкладалі на ўзроўні еўрапейскіх універсітэтаў. Сярод выпускнікоў і выкладчыкаў былі знакамітыя інтэлектуалы таго часу (напрыклад, Ян Ліцыній Намыслоўскі).
Ну, а што можа звязаць Іўе з бразільскай сталіцай? Каля касцёла Святых Пятра і Паўла стаіць статуя Хрыста, якая вельмі нагадвае знакамітую фігуру ў Рыа-дэ-Жанэйра.
Скульптура Хрыста ў Іўі. Фота: vedaj.by
Сам касцёл і кляштар бэрнардынцаў — гэта ўзоры «віленскага барока» з вельмі багатай гісторыяй, якая пачынаецца яшчэ з XV стагоддзя.
Касцёл Пятра і Паўла. Фота: bel.wikipedia.org
Да Другой сусветнай вайны большую палову насельніцтва Іўя складалі габрэі. Захаваліся будынкі сінагог (цяпер там культурныя ўстановы) і старыя жылыя камяніцы. На жаль, большасць тутэйшых габрэяў загінулі за часамі Халакосту ў мясцовым гета.
Будынак колішняй сінагогі, пач. ХХ ст. Фота: bel.wikipedia.org
Мясцовай цікавінкай Іўя ёсць штогадовае свята «Іўеўскі памідор», якое спалучае старажытныя традыцыі гародніцтва з сучаснасцю ў выглядзе яскравага фэсту.
Ю. К., Budzma.org
______________________________________________________________________
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.